«Натхненне – у самім жыцці» чэрпае 9-класніца з Луніна Марына ІЛЬЮЧЫК
Культура

«Натхненне – у самім жыцці» чэрпае 9-класніца з Луніна Марына ІЛЬЮЧЫК

Якая яна, душа мастака? Хтосьці скажа – ранімая,  нехта дадасць – глыбокая. Летуценная – падумае іншы. І будуць мець рацыю ўсе. У мастака душа – шматгранная. Гэтыя людзі бачаць свет па-свойму, скрозь прызму фарбаў. Як 9-класніца Лунінскай СШ Марына ІЛЬЮЧЫК, талент якой пацверджаны перамогамі на шматлікіх конкурсах і выставах.

Маляваць дзяўчына пачала з дзяцінства, як толькі навучылася трымаць у руках аловак. З таго часу, успамінюць бацькі Сяргей Аляксандравіч і Людміла Уладзі-міраўна, яны не паспявалі купляць спецыяльныя прылады. Захапленне Марыны заўважыла ў пачатковых класах настаўніца малявання Ніна Багданец і ўжо ў 4-ым дзяўчынка прыняла ўдзел у раённай алімпіядзе, дзе заняла другое месца, а праз год стала першай.

Нягледзячы на тое, што ўрокі малявання закончыліся яшчэ ў 5 класе, Марына працягнула займацца любімай справай. Сёння яна наведвае школьны гурток “Рознакаляровая вясёлка”. Здольную вучаніцу пад-трымлівае настаўніца, каб захаваць самае галоўнае – стыль. Самой Марыне больш даспадобы творчасць мастака-пейзажыста Івана Шышкіна. Яна захапляецца яго шэдэўрамі і можа доўга  іх вывучаць. Ведае, што карціны творцы экспануюцца ў многіх музеях свету, куды б хацела трапіць і дзяўчына. Асабліва ў Трэцякоў-скую галерэю, каб на свае вочы пабачыць работы куміра.

У малюнках дзяўчына таксама перавагу аддае пейзажам. З-пад пэндзля юнай мастачкі нараджаецца авеяны рамантыкай свет – ціхія світанкі, захад сонца, імклівы вадаспад. Дарэчы, у яе папцы работ не надта шмат: штосьці засталося ў школе, іншыя – на конкурсах. Акрамя ўсіх магчымых раённых, Марына Ільючык – удзельніца многіх абласных творчых спаборніцтваў. Сёлета скарбонку дасягненняў маладой мастачкі папоўніў Дыплом II ступені ў 47 абласной выставе “Вясёлкавы калейдаскоп”. 

Наконт будучай прафесіі старшакласніца пакуль разважае. Вельмі падабаецца матэматыка, але развітвацца з алоўкамі і фарбамі не збіраецца, хаця разумее, што, магчыма, захапленне ў студэнцкія гады можа стаць проста хобі.

“Малюнак – гэта мая магчымасць выказацца. Іншы раз на паперы фарбамі магу перадаць усё тое, што ў душы, – адзначае дзяўчына. – І куды ж без натхнення”. Яго Марына чэрпае адусюль: з кропляў расы, што зіхаціць на сонцы, са спеваў салаўя на досвітку, ад звонкага смеху сябровак на перапынках… Натхненне – у самім жыцці.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть