Культура

Навальнічная ноч

Непагадзь наляцела нечакана. Спякота, што стаяла ўвесь дзень, з лёгкім ветрыкам, здавалася, не прадвяшчала бяды. І толькі калі змрок ахутаў зямлю, невядома адкуль спачатку на ўсходзе, а пасля і па ўсяму небу прайшліся першыя водбліскі маланкі. Яны ўсё раслі і, набраўшы моц, асвяцілі ўсё наваколле. Першыя ўдары маланкі прымусілі ўздрыгнуць лісточкі на дрэвах, на нейкі момант тыя суцішыліся і тут жа затрапяталі зноў.
Вырваўшыся з аблокаў, вецер з ураганнай сілай скалыхнуў наваколле. Аксамітная лістота на мала-дзенькіх беластволых бярозках адразу прыгнулася да зямлі, зашамацеў вербалознік, падаючыя з неба буйныя градзіны моцна забарабанілі ў шыбы вокнаў, быццам кулямётнай чаргой прайшлі-ся па градках, палях з бульбоўнікам. Нават перасохшая гравійная дарога і тая стала пасечанай.
Град біў усё падрад. Так і не паспеўшы распусціць кветачкі, вінаград падаў, ссечаны халоднымі ледзяшамі. Ніклі долу півоні, хрызантэмы. Іх, як і ружы, не абышла непагадзь. А пад кустамі парэчак нібы хтосьці незнарок рассыпаў пацеркі з яшчэ зялёных але даволі буйных ягад.
Некаторы час непагадзь бушавала, пасля пайшла далей і сціхла гэтак жа нечакана, як і пачалася. А раніцай, як ні ў чым не бывала, ласкава засвяціла сонейка і тут жа на старой вярбе заспяваў салоўка. Ды так хораша, меладычна, што яму тут жа адазваўся другі, а пасля і трэцяя птушачка вывела свае трэлі ў старым слівоўніку. А ў вялізных лужынах цяпер бегалі вясёлыя сонечныя зайчыкі.
Рыгор ЖУК.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть