Культура

Не праходзіць міма бяды

img_2496У Доме культуры чыгуначнікаў прайшоў канцэрт, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам.

На сустрэчу завітала памочнік урача Залескай амбулаторыі Ірына Калюціч, якая пазнаёміла гледачоў са статыстычнымі дадзенымі аб распаўсюджванні гэтага страшнага захворвання ў рэспубліцы і раёне. У фае арганізавалі выставу малюнкаў і плакатаў “Стоп – СНІД”, падрыхтаваную работнікамі прадпрыемстваў чыгуначнага вузла. Валанцёры раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, вучні політэхнічнага каледжа Максім Бабіч, Андрэй Насеня, Аляксандр Бярозка раздавалі прысутным агітацыйныя буклеты і прышпільвалі на адзенне чырвоную стужку – сімвал салідарнасці з тымі, каго эпідэмія закранула асабіста. Падтрымаў акцыю эстрадны выканаўца, вядучы праграмы «Ранішні Эспрэса» на  тэлеканале Беларусь–4 Ігар Пашэчка. Пасля канцэрта выдалася некалькі хвілін на шчырую размову з ім.

– Ігар, ці павінны медыйныя асобы ўдзельнічаць у сацыяльных акцыях?

– Безумоўна! У маім жыцці здарылася так, што і я падышоў да краю бездані. У час чарговай камісіі прапанавалі зрабіць тэст на ВІЧ. Вынік аказаўся станоўчым. Не магу сказаць, што жыццё пранеслася перад вачамі, але ў той момант нібы ўсвядоміў, як хачу пражыць гэтае жыццё. Памятаю, тады сябры, блізкія прыводзілі мне шмат прыкладаў людзей, якія пабывалі на такім жа краі… Аднак хутка высветлілася, што маркеры на вызначэнне ВІЧ аказаліся пратэрмінаванымі і станоўчыя вынікі паказаліся ў той дзень у 200 пацыентаў. Вось чаму знакамітасці, каб пацягнуць за сабой астатніх, павінны паказваць добры прыклад. Тэма ВІЧ – не дзесьці там далёка, на іншым кантыненце, магчыма, гэта адбываецца ў суседнім доме. І казаць неабходна без страху і панікі, быццам прайшлі флюараграфію або наведалі стаматолага.

– Часта бывае, што з-за хваробы людзі падвяргаюцца нападкам з боку іншых.

– Трэба быць вышэй за напады. А яшчэ – маліцца. Не з’яўляюся рэлігійным фанатыкам, але я – чалавек веруючы. Таксама важна падтрымка родных, блізкіх лю-дзей. Што датычыць ВІЧ-інфіцыраваных, то тут палка абодвух канцоў! Людзей, якія ішлі на гэтую рызыку свядома, будзь то заражэнне праз наркатычныя рэчывы ці неабаронены палавы кантакт я і сам, хутчэй, раскрытыкую. Няўжо лішняя хвіліна часу для выкарыстання ахоўнага сродку вартая таго, каб скалечыць сабе ўсё жыццё?! Не разумею такіх… Але ёсць сярод іх і тыя, хто набыў гэтае страшнае захворванне воляй выпадку. У чым яны вінаватыя? І нам патрэбна навучыцца не праходзіць міма такіх людзей, міма чужой бяды, болю іншага чалавека, які так мае патрэбу ў нашай дапамозе, падтрымцы, словы падбадзёрвання, упэўнены поціск рукі, сяброўскія абдымкі незалежна ад статусу чалавека. Няхай жа галоўным для кожнага стане прынцып – «быць чалавекам»!

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть