Культура

НЕ РАЗГУБІЛАСЯ

Сорак гадоў таму малодзенькая акушэрка Марыя Богдан, якая атрымала дыплом Пінскага медвучылішча, была накіравана ў Краснавольскую ўчастковую бальніцу.

У той час між населенымі пунктамі не было добраўпарадкаваных дарог, таму іншы раз да хворых даводзілася наведвацца пешшу, апрануўшы гумавыя боты. На гэта не скардзіліся маладыя медработнікі, а верна служылі клятве Гіпакрата.

Набліжалася свята Перамогі. Юнакі і дзяўчаты збіраліся на дыскатэку, як раптоўна “паход” Марыі давялося спыніць: у жанчыны на хутары Яварова пачаліся роды. Ад бальніцы да месца назначэння накіравалася “хуткая дапамога”. У доме парадзіхі акушэрка лавіла погляды пяці дзяўчынак, якія з цікавасцю сачылі за кожным яе рухам. Чамусьці адразу прыйшла думка: у сям’і чакаюць сыночка.

Агледзеўшы жанчыну, Марыя зразумела, што да паяўлення малыша на свет застаюцца лічаныя хвіліны, таму папрасіла хутка падрыхтаваць усё неабходнае. І вось яно – шчасце. На свет паявіўся доўгачаканы хлопчык. Бязмежная радасць ахапіла бацьку, які заспяшаўся адсвяткаваць такую падзею. Акушэрцы ж было нявесела: у парадзіхі адкрыўся крывацёк. Калі яго не спыніць, праз 30 хвілін можа наступіць смерць. Марудзіць нельга. Выклікаць на дапамогу спецыялістаў не ўяўлялася магчымым: па такіх дарогах яны наўрад ці паспелі б своечасова. Марыя пачала прыгадваць тэарэтычны матэрыял, што зусім нядаўна вывучала на занятках, і парады, якія даваў Станіслаў Станіслававіч Туркоўскі. Словы настаўніка так і гучалі ў галаве дзяўчыны. Акушэрка зрабіла ўсё, што было ў яе сілах. Заставалася толькі чакаць, пакуль жанчына прыйдзе ў прытомнасць. Гэта адбылося праз гадзіну. Радасці Марыі не было межаў, але яна не спяшалася пакінуць дом, пакуль не ўпэўнілася, што пагроза мінавала…

Сям’я Бярозкаў даўно не жыве ў Яварова, а Марыю Сямёнаўну праз два гады перавялі ў Бродніцкі ФАП. У Бродніцы яна жыве і цяпер, знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але гэты выпадак застаецца ў памяці па сённяшні дзень.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть