Культура

НЕЗАБЫТАЕ ПРОЗВІШЧА

У Вульцы 1 добрым словам прыгадваюць сталяра Уладзіміра Захаравіча СЕМЕЧКІНА, які выконваў вырабы з дрэва не толькі для тутэйшых жыхароў, але і заказчыкаў з іншых раёнаў.

Ён нарадзіўся ў Лемяшэвічах, што на Піншчыне. Бацька, царскі салдат, прапаў без вестак у гады Першай сусветнай вайны. Калі сын падрос, маці ўзяла другі шлюб у суседняй вёсцы. Каб юнак набыў рамяство, аплочвала яго вучобу ў сталяра. У 1940-ым 22-гадовы вясковец быў прызваны ў Чырвоную Армію, але хутка камісаваны па стану здароўя…

У пасляваенны час з мэтай падзарабіць прыехаў у Вульку 1. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Яўгеняй Каховіч – і асеў у нашым краі. Вельмі запатрабаваная справа паспрыяла хутка ўзвесці дом. На пабочную дапамогу пры будаўніцтве не разлічваў – сваёй радні не меў, а заможныя сваякі па лініі жонкі больш клапаціліся пра вялікі статак уласнай жывёлы.

У той час складана было купіць гатовы інструмент. Сталяр вырабіў сабе неабходныя прылады і стаў выконваць просьбы сялян. Спачатку працаваў у кухні, высекшы асобныя дзверы для заказчыкаў, потым – узвёў майстэрню. Старажылы заўважаюць, што цяпер такіх майстроў – пашукаць:

– Калі Семечкін рабіў для хаты падлогу, паміж дошкамі іголка не ўтыкалася, – так шчыльна клаў цёс. Без малейшых адтулін, трывала збітай была і яго мэбля. Завостраны інструмент правяраў на руцэ – калі лязо сякеры зразае валасы, значыць, можна прыступаць і да дрэва…

Уладзімір Захаравіч ахвотна вырабляў “сталярку” для арганізаванага ў Вульцы 1 калгаса “Авангард”. У ліку заказаў быў і незвычайны – вялікая лодка для перавозу жывёлы да пашаў на Прыпяці. Любячы сваю прафесію, майстар толькі аднойчы быў засмучаны работай: калі запатрабавалі вырабляць вокны для калгаснай фермы з дошак разбуранай вясковай царквы…

Пазней сталяр авалодаў і майстэрствам печніка. Даводзілася прыкладаць шмат намаганняў, каб выгадаваць пяцёра дзяцей. Жонка не магла выконваць цяжкую працу – хварэла на парок сэрца. Час ад часу жанчына выходзіла церабіць лён ці жаць жыта, але якія тады былі заробкі ў калгасе?..

Магчыма, знясільваючая праца ўкараціла і век майстра. Яшчэ да пенсійнага ўзросту сталяр захварэў на туберкулёз. Шмат часу ляжаў у бальніцы, дзе, па просьбе медперсанала, рамантаваў печы. Праз два гады пайшоў з жыцця. Помнік, які Уладзімір Захаравіч заказаў у Пінску, каб устанавіць раней памёршай маці, узвялі на яго магіле. Праз 14 год побач пахавалі жонку.

Старэйшая дачка добра вучылася ў школе, але бацькі не маглі дазволіць ёй працягваць адукацыю – дапамагала па хатняй гаспадарцы. Валянціна Яроцкая стала жонкай мясцовага хлопца, працавала даяркай на Палескай станцыі, а потым сям’я выехала ў Белгародскую вобласць (Расія), зрэдку наведвае малую радзіму… 23-гадовай пайшла з жыцця другая дачка – Ніна Герлічка толькі паспела выйсці замуж у пасёлак Палескі… Трагічна загінуў, 35-гадовым, малодшы сын – Мікалай… Рамяство бацькі пераняў Уладзімір, які працаваў сталяром у райсельгасхіміі, потым выехаў на працу ў Мінскую вобласць… Працягвае прозвішча і сярэдні сын – Павел. Яго больш цягнула да тэхнікі, працуе вадзіцелем у раённым аддзеле Фонду сацыяльнай абароны. Таксама выдатна валодае інструментам; не развітваецца з іконкай Божай Маці, якую ўсё жыццё насіў у кішэні бацька; захоўвае старую сядзібу.

На жаль, пажары пачатку 1990-ых гадоў знішчылі дваровыя пабудовы, размешчаныя побач з лесам. Сучасная мэбля паступова выціскала шматлікія камоды і шафы, вырабленыя майстрам Семечкіным, яго вокны замяняліся на “еўрашклопакеты”. Але ў Вульцы 1 з пакалення ў пакаленне перадаецца немясцовае прозвішча як узор сапраўднага майстэрства ў краі, багацце якога складаюць лес і вырабы з дрэва.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть