Культура

«Новая Зямля» новага часу

новая земляМінаюць гады, змяняюцца пакаленні, а цудоўная творчасць беларускіх паэтаў і празаікаў застаецца галоўнай літаратурай не толькі за школьнай партай. Няхай не так часта можна ўбачыць пасажыра з кнігай у цягніку ці аўтобусе – бавіць час цяпер прасцей у інтэрнэце ці за праслухоўваннем музыкі. Але нельга і наракаць, што народ зараз увогуле не цікавіцца творчасцю вялікіх пісьменнікаў. Дзеля аб’ектыўнасці вырашыла задаць некалькі пытанняў лунінецкім школьнікам і студэнтам, маладым і больш сталым жыхарам горада: “Хто напісаў “Новую зямлю?”, “Ці памятаеце гэты твор?”.

Аліна, 11-класніца:
– Напісаў Якуб Колас. Я вучыла ўрывак, магу расказаць па памяці. А з класа ў нас многія чыталі ўсю кнігу і вельмі спадабалася.
Максім, студэнт:
– Чаму менавіта пра паэму пытаеце? Я сам не люблю вершы, але ў школе настаўніца на ўроку чытала. Там так складна ўсё напісана. І праўдзіва.
Яўген, 27 год, беспрацоўны:
– Не-е. Нічога такога не ведаю і не чытаю. Больш цікаўлюся тэхнікай.
Вера, бухгалтар:
– Я сама люблю беларускую літаратуру, а вось родныя гэтым мала цікавяцца. Такі зараз час. Хаця ад бяздушнасці лепш за ўсё выратуе добрая кніга.
Мікалай, воін-афганец:
– Каб не настаўнікі з іх цярплівасцю, хто ведае, якімі б мы выраслі. Нас вучылі дабру і справядлівасці мена-віта на прыкладах з вядомых твораў. Цяпер угаварыў сына прачытаць пару кніжак “для душы”. Спадзяюся, такія ўрокі выхавання дадуць свой плён.
Марыя Адамаўна, пенсіянерка:
“Мой родны кут, як ты мне мілы…” – хіба можна гэта забыць? Не магу слёз стрымаць, як чую гэту песню. Здаецца, “Новая зямля” напісана пра нас, так усё блізка і зразумела.

 

Вярнуўшыся дадому, вельмі захацелася пагартаць старонкі любімага твора. Дзіўна, але перачытваючы знаёмыя радкі ў каторы раз, зноў знаходжу ў іх штосьці роднае, сваё.
Апісанне пор года так супадае з тым, што зараз на вуліцы, нібыта і не прайшло цэлае стагоддзе з часу стварэння кнігі. А святы? Так жа пранікнёна мы і зараз адносімся да Калядаў, Вялікадня, захоўваючы даўнія традыцыі, як аб гэтым у творы расказаў наш вядомы пясняр.
А сняданак, згатаваны ў печы? Хіба ёсць нешта смачнейшае? Ды і памкненні герояў знайсці сваё шчасце, актуальныя і зараз. Кожны з нас шукае сваю “лепшую долю”, мітусіцца ў хуткаплынным віры жыцця. Галоўнае, каб жаданні супадалі з агульначалавечымі прынцыпамі, а дзе жыць, кім працаваць – гэта асабісты выбар кожнага.
У творы высмейваецца зло, падман і хцівасць. Мы і цяпер змагаемся з гэтымі заганамі, як бы па-новаму яны не называліся. Галоўнымі чалавечымі каштоўнасцямі былі і будуць дабрыня, сумленнасць і працавітасць. Усё гэта стварае адзіны вобраз беларуса – памяркоўнага і разважлівага, якім можна ганарыцца.
Верыцца, што хутка прыйдзе час і радкі-ўрывачкі з літаратурных твораў будзе модна пісаць на сваёй старонцы ў інтэрнэце, бо ў нас такая багатая спадчына, забыць якую недаравальна.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть