Няхай хутчэй спяшаецца цяпло!
Культура

Няхай хутчэй спяшаецца цяпло!

У даравальную нядзелю на цэнтральнай плошчы Лунінца прайшло свята Масленіцы.

Сёлета яго арганізатары прадставілі гледачам сваю канцэпцыю мерапрыемства, сцэнарый да якога напісаў саліст вядомага на Лунінеччыне ансамбля “Прымакі” Андрэй Канапацкі. Не пазбаўленае традыцыйных прыкмет народнага гуляння, свята знайшло ўвасабленне ў казачным спектаклі, дзе забаўлялі людзей Іван-дурань, Кашчэй Бессмяротны, Мядзведзь-весялун, Вясна-прыгажуня і іншыя любімыя персанажы.

Дзеці і дарослыя радаваліся магчымасці паласавацца традыцыйнымі прысмакамі, перш за ўсё, – румянымі блінцамі, якія з полымя, з жару прапаноўвалі кулінары філіяла “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства. Вабіў аматараў пікнікоў пах шашлыкоў.

А побач ладзіліся спаборніцтвы. Праўда, удзел у іх дарослы люд, асабліва мужчыны, прымаў не дужа ахвотна. Сярод тых, хто сапернічаў у перацягванні каната, можна было заўважыць шмат дзетвары і жанчын у нацыянальных касцюмах, што гаварыла аб іх прыналежнасці да сферы культуры. А 24-кілаграмовая гіра так і засталася незапатрабаванай… Затое каля Цэнтра дзіцячай творчасці выстраілася цэлая чарга з аматараў паспаборнічаць, хто далей закіне валёнак. 

Між тым, зіма здавацца не збіралася. З раніцы горад прысыпала снегам, які на плошчы захоўваўся практычна на працягу ўсяго свята. Здавалася, сама прырода на развітанне падарыла дзетвары магчымасць пакоўзацца на невялікай горцы і пагуляць у снежкі, а дарослым –  з усведамленнем адзначыць, што хапіла сёлета ўзімку і снегу, і маразоў. Менавіта таму без шкадавання пад воплескі прысутных успыхнула на імправізаванай пляцоўцы пудзіла зімы. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што было яно сёлета прыгожым і нейкім нават усмешлівым. І хоць знікла без следу ў языках полымя, пакінула ўпэўненасць, што жыццё яшчэ будзе багатым на святы і цёплыя радасныя падзеі.

Радасці – дарогу!

Масавае народнае гулянне сабрала жыхароў і гасцей Мікашэвіч  на плошчы каля Палаца культуры РУВП “Граніт”.

Святочная праграма падарыла землякам калейдаскоп станоўчых эмоцый. Разам з артыстамі народных тэатра мініяцюр і хору Палаца культуры гледачы  развіталіся з Зімой і яе ўвасабленнямі – снегам, маразамі, завеямі. А яшчэ  прывіталі Вясну, надыход якой заўсёды надае людзям аптымізму, дорыць веру і надзею на лепшае.

Нікога не пакінулі абыякавымі «баі» на падушках, падняцце гіры, прыпевачны «марафон» і іншыя вясёлыя спаборніцтвы. Усе пераможцы і ўдзельнікі былі адзначаны прызамі. Падмацаваўшыся традыцыйным атрыбутам свята – блінамі, якія сімвалізуюць вясновае сонейка, прысутныя назіралі як у агні згарае пудзіла Масленіцы…

Народнае гулянне завяршылася толькі вечарам. Людзі не спяшаліся пакінуць пляцоўку каля Палаца культуры РУВП “Граніт”. Дарослыя і дзеці прагульваліся сем’ямі і сяброўскімі кампаніямі, наведвалі ў палаткі выязнога гандлю філіялаў  «Грамадскае харчаванне» і «Мікашэвіцкае РГП» райспажыўтаварыства. Іх асартымент радаваў вочы разнастайнай смакатой. Аднак больш за ўсё карысталіся попытам ва ўдзельнікаў свята блінчыкі з павідлам, смятанай і іншай начынкай.

 

Масленіца на бліны багата

Весела і з размахам у прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці праводзілі зіму і сустракалі вясну.

Навучэнцы, выкладчыкі і жыхары мікрараёна, якія жадалі прыняць удзел у гуляннях, паласавацца выпечкай, прыйшлі на пляцоўку каля навучальнай установы на Масленіцу, дзе вядучыя наладзілі сапраўдныя забавы, а дзяўчына-Вясна ўнесла пэўны каларыт у атмасферу свята. У паветры панаваў пах бліноў і бесклапотнага дзя-цінства. Юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў знаходлівасці і спрыце. Асаблівым рытуалам стала спальванне пудзіла.

– Масленіца – традыцыйнае свята ў сценах нашай установы – расказала педагог-арганізатар Тамара Максімчык. Яно было задумана па тэматыцы народных звычаяў і абрадаў беларусаў. Моладзь уцягнулася ў падрыхтоўку  з нямалай цікавасцю. Яна павінна ведаць і разумець шматграннасць і прыгажосць нашай нацыянальнай культуры. Прыемна, што актыўна праяўляюць сябе ў падобных мерапрыемствах.

Навучэнцы груп №№3 і 33 парадавалі прысутных нацыянальнай кухняй. Румяныя бліны, дранікі, пірагі – чаго толькі не было на сталах! Эстэтычнае афармленне і смакавыя якасці з задавальненнем ацанілі ўсе госці свята. А гарачы чай у сонечнае, але ветранае надвор’е саграваў і надаваў бадзёрасці сілачам, якія спраўна выконвалі заданні Зімы.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть