Культура

Пад шчаслівым сузор’ем

Добрая традыцыя склалася на Лунінеччыне – адзначаць Дні вёсак.  Гулянне разгарнулася каля Язвінскага Дома культуры. Іграла музыка, багатым быў вясковы падворак, самабытна выглядала выстава рушнікоў, кошыкаў, зробленых мясцовымі народнымі ўмельцамі.
Удзельнікаў і гасцей свята шчыра вітаў старшыня Дварэцкага сельсавета Аляксандр Віднікевіч. Ён расказаў аб структуры і жыццядзейнасці сельсавета, дэмаграфічнай сітуацыі на яго тэрыторыі, спыніўся на пытаннях добраўпарадкавання, навядзення парадку на зямлі, адзначыў уклад працоўных калектываў і насельніцтва ў выкананне намечаных мерапрыемстваў. Кіраўнік мясцовай улады заклікаў землякоў ашчадна ставіцца да таго, што створана і зроблена для агульнага дабра і карыстання.
Праходзіла мерапрыемства пад акампанемент вершаў і песень, якіх у гэты дзень прагучала нямала. Кароткую гісторыю вёскі расказаў настаяцель Спаса-Прэабражэнскай царквы іерэй Сергій Чыж. У цэнтры ўвагі апынуліся доблесныя абаронцы радзімы, якія пралівалі сваю кроў на франтах за наша мірнае неба: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Павел Вярэніч і Мацвей Лазіцкі, а таксама ўдзельнік баявых дзеянняў Георгій Кароль.
Дзеці – будучае Беларусі. Таму невыпадкова кожнаму нованароджанаму рады ўсе вяскоўцы. Сёння самыя юныя жыхары – Валерыя Арэшка, Вольга Віднікевіч, Дар’я Цяльпук, Уладзіслаў Туркевіч і Кірыл Астапчык. Малышам пажадалі моцнага здароўя, расці на радасць землякам. Уручылі памятныя сувеніры і шасці парам маладажонаў.
У Дзень вескі прынята падводзіць вынікі і ўзнагароджваць тых, хто варты пашаны. Прытрымліваючыся гэтай традыцыі, многіх жыхароў Язвінак, Сасноўкі і Яжавок адзначылі граматамі, дыпломамі і памятнымі падарункамі за прызнанне іх лепшымі ў розных намінацыях. У ліку такіх – калектывы язвінскіх СШ і яслі-сада, лясніцтва, ФАПа. Яны прызнаны лепшымі ўстановамі па навядзенню парадку на зямлі і ўтрыманню замацаваных тэрыторый. Падзячныя лісты і сувеніры атрымалі лепшыя хлебаробы Канстанцін Шабан, Юрый і Сяргей Калюцічы; гаспадыні “Лепшага сельскага падворка” Вольга Чырына і Вольга Віднікевіч. Узорнымі прызнаны дамы ў Марыі Кузьміч, Сяргея Віднікевіча і Івана Марзы. Шчырых слоў і падарункаў удастоены 14 матуль, чые сыны служаць зараз у арміі; юбіляры залатога вяселля Любоў і Рыгор Алесікі з Яжавок.
Выдатны канцэрт падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Гледачы шчодра апладзіравалі ансамблю «Вандроўнікі», фальклорнаму калектыву «Крынічанька», Надзеі Дубініч, Вользе Музыка, Таццяне Цяльпук і Алегу Жумашаву.
Душэўнае свята аб’яднала вяскоўцаў і ўмацавала добрасуседскія адносіны. Лета – у самым разгары. Можна не сумнявацца, яно прынясе яшчэ шмат прыемных сустрэч.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть