Культура

Палескія ПАРАСТКІ невядомага КОРАНЯ…

На вуліцы Чырвоная ў Лунінцы, побач з аўтобусным прыпынкам, стаіць стары драўляны дом. Тут жыве сям’я педагогаў – Левашкевічы. На двары гаспадарнічае Вера Рыгораўна. Ураджэнка Століншчыны, больш як 20 год узначальвала Люшчанскую яслі-сад-БШ. Яе муж Мікалай Мікалаевіч, настаўнік працоўнага навучання СШ №2, па стану здароўя цяпер рэдка выходзіць з дома, але заўсёды рады пагутарыць. Дапамог адлюстраваць на старонках газеты лёсы яго стрыечных брата і сястры: Станіслаў загінуў (“Даўрыя”, 30.06.2009), Рэгіна жыве ў Аўстраліі (“Всего чуть больше суток лету…», 25.06.2010). Гэта – дзеці Івана, яго дзядзькі. Пра цёцю – Марыю – расказаў яе ўнук Сяргей Рыхцер (“Бабуліна святло”, 20.08.2010).

Продак і сваякі

Праўнук няшмат ведае пра заснавальніка роду. Сямейнае паданне сведчыць, што вучыўся ў духоўнай семінарыі, удзельнічаў у выступленнях супраць цара. Пакаранне бунтарам было жорсткім: семярым юнакам выпалілі вочы. Аслепшы Бенядзікт (ад імя ўтварылася і мясцовая мянушка Левашкевічаў – Бэнэды) пасяліўся ў палескай глушы. Каля 1870 г. паявіўся на свет яго сын Іван (гэта – дзед суразмоўніка). Вывучыўся на майстра і працаваў на чыгунцы. Жонкай яго стала Акуліна з сяла Бастынь. Іх трое старэйшых дзяцей нарадзіліся ў Луніне, трое малодшых – у Лунінцы.

Іосіфа дома называлі Юзікам. Заканчыў Лунінецкую царкоўна-прыходскую школу і Пінскае вучылішча, жыў у Брэсце. У яго з жонкай было трое дзяцей: Леў (яго сын загінуў хутка пасля вяртання з арміі), Яўген пасля вайны асталяваўся ў Польшчы (муж яго дачкі, македонеца, выдаў кнігу аб генеалогіі яе і сваёй сем’яў), Мікалай (яго сын – інвалід з дзяцінства, а дачка працуе фармацэўтам і занатоўвае гісторыю беларускага роду).

Польскія ўлады абвінавацілі ў сімпатыях бальшавікам Андрэя. Каб пазбегнуць зняволення, разам з жонкай і двума дзецьмі ў 1930-ыя гг. быў вымушаны выехаць у Францыю. Там і памёр.

Кацярына замуж не выходзіла. “Мікалаеўская дзяўчына”, як сама сябе называла, была адданай прыхаджанкай Свята-Крыжаўзвіжанскага храма. Працавала на пошце. У часы, калі на ўскрайку Лунінца дзейнічаў аэродром грамадзянскай авіяцыі, «кукурузнік» дастаўляў каррэспандэнцыю. Яна забірала каштоўны багаж на воз і прывозіла ў аддзяленне сувязі.

Бацька

У сям’і Левашкевічаў давалі сынам імёны сваякоў. Толькі з дапамогай суразмоўніка можна разабрацца, хто з цёзак каму кім даводзіцца. Шмат здымкаў адлюстроўваюць жыццёвы шлях яго бацькі. Інтэлігентнага выгляду юнак набыў грунтоўную адукацыю. Служыў кавалерыстам у Войску Польскім. В 1939-ым, «пры першых Саветах», быў міліцыянерам. У час вайны Мікалай Іванавіч стаў сувязным партызанскага атрада “За Радзіму” брыгады імя Кірава Пінскага злучэння.

– Аб гэтым сведчыць даведка ад 29 ліпеня 1944-га за подпісамі камандзіра атрада Каштанава, камісара Світцова і начальніка штаба Дароніна, – паказвае Мікалай Мікалаевіч. – Яе ўсё жыццё захоўвала мама, на 37 год перажыўшая бацьку. Яму ж асабліва дарагімі былі іншыя рэчы, стаўшыя сямейнымі рэліківіямі. Калі аднойчы аказаўся паблізу Віру ў час перастрэлкі партызан з немцамі, гэтыя кашалёк і ключ ад дома ляжалі ў нагруднай кішэні пінжака і спынілі шлях кулі…

Мама Мікалая Мікалаевіча – Вера Васільеўна – паходзіла з сям’і чыгуначніка Ліцкевіча. У складаны перадваенны час па ілжываму абвінавачванню ён быў рэпрэсіраваны. Заступніцтва чырвонага афіцэра, які з сям’ёй кватэраваў у доме лунінчан, скараціла тэрмін зняволення. Але гэта – іншая гісторыя…

Сын захоўвае працоўныя адзнакі бацькі. У 1946 г. «механик подъемного крана за отличное овладение техникой быстрейшего восстановления» загадам начальніка Брэст-Літоўскай чыгункі «генерал-майора технических войск» узнагароджаны нагрудным знакам «Отличный восстановитель». Трох такіх адзнак быў удастоены Мікалай Іванавіч, які ў 1947 г. стаў майстрам аднаўленчага цягніка №5675, у 1951-ым – закончыў курсы павышэння кваліфікацыі начальніка гэтага падраздзялення чыгункі. Яго захапленнем была тэхніка: у 1955 г. атрымаў пасведчанне на права ваджэння аўтамабіля, у 1959-ым – матацыкла. На ўсіх фотаздымках пасляваеннага часу адлюстраваны ў шлеме…

– Сціплы чалавек, бацька не падкрэсліваў свае дачыненне да партызанскага руху, а заслужаныя ўшанаванні не паспеў атрымаць, – гаворыць Мікалай Мікалаевіч. – Грамадства па годнасці пачало ацэньваць удзельнікаў вайны толькі ў 1970-ыя. Яму ж, блізка да сэрца прыняўшаму гібель пляменніка Стаса, гэта ўкараціла лёс…

Сям’я

У гісторыі роду Левашкевічаў заўважаем нямала аналогій, у тым ліку – заўчасную смерць двух стрыечных братоў суразмоўніка (сыноў Юзіка і Івана).

– За год да трагедый на тэрміновую службу быў прызваны родны брат, Віктар, – працягвае Мікалай Мікалаевіч. – Аб урачыстых провадах у армію напісала раённая газета «Ленінскі шлях», нумар якой за 18.11.1965 г. захоўваю… Праз два месяцы навабранца адправілі ў Пскоўскі шпіталь, затым камісавалі з-за праблем з нагамі. У Мінску суправаджаў рэфрыжэратарныя вагоны. Памёр яшчэ да 60-ці год… Трое дзяцей жывуць у Лунінцы.

Сыны настаўнікаў Левашкевічаў марылі звязаць жыццё за арміяй. Мікалай (названы ў гонар дзеда і бацькі) служыў у Чэхаславакіі, “звыштэрміноўшчыкам” Расійскай арміі. Потым адбылося скарачэнне… Застаўся ў Калінінградзе. Віктар – “кантрактнік” адной з воінскіх часцей у Лунінцы. У яго дзве дачкі і сын, таксама названы імем, што абазначае “пераможца”.

Нягодам лёсу не здаецца Мікалай Мікалаевіч. Яму цяжка перасоўвацца, але залатыя рукі прагнуць справы. Знайшоў выйсце ў захапленні: з запалкаў вырабляе макеты храмаў. Нядаўна была арганізавана іх выстава ў Цэнтры дзіцячай творчасці, на сустрэчы ветэранаў педагагічнай працы.

– Прадзед быў адданым праваслаўным вернікам, – усміхаецца Мікалай Мікалаевіч. – Лічыце, што гэта – даніна яго памяці…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть