Культура

…Памолімся за страчаных. І зноў папросім прабачэння на магіле…

Больш як год прайшло з таго часу, як пайшла з жыцця Ніна Мікалаеўна Верас. Цяпер не сустракае на пошце аднавяскоўцаў яе лёгкая прыязная ўсмешка. Толькі ў гэта не верыцца. Здаецца, адчыніш дзверы, і зноў пачуеш яе ціхі, мяккі голас, убачыш добразычлівы позірк вачэй, і адчуеш дабрыню, якой у гэтай хрупкай жанчыны хапіла б на дзесяцярых.
У Вульцы 2 Ніну Мікалаеўну любілі ўсе. Ды яе немагчыма было не любіць. Нібы сонейка, сагравала яна кожнага, хто пераступаў парог дзяржаўнай установы, а трапляў у атмасферу хатняй утульнасці і добразычлівасці. Людзі заходзілі сюды без ніякіх спраў, проста адпачыць душой.
Яна нарадзілася перад Першамаем у 1962 годзе, калі наваколле патанала ў веснавой квецені. Родная вёсачка Азярніца была для жанчыны светлым успамінам дзяцінства, аддушынай, куды заўсёды з вялікай радасцю ездзіла адведваць родных. Закончыўшы Брэсцкае вучылішча сувязі, вярнулася на Лунінеччыну, дзе з 1981 года і да апошняга дня працавала начальнікам паштовага аддзялення в. Вулька 2. Тут сустрэла будучага мужа. Адгулялі вяселле, пабудавалі вялікі прыгожы дом, які цяпер сіратліва апусцеў без клапатлівых рук гаспадыні…
Гадуючы двух сыноў, жанчына аддавала ім сваю бязмежную мацярынскую любоў. І нават калі сыны сталі дарослымі, яе не пакідалі трывога і клопат.
Наогул, Ніна Мікалаеўна заўсёды з цеплынёй адносілася да дзяцей, душы не чула ў маленькай унучцы Сафійцы, на жаль, не паспеўшы ўгледзець, як дзяўчынка зробіць свае першыя крокі…
Шчырасць і спагада заўсёды перапаўнялі гэтую цудоўную жанчыну. Ніколі яна не павышала голас на падначаленых і не была грубай.
Кацярына Ходзіна доўга працавала паштальёнам пад кіраўніцтвам любімага начальніка:
– І зараз з хваляваннем у сэрцы заходжу на пошту. Такія цудоўныя людзі нараджаюцца рэдка. Вёска не павінна забыць Ніну Мікалаеўну, нават праз дзесяцігоддзі.
Самыя цёплыя словы пра свякроў кажа нявестка Тамара:
– Нам ёсць кім ганарыцца, хоць ва ўспамінах. Мама Ніна заўсёды будзе прыкладам для нашых дзяцей.
Суседкі з горыччу кажуць:
– Больш бы такіх суседзяў! Яна знаходзіла час дапамагчы ўсім, дзялілася апошнім.
Паспяваючы ўпарадкаваць справы на рабоце, Ніна Мікалаеўна і дома трымала вялікую гаспадарку. На падворку разрастаюцца дрэвы, летам расцвітаюць кветкі, клапатліва пасаджаныя яе працавітымі рукамі. Яны цягнуцца да сонца, даючы жывым магчымасць памятаць незвычайную жанчыну, якая прыгожа жыла, дорачы людзям сваю шчырасць і спагаду, цяпло і чалавечнасць.
Нельга сказаць, што яе жыццё было лёгкім і бязвоблачным. Часам крыўдзілі блізкія, штосьці не ладзілася на працы. Толькі такую цярплівасць, з якой жанчына сустракала цяжкасці, як глыбока ў душы хавала пакутлівы боль, больш не даводзілася бачыць ніколі.
Пры апошняй сустрэчы са мной Ніна Мікалаеўна сказала, што дрэнна сябе адчувае:
– Трэба ехаць у бальніцу, але пачакаю зарплату, каб аддаць доўг знаёмай.
Яна аддала ўсе даўгі, але выратаваць яе не паспелі…
Адказнасць, нават у самы апошні час, аказалася важней за асабістыя праблемы. Хвароба падкралася настолькі нечакана, што за два тыдні жанчыны не стала…
Там, у вечнасці яе ўжо чакалі блізкія людзі: за паўгода да гэтага пахавалі матулю, яшчэ раней трагічна пайшла з жыцця сястра Валянціна.
Няхай светлая памяць пра Ніну Мікалаеўну назаўсёды застанецца ў сэрцах блізкіх і знаёмых, і яе чалавечыя рысы дапамогуць кожнаму з нас стаць крышачку дабрэйшымі.

Балючая застыла цішыня,
І горкія прыходзяць успаміны…
Няма Яе. І больш не будзе дня,
Пайшла заўчасна к вечнаму спачыну.
Калыша вецер гнуткія кусты –
Ды салаўя Яна ўжо не пачуе…
Усё страчана, і знішчаны масты,
Бязлітасна бяда жыццё руйнуе.
Патрэбных раптам не хапае слоў,
Мінаюць дні ў бясконцым небасхіле…
Памолімся за страчаных. І зноў
Папросім прабачэння на магіле…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть