Памятаць герояў вайны…
Культура

Памятаць герояў вайны…

спутникНа мінулым тыдні ў аздараўленчым лагеры “Спадарожнік” прайшла акцыя, накіраваная на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. У госці да хлопчыкаў і дзяўчынак завіталі прадстаўнікі раённых аддзелаў адукацыі, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, савета ветэранаў, арганізацый саюза афіцэраў і воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі грамадскія актывісты Канстацін Гоман і Віктар Ягораў.

Мы пад’ехалі на Белае возера пасля абеду. Не перадаць словамі, як лёгка дыхалася сярод высокіх соснаў і бяроз, як таямніча клікаў да сябе ціхі ўсплёск вады… У імгненне забылася гарадская спякота, вызваліўшы думкі ад паўсядзённай мітусні. Дзесьці з карпусоў даносіліся дзіцячыя галасы, якія неўзабаве запаланілі мясцовы клуб. Размясціўшыся па радах, хлопчыкі і дзяўчынкі скіравалі позіркі на сцэну. Смех і жарты раптам змяніліся на сур’ёзнасць. Па-даросламу ўглядваліся ў каляровыя і чорна-белыя кадры відэафільма, прысвечанага сёлетняму аўтапрабегу з нагоды дня вызвалення Лунінецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Прывітальнае слова ўзяла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Трэгубава, якая прадставіла гасцей і ўручыла Падзяку за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення краязнаўцы Таццяне Канапацкай. Даведаўшыся, што выхавальнікамі ў “Спадарожніку” працуюць студэнты, у тым ліку і Мазырскага ўніверсітэта, Таццяна Васільеўна пацікаваліся ў юных гледачоў аб сувязі гэтага горада і Лунінца? I заклікала ўсіх запомніць адказ: у 1944-ым тэрыторыю нашага раёна вызвалялі байцы 55-ай Мазырскай дывізіі. З цікавасцю слухалі расповяды аб героях Вялікай Айчыннай вайны — Колі Белахвосціку і Ваньку Ліманту. Вывучаць гісторыю, ніколі не забываць подзвігі прадзедаў, шанаваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне рэліктавыя ўзнагароды сям’і — такі наказ далі нашчадкам дарослыя. А яшчэ госці аб’явілі конкурсы на лепшы малюнак “Міліцыя вачамі дзяцей” і чарговую “Зарніцу”.

Потым сцэнай завалодалі супрацоўнікі РАУС. Намеснік начальніка Аляксандр Якавец, старшыя інспектары: групы кадраў — Сяргей Абраменя, інспекцыі па справах непаўналетніх — Аляксандр Гнедзька і аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі — Аляксандр Хартановіч пазнаёмілі выхаванцаў “Спадарожніка” са сродкамі ўзбраення, якімі даводзіцца карыстацца падчас нясення дзяжурстваў. Трэба бачыць, колькі радасці падлеткам прынесла магчымасць патрымаць у руках дубінкі і наручнікі, апрануць ахоўныя жылет і шлем. Прычым, немалы інтарэс выклікала зброя не толькі ў хлопчыкаў, але і ў дзяўчынак! Застракацелі фотаўспышкі на камерах мабільных тэлефонаў, робячы незвычайныя селфі.

Неўзабаве з вуліцы пачуліся трывожныя гукі сірэны — вясёлым гуртам усе падышлі да пажарнай машыны РАНС. Старшы інспекта групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Генадзь Кулеш раздаў прысутным тэматычныя памяткі. Вадзіцель Андрэй Гардзіевіч і старшы пажарны Яўген Мелюх прадэманстравалі гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент. Сапраўдная чарга паявіліся з жадаючых націснуць на курок пажарнага бранспойта, а таксама пасядзець у аўтамабілі ДАІ і сказаць што-небудзь па гучнай сувязі. Акцыю завяршыў агульны здымак напамяць.

Максім Вароніч, СШ №3 г. Лунінца:

— Мне вельмі спадабалася! Трымаў міліцэйскія спецсродкі, змог “тушыць пажар” і ўключыць “мігалкі”. Усё супер!

Кіра Васільева, СШ №1 г. Мікашэвічы:

—    Крануў расказ пра герояў вайны Колю і Ваньку, якія загінулі зусім юнымі. А яшчэ я змагла пасядзець за рулём пажарнай машыны! Дзякуй!

Уладзіслаў Захаркевіч, СШ №2 г. Мікашэвічы:

—    З сённяшняй акцыі складана выдзеліць нешта адно. Шчырую ўдзячнасць адрасую ўсім арганізатарам. Прыязджайце да нас яшчэ, будзем чакаць!

Даніла Дзмітрук, СШ №1 г. Мікашэвічы:

—    Уразіла экіпіроўка міліцыянераў, таму абавязкова паўдзельнічаю ў конкурсе малюнкаў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть