Папяровае майстэрства
Культура

Папяровае майстэрства

папяровае мастацтва 03

Якімі бываюць веласіпеды? Многія скажуць – звычайнымі: з рулём, калёсамі, педалямі. Зялёныя, сінія, дзіцячыя, дарослыя… Але здараюцца выпадкі, калі простыя рэчы трапляюць у неардынарныя абставіны і маюць іншае прызначэнне. Хто б мог падумаць, што менавіта веласіпед стане асаблівым шэдэўрам і будзе сімвалізаваць разгул фантазіі ўмелай майстрыхі!

Зроблены з паперы, гэты від транспарту ўпрыгожвае адзін з кабінетаў урачэбнай амбулаторыі ў Багданаўцы. Наведвалькі адразу звяртаюць на яго ўвагу, просяць назваць аўтара цікавай ідэі. Ім тут жа тлумачаць, што выраб належыць памочніку ўрача Наталлі ГНЕДЗЬКА.

Сама жанчына сціпла ўсміхаецца. Ну што тут асаблівага: паспрабавала – атрымалася. І сапраўды, пры вялікім жаданні і цярплівасці дасягнуць можна многага. Але таленавітыя рэчы заўсёды вартыя ўвагі, а іх стваральнікі – агульнага захаплення.

Наталля нарадзілася і вырасла ў Дзятлавічах. Вольны час у дзяцінстве праводзіла на хутары ў дзеда з бабуляй, дзе былі лес, прастора і час для разнастайнай фантазіі. Ужо тады малая вырашыла прысвяціць сябе медыцыне, дапамагаць людзям змагацца з праблемамі са здароўем.

Дарослыя часта з усмешкай згадваюць, як дзяўчынка вучылася бінтаваць. У якасці “хворых” выкарыстоўвала дрэвы. Да пашко-джанага ствала прымацоўвала трэску адпаведных памераў і туга сцягвала тканінай. Назірала за “пацыентам”, чакала, калі паправіцца. Шмат іншых выпадкаў, звязаных з будучай прафесіяй, памятае і сама Наталля. Яны – частка светлага маленства.

Мара пачала збывацца пасля заканчэння школы. Паступіла ў медвучылішча ў Баранавічах, закончыла яго ў якасці фельчара, па размеркаванню трапіла ў Багданаўку. Сяброўкі аднесліся да гэтага са спачуваннем – маўляў, у глушы правя-дзеш усю маладосць. Але дзяўчына любіла прыроду, таму густыя лясы навокал аддаленай вёскі не выклікалі страху ці незадаволенасці.

На той час у амбулаторыі не было доктара. Пачынала з некаторых абавязкаў, якія павінен выконваць урач. Гэта не адпавядала запісам у дыпломе, але калі патрабавалася экстранная дапамога, даводзілася рызыкаваць. Паступова прыходзіў вопыт, з якім лягчэй прымаліся правільныя рашэнні. Прадаставілі жыллё, неўзабаве адбыліся перамены і ў асабістым жыцці.

З будучым мужам Віталем пазнаёмілася на дыскатэцы ў Дзятлавічах, куды юнак з райцэнтра завітаў зусім выпадкова. Пасябравалі, сталі сустракацца. Наперадзе яго чакала вайсковая служба, якая разлучыла маладых на працяглы тэрмін. Да таго ж, якраз перад провадамі яны паспрачаліся і больш як год не перапісваліся. Ды ад лёсу нікуды не дзенешся, асабліва, калі пачуцці заставаліся ў сэрцы – адно пісьмо ад салдата зноў прывяло да цёплых адносін, якія закончыліся вяселлем.

Сёлета Наталля Уладзіміраўна адзначыць адразу дзве юбілейныя даты. У жніўні будзе 20 год, як прыступіла да работы ў амбулаторыі, а ў кастрычніку – столькі ж споўніцца іх сямейнаму шчасцю. Святкаваць мяркуюць разам з сынам Вадзімам, які зараз вучыцца ў каледжы лёгкай прамысловасці ў Баранавічах.

Ці асталявацца ў вёсцы надоўга, вырашалі разам з мужам. Віталю Васільевічу вельмі даспадобы аказаліся цішыня і размеранасць глыбінкі, асабліва, калі ўладкаваўся на работу вальшчыкам у лясніцтва. Звычайна ён бярэ з сабой спаніэля Ральфа. Сабака настолькі адданы гаспадару, што з нецярпеннем чакае новай прагулкі, скуголіць, як пакідаюць дома. Ён надзейна абараняе гаспадыню, калі тая накіроў-ваецца за чарніцамі, не падпусціць да яе нікога чужога.

папяровае мастацтва

Яшчэ на падворку ў Гнедзькаў заўсёды шмат кветак. Ліліі, ружы і многія іншыя віды тут разрастаюцца прывольна, п’яняючы дзіўным пахам. Праўда, і сіл для догляду патрабуюць нямала, асабліва ў засушлівае надвор’е. Любоў да хатніх раслін дае магчымасць стварыць дома сапраўдную аранжарэю. Размясціўшы іх на падлозе і падаконніках, прыемна назіраць, як з кожным днём прабіваюцца новыя маленькія лісточкі, сімвалізуючы моцную прагу да жыцця.

А яно ў Багданаўцы цячэ сваім адвечным рэчышчам – ціха і няспешна. Як адзначае Наталля Уладзіміраўна, за 20 год яе работы насельніцтва тут паменшылася амаль на тысячу, моладзь радзей застаецца ў роднай вёсцы, большае пенсіянераў. А вось захворванні амаль не змяніліся – часцей непакояць сэрца, павышаны ціск, галаўныя болі.

У амбулаторыі мала калі стаіць цішыня. Хто з аднавяскоўцаў прыходзіць на прыём да ўрача, хто ў аптэчны пункт за лякарствам. Людзі ўсе знаёмыя паміж сабой, і каго што хвалюе медыкі ведаюць дакладна. А каб крышачку палепшыць іх настрой, пацыентаў сустракае самаробны веласіпед і іншыя цікавыя вырабы, якія ствараюць у медустанове дамашнюю ўтульнасць. Бо даўно вядома, што ветлівасць, чалавечнасць і дабрыня часта лечаць хутчэй за ўколы і таблеткі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть