Культура

«Пахне мёдам густым на падворку маім…»

У самым маляўнічым куточку невялікай вёскі Засценак размясцілася дагледжаная сядзіба Ганны і Аркадзя Яворскіх. Гонкія бярозы на падворку, маладыя сосны за плотам. Невялікая рачулка агінае агарод, сваім ціхім цячэннем нагадваючы няспешны ход жыцця, напоўненага паўсядзённымі клопатамі, турботамі пра блізкіх і простымі чалавечымі радасцямі. Яны ў кожнага свае, асаблівыя, але не менш дарагія і зразумелыя. На шырокай лавачцы каля хаты можна прысесці і аддацца ва ўладу ўспамінаў пра блізкае і далёкае, прыемнае і балючае, дарагое сэрцу перажытае…
Ганна нарадзілася на хута-
ры Яварова. Адметнасць
гэтай мясцовасці ў тым, што хаты размешчаны не побач, а далёка адна ад адной. Навокал быў лес, з аднаго боку падступала балоцістая нізіна.
Калі дзяўчынцы споўнілася 8 год, памёр бацька. Былы франтавік нядоўга змог перасільваць цяжкасці ваенных дарог, якія выпалі на яго долю. Родныя засталіся асірацелымі, узваліўшы на сябе ўсе турботы вясковага жыцця.
Ганна доўгі час жыла ў дзядзькі, дзе дапамагала пасвіць кароў і адкуль бліжэй было хадзіць у школу. Калі падрасла, старэйшыя дзяўчаты паклікалі з’ездзіць на заробкі ва Украіну. Рамантыка і жаданне атрымаць свае грошы ў 15 год перамаглі страх перад далёкай дарогай. Там чакала звычайная работа даяркі, але ім, вясковым, з маленства прывучаным да працы, не было цяжка. Вярнуліся дадому восенню з планамі зноў паехаць на наступнае лета. Часова Ганна ўладкавалася даяркай у калгас. Ды гэтае “часова” працягнулася да самай старасці.
Як тады працавалася на ферме, могуць расказаць толькі тыя, хто на сабе зведаў усе цяжкасці. З сіласнай ямы кашамі даставалі кармы на ўвесь статак, паднімаючы высока над сабой. У вялікіх цэбрах парылі сечку (дробненька парэзаныя кавалачкі саломы залівалі кіпнем) і імі кармілі жывёлу. Вёдрамі насілі ваду. Каб напаіць і накарміць увесь статак, даводзілася завіхацца не адну гадзіну. Пасля зробленых спраў асноўнае даенне ўручную здавалася самым лёгкім працэсам. Цяжкія ёмістасці з малаком на ноч замест халадзільніка апускалі ў калодзеж, потым выцягвалі, прыкладваючы сваю кволую дзявочую сілу…
Але малады запал перамагаў усе праблемы і нягоды. Пасля дойкі збіраліся на вячоркі. Да апоўначы пралі ці вышывалі, а потым ладзілі танцы пад гармонік. У 2 гадзіны ночы разыходзіліся па дамах. Ганне трэба было яшчэ дабрацца да далёкага хутара, а на світанку зноў збірацца на дойку. Адкуль браліся сілы, цяжка адказаць зараз, з вышыні пройдзеных год. Але назаўсёды запомнілася тая атмасфера дабрыні і весялосці, якая панавала паміж людзьмі. Упэўнена заходзілі адзін да аднаго ў хату, і ў кожнай шчыра былі рады гасцям. Ставілі няхітрыя пачастункі, прапаноўвалі адпачыць з дарогі. Часцей арганізоўваліся пасядзелкі.
З Аркадзем яны пасябра-
валі адразу і надоўга. Ра-
зумелі, паважалі, кахалі. Хлопец быў старэйшы на 6 год. Равеснік пачатку вайны, ён не памятае страшных жахаў таго часу. Але цяжкасці адраджэння спакутаванай краіны паспеў удосталь зведаць на сабе. Бацька вярнуўся з нямеччыны, куды быў вывезены ў час акупацыі. Аркадзь не баяўся працы, дапамагаў старэйшым. Хадзіў у школу, рос як і ўсе дзеці таго пакалення. Пра больш лёгкую долю тады не марыў ніхто. Абы мірнае неба над галавой.
Пасталеўшы, юнак браўся за любую работу. Стараннасць заўважылі ў калгасе, паставілі брыга-дзірам. Калі сам захацеў заняцца больш спакойнай справай, перайшоў слесарам на ферму, дзе і сустрэў пенсійны ўзрост. Якіх толькі абавязкаў не даручалі за ўвесь час. Таго замяні, таму дапамажы – старанныя рукі былі патрэбны заўсёды і ўсюды. Адмовіць не атрым-лівалася, бо частка работы кожнага стваралася для агульнага выніку, дзеля якога і прыкладваліся ўсе намаганні. Але жылося не толькі працай.
У 1965 годзе яны аформілі шлюб з Ганнай. Не было вяселля, ды і не гэта галоўнае для шчасця. Яны ніколі не пашкадавалі аб сваім рашэнні быць разам. Цяпер, калі да залатога юбілею засталіся лічаныя месяцы, самы час падвесці вынікі пражытых сумесна год. А яны былі і цяжкімі, і радаснымі адначасова. Галоўнае багацце ў сямейным жыцці – дзеці – жаданыя, доўгачаканыя і любімыя. У сям’і іх нарадзілася шасцёра. Малыя падрасталі ў роднай хаце, атрымліваючы ўрокі выхавання, якія бацькі давалі сваім прыкладам: цёплыя адносіны паміж блізкімі, павага, тактоўнасць і любоў да працы. Імклівыя гады пранесліся незаўважана, дзеці падрасталі, пабудавалі новы дом у самым маляўнічым куточку роднай вёскі. Сярод зеляніны і разнастайнай квецені адгрымелі прыгожыя вяселлі і шумныя провады ў армію. Гэтым жыццё абвясціла ўсяму наваколлю аб новых пакаленнях Яворскіх. Бліжэй за ўсіх асталявалася Ларыса з сям’ёй, на той жа вуліцы, дзе і бацькі. Цяпер яна сама ўжо мае ўнукаў. Аркадзь разам з жонкай і дзецьмі жыве ў Магілёве. Антон, які з гонарам носіць імя дзеда, жыве ў Брэсце, працоўныя будні звязаў з чыгункай. Нэля крыху бліжэй – у Бярозе, працуе ў сферы будаўніцтва. Віктар – зваршчык у Лунінцы, тут жа атрымала кватэру і Наталля, адзіная з усіх братоў і сясцёр мнагадзетная матуля. Яны з мужам падарылі дзеду з бабуляй траіх цудоўных унукаў, меншаму з якіх – Вове – толькі паўтара годзіка.
Ганна Канстанцінаўна і Аркадзь Адамавіч зараз на пенсіі. Але жаданне працаваць, клапаціцца пра дабрабыт блізкіх засталося ў іх на ўсё жыццё. І хай сабе паўсядзённая работа на агародзе і падворку не заўсёды дае жаданы прыбытак, але яны проста не ўяўляюць, як можна сядзець без справы. Асноўным абавязкам у гаспадара з’яўляецца догляд за канём, якога трымаюць пастаянна. Свая цягавая сіла выкарыстоўваецца не толькі для работы на сотках і агародзе. Прадстаўніку таго пакалення вяскоўцаў, якія не зведалі камфорту аўтама-біляў, так прыемна запрэгчы коніка ў воз і праехаць па блізкіх сэрцу мясцінах. З канём Аркадзю Адамавічу прасцей назіраць за пчоламі, шматлікія вуллі якіх таксама абавязковыя ў гаспадарцы. Паласавацца духмяным карысным мёдам – частае задавальненне для ўсіх унукаў і праўнукаў. Хаця і распухлыя ад укусаў далоні і твар – таксама не рэдкасць, але без цяжкасцей не абыходзіцца ніякая справа.
Ганна Канстанцінаўна не адстае ад мужа ў руплівасці. Куры, гусі і качкі адгукаюцца рознагалосым хорам на крокі гаспадыні. Асобным статкам трымаюцца авечкі і козы. На жаль, нікому непатрэбнай у апошні час стала воўна. Калі раней яе перапрацоўвалі на пральным камбінаце, то цяпер яна вялікай грудай ляжыць на двары. Каштоўны ва ўсе часы тавар згубіў сваю значнасць.
Толькі нядаўна перасталі трымаць карову. У іх вёсцы цяпер амаль немагчыма пачуць такое звыклае для вяскоўцаў рыканне роснаю летняй раніцай.
Кожны дзень прыносіць новыя клопаты гаспадарам. Але яны разам здолеюць вырашыць любыя пытанні. Парада і падтрымка, якія захаваліся ў адносінах – галоўны скарб, які немагчыма купіць і знайсці. Яго трэба ствараць па крупіцы на няпростай жыццёвай дарозе з ветлівасці і дабрыні, справядлівасці і чуласці. Такім каштоўнасцям старэйшыя Яворскія вучаць маладых, каб у іх сэрцах знайшлося месца лепшым чалавечым пачуццям.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть