Перакрэсленае жыццё
Культура

Перакрэсленае жыццё

домикЛёсы… Яны бываюць казачныя, з выкананнем самых запаветных жаданняў, бываюць зламаныя, з абломкамі няспраўджаных мар і надзей. Яшчэ часцей – звычайныя, дзе жыццё бруіцца паміж берагоў шырокай ракі, якая змяшчае радасці і няўдачы.
У Аляксея свой лёс, які выклікае жаласць і асуджэнне адначасова.
Хлапчуком быў старанны мамін памочнік, у школе – здольны вучань. Марыў стаць інжынерам-канструктарам, бо добра разбіраўся ў машынах і матацыклах. Сям’я жыла без бацькі, і ўся мужчынская праца клалася на яго плечы. Хадзіў за плугам, касіў сена, нарыхтоўваў дровы. Маці і бабуля не маглі нарадавацца на свайго маленькага гаспадара.
Пасля школы – армія. Памужнелы, прыгожы ён вярнуўся ў вёску, выклікаючы зайздрасць у равеснікаў. Дзяўчаты ціха ўздыхалі, чакаючы хоць маленькай увагі ад былога салдата. Але ім не пашанцавала.
Пабыўшы дома некалькі тыдняў, Аляксей паехаў шукаць шчасця ў вялікі горад. І хутка яно знайшлося. Праз год пазнаёміў родных з жонкай Алесяй, прыгожай і добрай дзяўчынай. Неўзабаве нарадзіўся сын Алег, якога прывозіў на лета пагасцяваць. На рабоце справы ла-дзіліся вельмі добра, лічыўся лепшым спецыялістам. Завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю.
Але аднойчы здарылася страшнае…
Пра тую жудасную аварыю расказвалі па радыё. Ніхто ў іх вёсцы і падумаць не мог, што здарэнне ў далёкім горадзе блізка закране некага са сваіх. Ды хутка стала вядома, што загінулі сын і жонка Аляксея…
…Ён зламаўся не адразу. Нібы па інерцыі, яшчэ год працягваў працаваць, хаця заканчваць вучобу сіл ужо не хапіла. Потым прыехаў на пахаванне бабулі. У стомленым, няшчасным мужчыне нельга было разгледзець таго здольнага вясёлага юнака, якога ведалі аднавяскоўцы. Зацята маўчаў. Толькі пасля выпітага на памінках стаў коратка адказваць на пытанні блізкіх.
Потым вярнуўся назусім, ды так і застаўся каля маці. Казаў, давалі кватэру, але навошта яна яму аднаму? Ставілі пытанне аб павышэнні – адмовіўся. Маўляў, для каго зарабляць грошы, калі няма жонкі і сына?
З кожным разам боль па страчаных блізкіх мацней перапаўняла яго. Часам хадзіў у лес ці на рэчку, доўга моўчкі сядзеў на лаўцы ў глухім куточку двара. Бывала, выратавання шукаў у шклянцы з віном.
Імкнучыся дапамагчы чалавеку ў горы, знаёмыя прапаноўвалі выпіць. Але гэта мала супакойвала. Пайшоў вартаўніком у калгас. Часам зарабляў нейкія капейкі ў знаёмых: сек дровы, грузіў агародніну. Калі не стала маці, застаўся зусім адзін…
Хата паступова ўрастае ў зямлю. Старамодныя фіранкі закрываюць вокны ад дарожнага тлуму і сонечнага святла. Ён не любіць адкрытасць, больш часу праводзячы ў паўзмроку і цішыні. На стале – чэрствы кавалак хлеба, талерачка з соллю. З чаго яшчэ складаецца абед – невядома. Часта яго бачаць у кампаніі сабутыльнікаў добра падвыпіўшым. Але ў адрозненне ад астатніх, Аляксей выглядае дагледжана: чыстая кашуля, акуратна пастрыжаныя валасы і пазногці. Ён зусім іншы сярод “браткаў-алкаголікаў”, закінуты ў іх смуродныя рады па волі жорсткага выпадку. У яго не засталося сэнсу ў жыцці.
Дакараць такога чала-
века ці спачуваць яму, кожны вырашае сам. Якія пачуцці ён выклікае ў мяне, цяжка растлумачыць адразу. З аднаго боку – шкадаванне за мяккацеласць, немагчымасць супрацьстаяць ударам лёсу. З другога – павага за адданасць сваім блізкім, забыць якіх чалавек не можа нават праз гады. Хтосьці дадасць, што ён выклікае агіду, знаходзячыся сярод п’янага смуроду і брыдкаслоўя сабутэльнікаў, якія вымольваюць сродкі на чарговыя паўлітра.
Але яшчэ ведаю, што правільнае выхаванне не дазволіла Аляксею апусціцца да крадзяжу. Быў выпадак, калі ён вярнуў жанчыне згублены кашалёк.
Калі спыталася, чаму не імкнецца перайначыць усё да лепшага, коратка адказаў:
– Мне няма для каго жыць. Няма жадання шыкаваць.
– А што далей?
Маўчанне ў адказ.
– Кажуць, час лечыць…
– Не вер. Гэта толькі супакаенне.
– Але ж, сорамна так. Ты – адукаваны, здольны…
Горкая ўсмешка ў адказ і зноў аддаленасць, паглыбленне ў сваю спакутаваную душу.
Не магу сказаць, што падтрымліваю яго выбар. Але і нельга параўнаць з сабутэльнікамі, якія не вытрымалі нязначных праблем, ці наогул скаціліся ў бруд ад сытасці, разбэшчанасці, дзеля хвіліннага задавальнення. Ведаючы трагічны лёс Аляксея, немагчыма адносіцца аднолькава, з пагардай да незнаёмых людзей на пад-пітку, хаця заўсёды лічу гарэлку вялікім злом. Але і апраўдаць слабасці не маю права.
Так хочацца верыць, што хоць на схіле жыцця ён пераможа свой боль і пажыве без алкагольнай атруты і адасобленасці, хаця б дзеля памяці сваіх родных.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть