Подзвіг настаўніка
Культура

Подзвіг настаўніка

негатинТрагедыя ў чэрвені
Класныя кіраўнікі 5 “А” і 5 “Б” і іх вучні вырашылі адзначыць пачатак летніх канікулаў экскурсіяй на Бобрык. Настаўнік папярэдзіў дзяцей аб небяспецы. Уражаныя строгасцю звычайна добрага выкладчыка, дзеці паслухмяна выконвалі яго загад. Аднак, ці знойдзецца клас без свавольніка? Адзін з хлопчыкаў ірвануўся ўбок – і тут жа закрычаў. Побач была яміна, у якой пачаў тануць неслух. Уражаныя дзеці застылі на месцы. Настаўнік, які рэзка абярнуўся на крык, кінуўся ратаваць хлопчыка з віру. Здолеў выштурхнуць яго на водмель, а сам паступова знік у вадзе на вачах вучняў.
Напалоханыя дзеці, уключаючы таго, хто стаў прычынай няшчасця, сядзелі па дамах у чаканні сумнага паведамлення. Тапельца выцягнулі і пахавалі на вясковых могілках…
У раённай газеце, што тады называлася “Авангард”, за 16 чэрвеня 1961 года прачытала спачуванне з нагоды трагічнай гібелі настаўніка Вулькаўскай 1 СШ Міхаіла Васільевіча Негаціна. Распытала аб абставінах сталых людзей, якія тады былі пяцікласнікамі. На могілках паспрабавала знайсці магілу. Не ўдалося.
Пошук вядуць краязнаўцы
Папрасіла далучыцца да пошукаў кіраўніка краязнаўчага гуртка СШ в. Вулька 1 Ганну Кляўцэвіч. Яна не толькі знайшла месца пахавання былога калегі, але разам з вучнямі прыбрала яго, а таксама даследавала гісторыю сям’і настаўніка.
– Вельмі горка, што людзі забываюць сваіх настаўнікаў, – слушна заўважыла Ганна Трафімаўна. – Бачыце, якая недагледжаная магіла. Зразумела, калі б яго родныя жылі побач, можна было б спаслацца на іх нядбайнасць. Але нам не вядома, дзе асталяваліся яго дзеці, хаця іх было чацвёра…
Удакладніць звесткі аб сваяках дапамагла Дана Сярогіна, унучка Васіля Негаціна. Яна доўгі час жыла ў Падмаскоўі, 8 год таму вярнулася ў Лунінец.
Дана Георгіеўна не стала чакаць, пакуль яны выканаюць абавязак перад памяццю бацькі. Разам з пляменнікам Ігарам Мігалевічам наведала магілу брата дзеда і яго жонкі. Вырашылі ўсталяваць шыльдачкі з іх імёнамі на металічным крыжы.
Працяг жыцця – у творах вучняў
Памяць пра вясковага настаўніка ўвекавечана не толькі намаганнямі цяперашніх педагогаў і вучняў. Выкладчык біялогіі М.В. Негацін шмат эксперыментаваў – вырошчваў 15 відаў яблык на адным дрэве! Каля яго дома на хутары радавалі вока ці не першыя ў наваколлі спірэя і бэз. Толькі гэтыя дэкаратыўныя кустарнікі нагадваюць цяпер аб сядзібе, што ў пачатку 1960-ых прададзена на снос… Адначасова Міхаіл Васільевіч даваў урокі французскай мовы і малявання. Сам захоплены мастак, карціны якога захоўваюць сваякі, прыцягнуў да творчасці здольных вучняў. Пакуль устаноўлены тры імя. Але якія!
Вядомасць Аляксандра Мацвеевіча Стасюка (1944-1999) перасягнула межы Вулькі 1. Аб перадавым механізатары, які ў вольную хвілінку браўся за фарбы і пэндзаль, неаднаразова пісала раённая газета. Многія землякі набывалі яго карціны з мясцовымі краявідамі. Творы вясковага майстра разышліся па шэрагу краін свету.
Сапраўды прафесійнага ўзроўню дасягнуў другі мастак з Вулькі 1. Іван Аляксандравіч Абравец (1943-1987), выпускнік-1965 геафака БДУ, быў удзельнікам шматлікіх пленэраў, лаўрэатам усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў мастацкай творчасці. Завочна набыў другую вышэйшую адукацыю (што было цудам у той час!) – закончыў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР! Карціны земляка набывалі мастацкія музеі шэрагу гарадоў. Трыпціх “Хлеб” упрыгожваў Лівадзійскі комплекс усесаюзнага крымскага курорта.
У Лунінцы ўдзячную памяць аб настаўніку захоўвае Іван Мельянец. Былы сталяр ПМК-19 гаворыць:
– Усім, чаго дасягнуў, абавязаны настаўніку. Са СМІ гучаць фразы аб “парыж-скай”, “віцебскай” школах мастакоў. Дзякуючы Міхаілу Васільевічу, маю падставы расказваць аб “волянскай школе” жывапісу…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота з сямейнага архіва Д.Г. Сярогінай.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть