Культура

Працяг — ёсць!

выпуск1970Летась у Лунінцы сустрэліся выпускнікі-1970, якія пачыналі вучобу ў СШ №1, а заканчвалі – у СШ №3.

Аб кранаючых уражаннях аднакласнікаў, якія па волі лёсу жывуць у розных краінах былой вялікай дзяржавы, раённая газета паведаміла пад загалоўкам “Сустрэча з дзяцінствам”. Заканчваўся фотарэпартаж перакананнем: “Працяг – будзе”. Спецыяліст па турызме Наталля Сітнікава, якая пераехала з Уладзівастока ў Нарач, запрасіла ўсіх нас у госці.

З асаблівым пачуццём я радавалася маючай адбыцца сустрэчы. Справа ў тым, што ў школе Наташа была маёй самай лепшай сяброўкай. Такімі ж шчырымі былі яе бацькі-ваеннаслужачыя. Калі я паступіла ў музычную школу, мае тата і мама не маглі адразу набыць дорагакаштуючы акардэон. На працягу двух год я хадзіла да Сітнікавых і займалася на іх інструменце. Хаця лёс развёў нас надоўга, Наташа захавала ўласцівыя ёй у дзяцінстве чуласць і дабрыню.

Аб тым, што “трэба разам бываць часцей”, прымусіла задумацца раптоўная смерць нашага Толі Вярэніча, які жыў у Смаргоні. Высокі прыгажун кружыў аднакласніц у вальсе ў мінулым ліпені; клапаціўся пра тых, хто цяпер ходзіць з кавенькай (рознае самаадчуванне ў школьных сяброў), у сёлетнюю купальскую ноч. Нядаўна яго не стала…

Але вярнуся да храналогіі падзей. Прамежкавай можна назваць нашу другую, пераднавагоднюю, сустрэчу ў Лунінцы, дзе абмеркавалі праграму чарговага спаткання. Нарэшце летам амаль 20 чалавек з Лунінца і Мікашэвіч, Гродзенскай і Гомельскай абласцей, Пецярбурга і Падмаскоўя даехалі да Нарачы. Хаця многія з беларусаў раней адпачывалі на беразе жамчужыны краіны, мы захапляліся абноўленай прыгажосцю нацыянальнага курорта. Што і казаць пра расійскіх лунінчан?! Шмат вольнага часу праводзілі на вечарах у санаторыі “Прыазёрны”, які знаходзіцца ў трох кіламетрах ад вёскі Малы Сырмеж. Наша аднакласніца з мужам Віктарам Смятаніным, былым афіцэрам, яшчэ толькі добраўпарадкоўваюць набыты закінуты дом, ператвараючы яго ва ўтульную аграсядзібу. Але і тут мы спявалі караоке, праводзілі забаўляльныя конкурсы і алімпіяды. Аказваецца, як шмат ёсць нязведанага, хаця ўсе мы сёлета святкуем свае 60-годдзі. Сапраўды кажуць: век жыві – век вучыся! Давялося апынуцца і ў любімых моладдзю экстрэмальных сітуацыях. Спякота асушыла калодзежы і перашкодзіла водаправоду. Але з задавальненнем плёскаліся ў рэчцы Малінаўка, а жыватворную сілу давала наваколле, дзе збіралі дары лесу і зёлкі. І быццам скінулі з сябе цяжар пражытых гадоў, на тры дні зноў вярнуўшыся ў бесклапотнае дзяцінства.

Якое шчасце ў нашым узросце марыць! Зразумела ж, аб наступнай сустрэчы. Не залежна ад таго, родны ці іншы горад збярэ аднакласнікаў, нязменнай застанецца наша любоў да школы і настаўнікаў, якія выхавалі ў сваіх вучняў пачуццё святасці сяброўства.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть