Культура

Прамарудзіў – не сабраў

У канцы мая-пачатку чэрвеня можна паўторна пасеяць радыс і зяленіва салатаў, а таксама насенне кветкавай капусты на расаду другога тэрміну пасадкі і зімовую рэдзьку.
Многія культуры ўжо ўзышлі, і зараз патрэбна прарэдзіць усходы і падкарміць іх угнаеннямі. Перавагу лепей аддаваць арганічным – каравяку, гноевай жыжы, птушынаму памёту. З мінеральных можна выкарыстаць мачавіну, аміячную салетру. Падкормкі неабходна сумяшчаць з палівам ці праводзіць пасля добрых дажджоў. Вельмі патрэбны яны раслінам адразу пасля цвіцення.
Бульбу на дачных участках акучваюць пасля таго, як яна дасягне вышыні 10-12 см. На невялікіх участках каларадскіх жукоў лепей сабраць уручную, ці пры дапамозе лавушак. Для гэтага выдатна падыходзяць бляшанкі з-пад кансерваў. Іх добра вымываюць знутры, дно і сценкі змазваюць сокам бульбы і кладуць унутр 3-4 кавалачкі бульбы. Днём бляшанкі выстаўляюць на ўчастак (адна на 5 метраў квадратных), а вечарам разам з жукамі збіраюць. І гэтак 2-3 разы, пасля чаго бляшанку зноў змазваюць сокам і мяняюць у ёй бульбу.
Таматы падвяжыце да апор і раз у тыдзень выдаляйце пасынкі. Не забывайце своечасова апрацоў-ваць іх супраць фітафторы. Паліваць памідоры рэкамендуецца не часцей, чым раз у тыдзень, але вельмі моцна. Пры сухім надвор’і глебу пад імі лепш мульчыраваць. Падкармліваюць таматы 2-3 разы ў месяц растворам каравяку або курынага памёту.
Прарэжвайце градкі з агуркамі, пакідаючы самыя моцныя ўсходы на адлегласці 15 см адзін ад другога. Рыхліць іх трэба вельмі акуратна, таму што каранёвая сістэма знаходзіцца блізка да паверхні глебы. Пры паяўленні 5-7-га ліста рэкамендуецца прышчыкнуць вярхушкі агуркоў. Гэта садзейнічае актыўнаму росту бакавых пабегаў, на якіх значна больш плодаўтвараючых кветак, чым на галоўнай ліяне. У гэты час агуркі пажадана не паліваць, пры сухой глебе лепей утвараюцца завязі. Да паяўлення завязі расліны трэба паліваць часта і падкарміць як і таматы.
Прарэджваючы моркву, магчыма заўважыце на ёй чырвона-фіялетавае лісце. Гэта сігнал таго, што карэнне пашкоджана лічынкамі маркоўнай мухі. Такія расліны вырывайце, а зямлю ў радках добра зліце растворам марганцоўкі (5 гр на вядро вады).
Як толькі пабегі маліны дасягнуць метровай вышыні, прышчапіце вярхушкі. У пачатку росту завязей падкарміце маліну.
Здараецца, што адразу пасля цвіцення пачынаюць сохнуць галінкі пладовых культур. Гэта маніліёз – грыбковае захворванне. Часцей ад яго пакутуюць слівы, вішні, чарэшні. Споры грыбка трапляюць у драўніну праз кветкі і паступова губяць расліну. Пашкоджаныя галіны трэба зрэзаць і спаліць, а кусты і дрэвы апырскаць растворамі фундазолу і бардоскай вадкасці.
У садзе рэгулярна скошвайце траву і пустазелле. Дрэвы і кусты палівайце рэдка, але моцна. Пры частых і слабых палівах карэнне падымаецца ўверх, а затым пакутуе ад засухі. Пры недахопе вільгаці яно ідзе далёка ўглыб.
Паліваць трэба бліжэй да вечара (да 16-17 гадзін), калі спадае жара, або вельмі рана. Водаправодную ваду неабходна набіраць у ёмістасці загадзя, каб яна адстаялася і прагрэлася да тэмпературы паветра. Збірайце дажджавую ваду, яна вельмі карысна для раслін.
Каб пладовыя дрэвы і кусты не пашкодзіла тля, пасыпце пад імі попел, а крону апырскайце настойкай тытуню, попелу або гаспадарчага мыла.
У цёплае вільготнае надвор’е на парэчках, агрэсту і яблынях могуць паявіцца белаватыя пляміны. Як толькі заўважыце іх, адразу ж абарвіце лісце і зрэжце пашко-джаныя ўчасткі, а расліны апырскайце настоем каравяку або перапрэўшага сена. Рэгулярна дэзінфіцыруйце інструменты, якімі працуеце ў садзе і агародзе. Амаль ўсе захворванні вельмі заразныя і могуць пераносіцца на іх з месца на месца.
Падрыхтавала Галіна КУЧЭЙКА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть