Культура

ПРАМЕНЬ СОНЦА Ў ЛЮТАЎСКУЮ СЦЮЖУ

Як дзень змяняецца ноччу, так у лёсе кожнага чалавека
мяжуюцца светлыя і цёмныя палосы. Важна не засяроджвацца на сумных падзеях, а
верыць у радасць, што абавязкова прыйдзе і дапаможа справіцца з хвілінным
адчаем.

У гэтым пераканана жыхарка Вялікіх Чучавіч Алена Муравейка.
Пераадольваючы ўласныя праблемы, яна імкнецца перадаць аптымістычны светапогляд
і навакольным. Каб лягчэй знайсці патрэбныя словы ў размовах з людзьмі, якім
жыццё падкідвае выпрабаванні ў  выглядзе
то эканамічнага крызісу, то моцных маразоў, спачатку давярае свае думкі паперы.
І не прозай – удала рыфмуе фразы, захоўваючы рытм вершаскладання.

Чытала гэтыя шчырыя разважанні і прасякалася суперажываннем
лірычнай гераіні вершаў, якая не падзяляе асабістыя пачуцці ад грамадскіх
турбот. Нават назвы спробаў вершаў адлюстроўваюць ураўнаважанасць характару.
«Страціла сына…” – не пакіне абыякавым крык душы маці. У роспачы жанчына
захоўвае здаровы сэнс і нават стварае калыханку «Сыночку” з пажаданнем, каб для
малыша яе спявалі анёлы… Суцяшэнне знаходзіць у «Дачушцы”, якая стала
выратаваннем пасля перажытай трагедыі. Сапраўднае шчасце – «Мама”, якой
прысвечаны шмат вершаў: як у маленстве чытала казкі дзяўчынцы; як чакала са
школы і, якімі б добрымі ні былі сяброўкі, яны не сталі лепшымі за самага
роднага чалавека.

Пазнаёміўшыся з вершамі, захацела сустрэцца з іх аўтарам. На
просьбу расказаць пра сябе Алена Аляксандраўна паведаміла, што пасля школы
адразу выйшла замуж. Мужа прызвалі на тэрміновую службу ў армію, а жонка
працягнула вучобу. Закончыла Баранавіцкую бухгалтарскую школу і Столінскі
аграрна-эканамічны каледж. У мясцовай гаспадарцы пачынала нарміроўшчыкам ГЗМ,
потым прызначылі сакратаром, а цяпер сумяшчае гэту работу з пасадай
спецыя-ліста па ідэалагічнай рабоце СВК «Чучавічы”.

– Мне вельмі падабаецца арганізатарская дзейнасць, але
здароўе не дазваляе аддавацца справе цалкам, – прызнаецца Алена Аляксандраўна.
– Спадзяюся, паявіцца ў нашым калектыве такі ж здольны ідэолаг, якім быў Сяргей
Баляслававіч Богуш да яго прызначэння старшынёй гаспадаркі…

Нямала рыфмаваных радкоў прысвечана каханню. Шмат вершаў –
«Чалавек, апамятайся”, «Споведзь”, «Жыццё” – адлюстроўваюць недасканаласць
светаўладкавання. Не расчаравацца ў жыцці дапамагае зварот да спрадвечных
духоўных каштоўнасцей. Лірычная гераіня дзякуе Богу за надзею, якая стала яе
сутнасцю, і просіць навучыць дараваць людзям іх слабасці. Пераплятаюцца ў
вершах рэальнасць і ўяўленні. Алена Аляксандраўна дакладна ведае свой жыццёвы
шлях, за ўпэўненасць на якім не стамляецца выказваць удзячнасць лёсу і родным.
Прысвячае своеасаблівы гімн «Вёсцы”, дзе нарадзілася, набыла адукацыю, сустрэла
каханне.

– Муж працуе ў Баравікоўскім лясніцтве і нас з дачушкай
далучае да прыроды, – радасна расказвае Алена Аляксандраўна пра летнія рыбалкі,
прагулкі са спазнаннем свету раслін, жывёл і птушак, зімовае катанне на санках.
– Юлечка вучыцца ў 5-ым класе, але ўражвае даросласцю не па гадах. Стараецца па
тых прадметах, якія былі любімымі і ў мяне, – матэматыка і нямецкая мова.
Захапляецца спортам. Дзяўчынка пастаянна занятая ў гуртках і выступленнях.
Спа-дзяюся, захавае прагу да актыўнай жыццёвай пазіцыі і калі пасталее…

Алена Аляксандраўна нарадзілася ў двойні, але яе сястрычка
памерла немаўляткам. Імкнецца жыць насычана, быццам сапраўды за дваіх. Шчасце
сям’і ўвасабляецца ў вялікую сілу любві да «святой зямлі”, на якой абавязкова
пакідаем свой след, – добрымі пачуццямі і стваральнымі справамі. Наступнай
вясной ёй будзе толькі 35 год, але ўжо цяпер пачала збіраць літаратурныя спробы
ў зборнік для дачкі. Каб Юля ведала і лепш разумела, што хвалюе душу мамы…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. 

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть