Культура

Прэмія – не раскоша

Здараюцца такія дні. Не паспееш на работу прыбегчы, а дакладней з’явіцца, крыху ачомацца, сумку паставіць, а табе ўжо крычаць: “Казакоў! Да шэфа!”.

Прыходжу. А кіраўнік мяне быццам і не заўважае. Глядзіць у акно, затым паварочвае галаву і кажа:
– Ну што, Казакоў? Прысаджвайся, калі прыйшоў. Слухаю цябе.
– Гм. Гэта я вас слухаю, Віктар Сцяпанавіч, – збянтэжана адказваю. – Гэта ж вы мяне выклікалі.
– Я? Выклікаў? Так-так… Толькі навошта? Ты ўжо выбачай, Казакоў. Хоць забі, не памятаю. Можа па камплектацыі?
– Не, па камплектацыі ў нас Явараў.
– Тады па тэхдакументацыі?
– За гэта адказвае Дудакоў.
– Можа па рацыяналізацыі?
– Яна ў нас на Міхееве і Агееве.
– Тады, напэўна, я табе павінен вымову аб’явіць?
– Ну што вы? За якія-такія заслугі?
– Сапраўды, няма прычын. Слухай, Казакоў, а можа я табе прэмію хацеў даць?
– Правільна, Віктар Сцяпанавіч.
– Вось бачыш, прэмію… А за што?
– Ну, Віктар Сцяпанавіч! Хіба ж прэмію за штосьці даюць? Дзе вы такое бачылі? Прэмія, калі мяне не падводзіць памяць, – гэта не раскоша, а ўсвядомленая неабходнасць.
– Малайчына! Цудоўна разважаеш, Казакоў. У цябе галава, а не працяг шыі. Што ж, дадзім табе прэмію ў памеры аклада. І яшчэ можа на грамату ў аддзяленне дакументы падрыхтуем…
– Вялікі дзякуй, Віктар Сцяпанавіч. Я заўсёды ведаў, што вы – талена-віты кіраўнік.
– Ідзі, Казакоў. Ідзі і памятай, я ніколі нічога не забываю.
Вярнуўся Казакоў у майстэрню ў прыўзнятым настроі. Сябар яго Чарнавокі сядзіць за сваім сталом і падначвае:
– Ну што, як там “на дыване”? Ветліва шэф прыняў? Што сказаў?
– Добра прыняў, душэўна.
– Душэўна, значыць. Ты мне павінен дзякаваць. Гэта ж я табе выклік да шэфа арганізаваў.
– Ты?!
– А хто ж яшчэ? Сёння – 1 красавіка. Забыў? А шэф крычаў моцна? Відаць, добра сварыўся…
– Не, наадварот. Прэмію абяцаў у памеры аклада. І сказаў, што падрыхтуе дакументы на грамату ў аддзяленне.
– І ты паверыў? – з’едліва скры-віўся Чарнавокі. – Заўтра ж забудзе.
– Наш шэф ніколі нічога не забывае, – горда сказаў Казакоў. А потым – моцна ляснуў дзвярамі і пайшоў з вялікай крыўдай на свайго “разумнага” сябра.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть