Культура

“Прысядзем на дарожку”

Зала чакання… Колькі ты – прасторная, высокая – бачыла сустрэч і развітанняў, колькі людскіх лёсаў змянілася, пачаўшыся з твайго бясконцага тлуму!
Слёзы крыўды ад непакораных вышынь навукі, пасля няўдалых спроб на экзаменах, па дарозе да бацькоўскага парога ты першай выціраеш з юных твараў. Салдацкія крокі да строгай казармы ў форменнай вопратцы і кірзавых ботах заўсёды пачынаюцца з цябе.
І радасныя хвіліны вяртання з далёкага цяжкага шляху стомленыя падарожнікі давяраюць тваім цвёрдым лаўкам, не зважаючы ўвагі на казённую няўтульнасць, калі набліжаецца доўгачаканая сустрэча.
На выхадныя натоўпы студэнтаў шумлівай чародкай заскокваюць у твае сцены з гукам мабільных тэлефонаў, жартаў і звонкага рогату. У святы перапоўненыя цягнікі нясуць кожнага з нас да блізкіх і каханых, дадаючы табе мноства новых клопатаў. Ты ўсіх пусціш пад свае шырокія крылы, схаваеш ад восеньскай слоты ці лютаўскіх маразоў.
З твайго парога звычайна пачынаецца шлях у невядомае: куды панясе нас перастук вагонных колаў, што чакае там, за паваротам? Напэўна, ты разумееш усе нашы думкі, якімі поўняцца сэрцы ў сумным чаканні свайго цягніка? Колькі прызнанняў у каханні чула ты за гады свайго існавання, колькі апошніх развітальных слоў? Як многа магла б расказаць пра кожнага свайго наведвальніка, бо лёсы такія розныя – шчаслівыя, незвычайныя, трагічныя…
Хто мы тут – госці ці гаспадары?
Людзі розных узростаў заходзяць да цябе, няма спакою ні ясным днём, ні глыбокай ноччу, але ты ніколі не крыўдзішся на нас. У тваіх сценах звычнае: “Прыся-дзем на дарожку” гучыць асабліва правільна.
Благаславі нас на шчаслівае падарожжа, пажадай поспехаў і хутчэйшага вяртання!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть