Культура

Прывітанне з Белавежскай пушчы

Многія ў дзяцінстве марылі трапіць у госці да Дзеда Мароза, з нецярпеннем чакаючы         сустрэчы з гэтым казачным персанажам.

Сёння ажыццявіць жаданне стала намнога прасцей і для гэтага не трэба збірацца ў Вялікі Усцюг або Лапландыю – дастаткова толькі наведаць памесце ў Белавежскай пушчы. Само месца выбрана невыпадкова, бо велізарны прыродны запаведнік з рэліктавымі хвоямі, елкамі і іншымі раслінамі выглядае сапраўды казачна!

Прафсаюзны камітэт малочнага завода разам з адміністрацыяй у чарговы раз падарылі такую магчымасць дзецям работнікаў нашага прадпрыемства. На некалькі гадзін усе жадаючыя змаглі акунуцца ў казку.

Нават складана сказаць, каму было больш цікава: дарослым ці дзецям. Нашу групу «перадавалі» ад аднаго казачнага персанажа да другога, распавядалі цікавыя звесткі пра памесце, загадвалі загадкі. І нават тое, што да Дзеда Мароза хацела трапіць шмат людзей, ніколькі не стварала якога-небудзь дыскамфорту. Многія здзіўляліся, як можна так з любоўю выконваць сваю работу, калі ў цябе ў дзень каля 200 аўтобусаў (а такое было напярэдадні нашага візіту)…

– Дзядуля Мароз і Снягурка, паявіцеся, калі ласка! – крычаць дзеці, і іх першае жаданне выконваецца.

– Адкуль вы?

– З Лунінца.

– А дзе гэта? Каля Варшавы, – жартуе Дзед Мароз.

– Не. Каля Пінска.

– А, дзе агуркі растуць?

– Ды не. Ананасы, – спрабуюць аджартоўвацца ў адказ нашы хлопцы. – Вядома ж, клубніцы.

Размова працягвалася нядоўга і змянілася фотасесіяй на ганку. Час прыспешваў – праз вароты прайшла наступная група. Дзядуля са Снягуркай развіталіся і пайшлі назад у домік. Мы адправіліся далей.

З задавальненнем прагуляліся па маршруце: сядзелі ў санях, размаўлялі з Пчаляром і гаспадыняй млына, загадвалі жаданні на паляне Дванаццаці Месяцаў і вадзілі карагод пад Цар-Елкай…

У канцы ўсе зайшлі ў Скарбніцу, дзе чакалі падарункі. Сцены гэтага казачнага доміка абвешаны дзіцячымі малюнкамі і лістамі, на стэлажах – вырабы. Усё гэта даслалі Дзядулі Марозу па пошце. Дарэчы, тут жа любы жадаючы можа напісаць некалькі радкоў пажаданняў. Лісты дзядуля атрымлівае розныя: нехта просіць ляльку, нехта – камп’ютар, вельмі рэдка – кнігі. Дзеці, што выхоўваюцца ў прытулках, часцей хочуць, каб ім вярнулі бацькоў, каб было шчасце.

Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі прыкупілі сувеніраў, радасныя і задаволеныя дзяліліся ўражаннямі.

Ларыса КАРПЕЦ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і кадрах ААТ «Лунінецкі малочны завод».

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть