Публіку запальваюць «ПРЫМАКІ»
Культура

Публіку запальваюць «ПРЫМАКІ»

прымакіУ Доме культуры чыгуначнікаў адбыўся канцэрт народнага ансамбля народнай песні і музыкі, які адзначыў 10-годдзе творчай дзейнасці.

Гэты любімы лунінчанамі калектыў папулярны далёка за межамі раёна. Аб гэтым сведчыў пералік дыпломаў, што “Прымакі” атрымалі на шэрагу абласных, рэспубліканскіх і міжнародных урачыстасцей. У скарбонку ўзнагарод дадаліся і тыя, што на вечары былі ўручаны захопленым песеннай творчасцю музыкантам. Іх віталі старшыні: райвыканкама – Васіль Агіевіч і райсавета – Віталь Адзішчаў, намеснік начальніка Баранавіц-кага аддзялення чыгункі Пётр Краўчук, намеснік дырэктара ААТ “Лунінецкі малочны завод” Ларыса Карпец. У гонар першага юбілею сяброў па творчым цэху віншавалі ансамблі “Вандроўнікі” з Дварца (з кошыкам першых клубніц!) і “Шляхцічы” ГДК, спявачка Ніна Ераміевіч, аматар гумарыстычнага жанру Віктар Барысевіч, паэты Андрэй Мазько (Лунінец) і Галіна Зайцава (былы дырэктар Баранавіцкага ДК чыгуначнікаў на ўрачыстасць прыехала з Масквы). Іх вершы сталі песнямі ў разнастайным рэпертуары калектыву, як і творы самадзейнага кампазітара Андрэя Гурбановіча.

Аб тым, што “без жанчын жыць нельга на свеце”, мужчынам нагадалі славутая “цешча” “Прымакоў” – баечніца Настасся Якавец з Лобчы, ансамбль “Весніца” Палескага СДК, вядучая Таццяна Цяльпук.

Сапраўднай “зоркай” калектыву, што падкрэсліў і юбілейны канцэрт, з’яўляецца Андрэй Канапацкі. Віртуёз-балалаечнік і флейтыст з прыгожым голасам дэманструе выдатныя артыстычныя здольнасці ў канферансе і мастацкім чытанні жартоўных твораў. Яму ўдала “падыгрываюць” іншыя ўдзельнікі – Віталь Дзедзін (гітара), Дзмітрый Абравец (баян), Вячаслаў Харытановіч (шумавыя інструменты). “Залаты голас” “Прымакоў” – гэта мастацкі кіраўнік Алег Жумашаў (ударныя), здолеўшы згуртаваць ансамбль і весці яго да творчых вышынь. Не ўтрымаўшыся ў крэсле гледача, з акардэонам да сяброў далучыўся і Дзмітрый Струкаў. Ён стаяў ля вытокаў стварэння калектыву (дарэчы, як і Уладзімір Калянковіч, што віншаванні са сцэны спалучыў з падарункам).

Шмат вельмі карысных для музыкантаў і прыгожых рэчаў дарылі віноў-нікам урачыстасці ганаровыя госці. Першым жа выступіў настаяцель храма іконы Багародзіцы “Взыскание погибших” іерэй Сергій Крышталь, які быццам благаславіў “Прымакоў” на далейшы паспяховы творчы шлях – як мінімум да 150-годдзя (падобна нядаўняму юбілею Беларускай чыгункі).

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть