Радасць з дастаўкай па адрасах
Культура

Радасць з дастаўкай па адрасах

почтаРадасць з дастаўкай па адрасах Ва ўяўленні абывацеля паслугі вузла паштовай сувязі могуць здавацца абмежаванымі: ну што складанага ў дастаўцы газет і часопісаў, пісьмаў, паштовак і бандэроляў? Аднак межы невялікага каралеўства паштовых марак і рознакаляровых канвертаў неабсяжныя…

Напярэдадні прафесійнага свята сувязістаў сустрэліся з начальнікам РВПС Нінай ДУДАРГА і папрасілі падзяліцца разважаннямі пра ролю пошты ў сённяшнім жыцці.

– Ніна Васільеўна, для вас Дзень пошты гэта…

– Перш за ўсё – свята. Прычым не толькі прафесійнае, але і – душы. Я ганаруся тым, што працую ў сферы сувязі і што наша работа запатрабавана дзяржавай і грамадствам.

– Якую ролю адыгрывае сувязь сёння, у век камп’ютараў і мабільных тэлефонаў?

– У сучасных умовах пошта — гэта праваднік “жывых“ зносін паміж людзьмі. Адна справа – безаблічны камп’ютарны тэкст, і зусім іншая – радкі, напісаныя рукой роднага чалавека. Напэўна, менавіта таму істотна не змяншаецца колькасць адпраўленых святочных “падарункаў”. На тое яно і свята, каб быць з паштоўкай. Не сумняваюся, што і ў цяперашні век высокіх тэхналогій людзі будуць адсылаць віншаванні адзін аднаму па пошце.

– Ці прысутнічае рамантыка ў паштовай прафесіі?

— Як і ў любой іншай, ёсць свая рамантыка і ў нашай рабоце. Напрыклад, даставіць карэспандэнцыю адрасату і ўбачыць яго шчаслівыя вочы – гэта вялікае задавальненне. І калі ты бачыш, што прынёс у дом радасць, тады і самому жывецца весялей.

– Асноўныя складаемыя поспеху прадпрыемства – эфектыўная работа калектыву, укараненне перадавых тэхналогій і новых формаў работы…

– Як і ўся беларуская пошта, мы прадастаўляем паслугі па даступным кошце, а таксама шырокі спектр няпрофільных паслуг. У звыклым разуменні паштовыя паслугі – гэта прыём, апрацоўка, перавозка, дастаўка адрасатам пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак, грашовых пераводаў, друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, выплата пенсій і дапамог. Акрамя таго, аддзяленні паштовай сувязі прадастаўляюць больш за 30 відаў няпрофільных паслуг. Сярод іх страхавыя паслугі, банкаўскія аперацыі, афармленне дакументаў для атрымання крэдытаў, адкрыцця дэпазітаў; паслугі доступу ў інтэрнэт, прыём усіх відаў плацяжоў. Усе аддзяленні аформлены ў фірменным стылі, камп’ютарызаваны і звязаны ў адзіную сетку, а разлік у большасці з іх кліенты могуць правесці як наяўнымі грашамі, так і пластыкавай карткай.

Кожны работнік нашага калектыву старанна выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі. Паслугі паштовай сувязі, як і ўсё наша жыццё, усё больш насычаюцца новымі тэхналогіямі. Для перадачы інфармацыі выкарыстоўваюцца сучасныя каналы сувязі, што забяспечвае магчымасць праходжання ўсіх відаў плацяжоў за максімальна кароткія тэрміны. Аўтаматызаваная сістэма адсочвання рэгіструемых паштовых адпраўленняў дазваляе атрымліваць інфармацыю аб іх з моманту адпраўлення да моманту ўручэння ў рэжыме рэальнага часу.

Ужо некалькі гадоў існуе паскораная пошта ЕМС, але паслуга вартая таго, каб пра яе нагадаць яшчэ раз: адпраўленне дастаўляем не толькі ў пэўны дзень, але і ў замоўленую кліентам гадзіну. Паскораная пошта ЕМС – гэта даступнасць тарыфаў, магчымасць прыёму адпраўленняў як на даму, так і ў офісе арганізацыі. На сённяшні момант паслуга шырока выкарыстоўваецца як насельніцтвам раёна, так і арганізацыямі, прадпрыемствамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

“Белпошта” пастаянна павышае ўзровень абслугоўвання і ўкараняе новыя паслугі. Працаваць на апераджэнне запатрабаванняў сваіх кліентаў – адзін з галоўных прынцыпаў прадпрыемства. На гэта разлічаны паслугі лінейкі “Камфорт” (гарантаваная дастаўка пісьма ці пасылкі ў вызначаны дзень, смс-паведамленне аб уручэнні). Набываюць папулярнасць адпраўленні “Па пуці”, “Паштовы кур’ер” і іншыя. Самая свежая інфармацыя пра навінкі – на сайце  belpost.by і ў аддзяленнях паштовай сувязі.

– Што пажадаеце напярэдадні прафесійнага свята?

– У першую чаргу – усім моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і поспехаў у рабоце, аптымізму, цярплівасці, стабільнасці і ўдачы ва ўсіх справах і пачынаннях! Я ўпэўнена, што сумеснымі намаганнямі мы выканаем усе задачы, якія стаяць перад РВПС, каб людзі і надалей з задавальненнем працягвалі карыстацца паслугамі паштовай сувязі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть