Культура

Радавое гняздо на «БЭРВЭЧКАХ»

Вуліца, якая стала роднай 75-гадовай Марыі Васільеўне Пауліч, больш адпавядае старой назве – Палявая. Па ёй жыхары Лунінца перасякалі чыгунку і ехалі да навакольных урочышчаў, дзе былі размешчаны іх палеткі. У 1960-ыя тут былі ўзведзены адміністрацыйныя будынкі арганізацый, якія вялі асушэнне Прыпяцкіх балот. Пазней вуліцу перайменавалі ў Меліярацыйную.
Заснавальнікі роду – Іван і Наталля Пнеўскія – паявіліся ў Лунінцы ў канцы ХІХ стагоддзя. Дзядуля-чыгуначнік патануў, а бабуля памерла ў 1927-ым. Яны не мелі ўласнага дома, здымаючы для сям’і кватэру ў сялян па вуліцы Царкоўная. З пяці дзяцей чацвярым пашчасціла на радавыя сядзібы.
Пры Польшчы старэйшы сын, Канстанцін, з жонкай і дзецьмі выехаў на заробкі ў Бразілію. У 1976-ым наведваў малую радзіму. Аб яго візіце пісала раённая газета «Ленінскі шлях”, адзначыўшы асаблівае здзіўленне замежнага госця асушанымі балотамі. Спыняўся ён у доме малодшай сястры – мамы маёй суразмоўніцы.
Пляменніца, Марыя Ва-сільеўна, ведае імёны стрыечных сваякоў, але сувязі з замежжам не падтрымлівае. Свята захоўвае памяць пра ахвяр вайны – дзядзьку і яго пасынка. Другі брат яе маці, Сяргей, быў «у прыймаках”, як адзначана ў метрычнай кнізе вянчанняў. Пацярпеў ад наступстваў ранення ў час першай бамбёжкі Лунінца 28 чэрвеня 1941-га. Потым памерла яго жонка. Яе пазашлюбны сын Іван Кіпцэвіч вельмі любіў чытаць. Днём дапамагаў айчыму ў гаспадарчых справах, а па вечарах паліў газавую лямпу. Яго так і запомнілі: калі ні зойдзеш у дом, хлопец сядзіць, абкладзены кнігамі і газетамі… Абодвух мужчын – 40- і 20-гадовага – немцы расстралялі ў сумна вядомым месцы на Баханова, дзе цяпер насыпаны Курган Бессмяротнасці. Родныя дагэтуль дакладна не ведаюць, што стала прычынай гібелі, адназначна тлумачачы: вайна…  
Старэйшая з  трох сясцёр Пнеўскіх, Марыля, памерла маладой, пакінуўшы сына-сірату. На жаль, яму быў наканаваны кароткі лёс (забіты цягніком у 28 год), як і яго сыну – у час службы ў арміі 20-гадовы юнак патануў.
Аляксандра, у замужжы Давыдчык, нарадзіла васьмёра дзяцей. У пасляваенны час яны асталяваліся ў тых мясцінах вялікай краіны, дзе былі запатрабаваныя рабочыя рукі. Ва ўзросце каля 50-ці год закончыўся зямны шлях трох сыноў. Яшчэ адзін застаўся ў Лунінцы. З чатырох дочак памерла адна, якая жыла ў Навасібірску. Сястрынскую падтрымку адчуваюць 85-гадовая Вера (жыве на Кубані), 80-гадовая Любоў (паблізу Мінска) і Надзея. Яна засталася адданай роднаму гораду, працавала на чыгуначнай станцыі, хутка адзначыць 82-годдзе.  
Малодшая дачка Пнеўскіх, Вольга, стала жонкай Васіля Пауліча. Зарабіўшы грошай, набыў участак зямлі на ўскрайку Лунінца, якой тады была вуліца Палявая (Польная), і пабудаваў дом пад цяперашнім №27. І гэтай сям’і Бог даў васьмёра дзяцей. На жаль, трое дзяўчынак і хлопчык памерлі ў маленстве – напярэдадні ці ў час вайны. Малодшая з сясцёр жыве ў Гомелі, трое – у Лунінцы. Не дасягнуў 60-годдзя адзін з братоў, дом якога ўзведзены на бацькоўскім «пляцы”. Другі, таксама лунінчанін, назваў сына і дачку імёнамі сваіх таты і мамы. 
Мая суразмоўніца – ветэран працы ААТ «Лунінецкі малочны завод”. Больш як 30 год аддала вытворчасці. Як і равеснікі, скардзіцца на здароўе. Радуецца, што дапамагаюць нашчадкі. Дарэчы, жанчына захавала прозвішча свайго бацькі, як дзеці – мужа. Ураджэнец Расіі, ён заўчасна пайшоў з жыцця больш як 25 год таму. З мамай у дзядулевым доме жыве сын, а сям’я дачкі – у цэнтры Лунінца. Унук і ўнучка самым прыгожым месцам у горадзе лічаць бабуліну ся-дзібу, бавячы тут, як у вёсцы, дні летніх канікул…      
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть