Культура

Радыё. Кропка

радыёДа канца верасня на Лунінеччыне плануюць цалкам завяршыць работы па аптымізацыі праваднога вяшчання. Гэта значыць, што звыклыя ва ўсіх дамах і кватэрах прыёмнікі, што “самі” ўключаліся ў 6 гадзін раніцы і выключаліся апоўначы, адыдуць у гісторыю. На іх месца прыйдзе эфірнае радыё. Аб гэтым і многім іншым гутарым з начальнікам раённага вузла электрасувязі Ігарам ШУРПІКАМ. Тэмы для размовы падказалі чытачы.

ХХХ

– Згодна з планам аптымізацыі, зацверджаным аблвыканкамам, плануем завяршыць работы па пераходу на эфірнае радыёвяшчанне да 1 кастрычніка. З пачатку года адключылі каля 3700 абанентаў. У сельскіх населеных пунктах размяшчаем аб’явы з указаннем месцаў, дзе можна набыць радыёпрыёмнікі, інфармуюць насельніцтва і ўчастковыя электраманцёры. Арганізавана аказанне спонсарскай дапамогі членам грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” па забеспячэнню эфірнымі прыёмнікамі інвалідаў І і ІІ груп. Пры неабходнасці абаненты могуць набыць новае абсталяванне ў растэрміноўку.
– Чаму спецыялісты вузла, прадаючы прыёмнікі, не настройваюць іх на вызначаную частату? Сталым людзям вельмі складана зрабіць гэта самастойна…
– Перад продажам абсталявання праводзіцца яго праверка і настройка. Аднак, паколькі вяшчанне перадач вядзецца з розных перадатчыкаў, то дома і сапраўды могуць узнікаць пытанні. У такім выпадку дастаткова падаць заяўку па нумары 108 і спецыялісты “Белтэлекама” акажуць неабходную дапамогу.
– Ці хопіць магутнасці перадатчыка ў Сінкевічах, каб забяспечыць прыём сігналу на тэрыторыі ўсяго раёна?
– Вяшчанне першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё на тэрыторыі Лунінеччыны ажыццяўляецца з перадатчыкаў у Сінкевічах і Пасянічах Пінскага раёна. Іх магутнасцяў для нас дастаткова. Карта пакрыцця радыёвяшчаннем даступна на сайце www.brtpc.by.
– Многія чытачы хвалююцца, што не могуць слухаць перадачы раённага радыё…
– Перадачы даступны на хвалях першага Нацыянальнага канала на ўльтракароткіх хвалях з перадаючай станцыі ў Сінкевічах па аўторках і чацвяргах з 6.25 да 6.40 раніцы.
Ад рэдакцыі. Клапоцячыся пра сваіх слухачоў, да апошняга дня праваднога вяшчання будзем захоўваць магчымасць сустрэчы такім спосабам. Перадачы, як і раней транслююцца ў аўторак і чацвер з 11.40 да 12.00, у суботу – з 8.00 да 8.30. Праграмы заўсёды даступны і на сайце “ЛН” – www.old.webworking.site.
СЕРВІС ЖАДАЕ БЫЦЬ ЛЕПШЫМ…
– Чаму на тэлеграфе спынілі прыём плацяжоў за тэлефон, інтэрнэт і лічбавае тэлебачанне, што з’яўляецца асноўнымі паслугамі “Белтэлекама”?
– Прыём плацяжоў у сервісных цэнтрах і пунктах РУП “Белтэлекам” адноўлены з 21 ліпеня.
– Якія паслугі прадастаўляе сервісны цэнтр, калі так можна назваць акенца са спецыялістам?
– На сённяшні дзень у нашым сервісным цэнтры, размешчаным па адрасе: г. Лунінец, вул. Пінская, 6, можна заключыць дагаворы на паслугі сувязі РУП “Белтэлекам” і аплаціць іх, набыць тэлефонныя апараты, картачную прадукцыю, эфірныя радыёпрыёмнікі і іншыя тавары. Таксама тут прадастаўляецца доступ у сетку інтэрнэт, у тым ліку па тэхналогіі wi-fi. Можна таксама атрымаць падрабязную кансультацыю аб паслугах і азнаёміцца з самымі папулярнымі на дэманстрацыйных месцах. Разглядаем пытанне ператварэння дадзенай кропкі ў цэнтр абслугоўвання кліентаў. Аналагічныя паслугі прадастаўляюцца ў Мікашэвічах па адрасе: вул. Першамайская, 11.
…ЯК І ІНТЭРНЭТ
– Вельмі часта інтэрнэт byfly працуе з перабоямі. Яго хуткасць таксама жадае быць лепшай. Напрыклад, пры такіх жа лічбавых паказчыках, інтэрнэт ад мабільных аператараў працуе значна лепш. Што робіцца для паляпшэння сувязі?
– Наша прадпрыемства аказвае абанентам кансультацыйную дапамогу і тэхнічную падтрымку праз кругласутачную службу па тэлефоне 123. Улік паступіўшых тэлефанаванняў і заявак карыстальнікаў аўтаматызаваны. Статыстыка змянення якасці паслуг збіраецца і аналізуецца штодзённа. Сярэдняя хуткасць доступу павялічваецца пастаянна, з пачатку года гэта адчулі практычна 40 працэнтаў карыстальнікаў. У найбольш выгадным становішчы – абаненты, якім у кватэру “завялі” оптавалакно. Для іх хуткасць доступу да сусветнай сеткі можа дасягаць 100 мегабіт у секунду. Паляпшаецца якасць пры пераключэнні стацыянарнага тэлефона на платформу IMS. Сітуацыі з “праблемнымі” лініямі разглядаюцца, па іх прымаюцца адпаведныя тэхнічныя рашэнні.
– Ці ёсць магчымасць падключыць інтэрнэт там, дзе ўстанаўліваюцца бесправадныя тэлефоны?
– Галоўнае, каб у абанентаў выконваліся дзве абавязковыя ўмовы – наяўнасць тэрмінала WLL, які падтрымлівае перадачу дадзеных у сетках 2G (іх выдаем пры жаданні карыстальнікаў падключыць паслугу доступу ў інтэрнэт) і магчымасці перадаваць і прымаць дадзеныя ў сетцы мабільнага аператара МТС, з якім маем пагадненне. Доступ у інтэрнэт прадастаўляецца з выкарыстаннем тарыфаў byfly з аплатай па трафіку. Максімальная хуткасць дасягае 153 кілабіта ў секунду і залежыць ад ступені загружанасці сеткі і аддаленасці ад базавай станцыі.
– Дзякуй за адказы.
Запісаў Аляксандр КОЎКА.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть