Культура

Раніцай убачыць сонца

Праз невялікае акно відаць разгалістую яблыню, усыпаную круглымі вялікімі пладамі. Многа іх ужо не ўтрымалася на тоўстых галінах і ад парываў вострага ветру апусцілася долу разам з пажоўклым лісцем. Кожную раніцу бачна, як змяняецца наваколле ад уздзеянняў сонца і дажджу, як прырода адчувае веянні надыходзячых халадоў. Менавіта хуткаплыннасць дзён уносіць свае перамены і ў жыццё людзей.
На падворку Надзеі Каховіч з Дварца побач з той шыкоўнай яблыняй пранесліся ўсе яе ранкі і змярканні…
А пачыналася гісторыя доўгага веку ў далёкім 1922 годзе, калі на свет паявілася маленькая дзяўчынка. Ёй далі прыгожае імя Надзейка, каб малая ўвасабляла веру ў лепшае, каб жылося лягчэй. Даваеннае маленства не пакідала часу для бесклапотнасці, раслі з галоўным імкненнем – зрабіць як мага больш спраў па гаспадарцы, дапамагаючы дарослым. Летам шчыравалі на полі, зімой дбалі пра вопратку – пралі і ткалі, бо пра купленыя сукенку ці кашулю заставалася толькі марыць, такімі дарагімі і недасягальнымі яны былі. Дзяўчынка паспела атрымаць адукацыю ў чатырох класах польскай школы, а рускай мове давялося вучыцца самастойна. Ды імклівыя падзеі 40-ых унеслі свае карэктывы ў лёсы людзей.
Чорнай хмарай абрынулася вайна. З двара забралі ўсю жыўнасць, якая была галоўным спадзяваннем на хоць і не надта сытнае, але і не галоднае існаванне. Апусцелыя хлеў і склеп прымусілі сям’ю жыць у нішчымніцы. Дзяліліся апошнім кавалачкам, туліліся ў зямлянцы. Ледзь «выкачаліся» ад тыфу. Вельмі доўга моцна хворай ляжала сястра Вольга, нават не спадзяваліся, што выжыве. Але лёс яе пашкадаваў.
Перажыўшы горыч самых балючых момантаў у жыцці краіны, спачатку было страшнавата верыць у мірнае існаванне. На ўсё жыццё засталася трывога, бо такой незагойнай была рана, якую нанеслі ворагі. Пад гукі самалёта ногі самі зрываліся бегчы схавацца, бо столькі разоў паўтараліся налёты велізарных машын з чорнымі крыжамі, што неслі смерць. І хаця ў мірны час на баку «крылатай птушкі» зіхацела чырвоная зорка, сэрца доўга калацілася мацней звычайнага.
Але да лепшага прывыкаецца хутка. Надзя і яе равеснікі адбудоўвалі зруйнаваную краіну. Пад мірным сонцам ствараліся новыя шлюбы, нара-джаліся дзеці. Гэты салодкі вір спадзяванняў на шчасце захапіў дзяўчыну і аднавяскоўца Васіля – яны ажаніліся.
Старэйшыя дачушкі Каця і Марыя добра памятаюць сваё дзяцінства. Адно за адным іх нарадзілася шасцёра. Спраў па гаспадарцы хапала кожнаму, але пад абаронай старэйшых малым жылося спакойна і ўтульна. Ды такі расклад цягнуўся нядоўга – моцна захварэў бацька. Доўгім было хваляванне за роднага чалавека, але не знаходзілася патрэбных лекаў. А калі вялікая машына павезла тату на могілкі, дзецям па-сапраўднаму стала страшна. Маці плакала, яны выціралі вочы ўслед за ёй, маленькімі сэрцайкамі адчуваючы, што скончылася іх бесклапотнасць…
Трэба было жыць далей. Даходы маленькія, расходы вялікія. Працуючы паляводам у калгасе, маладая ўдава атрымлівала капейкі. А трэба было накарміць і апрануць малых, заплаціць падаткі. Дзяўчаты дапамагалі, як маглі. Хлапчукі, хоць і меншыя, не адставалі ад сястрычак. У школе ўладкоўваліся прыбіральшчыцамі, даглядалі чужых дзяцей у больш заможных сем’ях, браліся за пасільныя абавязкі ў калгасе. Марыя замест навучання ў старэйшых класах паспела з’ездзіць на заробкі на Украіну. Тыя дзіцячыя, самастойна заробленыя грошы, былі, напэўна, самымі важнымі з усіх даходаў у яе жыцці. А калгасныя палеткі, на якіх раслі буракі, лён, бульба і жыта, ведалі ўдоўж і ўпоперак, бо пастаянна апрацоўвалі іх разам з мамай.
Незаўважна прайшоў час, дзеці падраслі, разляцеліся па свету – хто паступіў вучыцца, хто стварыў свае сем’і. Пераадолеўшы клопаты з малымі, правёўшы іх у самастойнасць, маці паверыла – нягоды скончыліся. Будзе з радасцю сустракаць унукаў, жыць дзеля іх. Але нечакала здарылася трагедыя з сынам Васілём.
Ён служыў у ракетных войсках. Ішоў савецкі час, інфармацыя была засакрэчанай, родныя і цяпер не ведаюць усіх падрабязнасцей. Юнак вярнуўся дадому хворым і хутка зусім страціў зрок. Дапамагаць у пакутах роднаму сыну, які не бачыў сонечнага святла, не мог абыходзіцца самастойна, для маці было невыносна цяжка. Жанчына прыкладвала ўсе намаганні, каб выратаваць яго ад слепаты, вазіла па дактарах. Гарантыі не даваў ніхто. Самаадчуванне пагаршалася і хутка хата апусцела, свет памерк для родных…
Мінула шмат часу, зараз Надзеі Рыгораўне 92 гады. Першае, пра што згадала яна пры сустрэчы, гэта страчаны прыгожы хлопец, які з партрэта на сцяне добразычліва глядзіць удалячынь. Мы не ведаем, па якім раскладзе людскія лёсы ўпарадкоўваюцца на нябёсах, але маці горка жыць у некалькі разоў больш за сваё дзіця.
Цяпер хата мала нагадвае тую новабудоўлю, якую некалі маладыя Каховічы распачыналі ў палоне светлых пачуццяў і прыгожых мар. Пасля смерці гаспадара жанчына больш не імкнулася знайсці каханне, прысвяціла сябе дзецям. А калі яны выраслі, скроні пабялелі і груз перажытага так ціснуў на плечы, што сэрца ўжо ніяк не імкнулася да перамен. Тыя кароценькія моманты шчасця побач з мужам, якія засталіся недзе ў самых патаемных куточках душы, часам хвалююць немаладую жанчыну. Асабліва пад яблыняй, якая некалі ўзнімалася тонкай былінкай і была сведкай іх кранаючых позіркаў у глыбіню дарагіх вачэй.
У дзецях яна заўсёды бачыла падтрымку і спагаду. Двое з іх – Марыя і Рыгор – жывуць у Дварцы, Іван апынуўся ў Лахве, Кацярына асталявалася ў Вялікіх Чучавічах. Найдалей ад радні сустракае жыццёвыя ранкі Мікалай – для яго сталі блізкімі краявіды Гродна. Любяць бываць у бабулі многія з 15 унукаў, расказваюць ёй пра свае дасягненні і дзеляцца сакрэтамі.
– Устала раніцай, убачыла сонца, – значыць не памерла, жыву – такі дэвіз паўтарае Надзея Рыгораўна кожны дзень. Ёй няма куды спяшацца. Хаця па-ранейшаму хочацца працаваць. Дзеці і ўнукі просяць паберагчы сябе, але як прыемна ўзяць у рукі да болю знаёмыя прылады працы, ад якіх некалі на далонях ніколі не сходзілі цвёрдыя мазалі. Рухі больш павольныя, але раптам жанчына быццам вяртаецца ў маладосць з рыдлёўкай ці матыкай, і ажывае спякотны калгасны палетак, працаўніцы ў белых хусцінках з жартамі і песнямі нястомна шчыруюць да цямна… Запячэ ў грудзях ад перажытага, усмешка кране бледныя вусны і скупая слязінка скоціцца па твары…
Часта наведваюць родныя, але самота прыходзіць начамі, каб растрывожыць стомленае сэрца. Позірк у цемру з думкамі аб мінулым, потым бясконцы дзень у цішыні. Яна вельмі рада гасцям, бо ў размове цікавей пройдзе час. Равесніц ужо нікога не засталося на вёсцы, а маладым не стае часу слухаць цікавыя расказы пра мінулае.
Стукаюць яблыкі, ападаючы долу. Лістота павольна апускаецца на зямлю ў адчуванні хуткай зімы. Вокны драўлянай хаты павернутыя да сонца. І худзенькая постаць жанчыны пад разгалістым дрэвам, разам з якім пройдзены няпросты жыццёвы шлях. Такой запомнілася мне доўгажыхарка Надзея Рыгораўна, якая шчыра жадае ўсім людзям шчасця і доўгага веку.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть