Культура

Ратавала… Страчвала… Жыла…

Яе бацькі пачалі сумеснае жыццё ў вайну. Маладыя, адчайныя, яны не верылі, што ліхалецце працягнецца доўга і спадзяваліся жыць мірна і шчасліва. Але горыч ад акупацыі яшчэ некалькі год будзе вісець чорнай хмарай, а ў маладой сям’і ўжо ў 1942-ім заплакала немаўлятка. Так пачаўся жыццёвы шлях цяперашняй лунінчанкі Таццяны Кузьміч, якая 39 год змагалася за здароўе дзяцей, працуючы ўрачом.
Бацькоўскі дом стаіць на аддаленым хутары каля Сасноўкі. Сямігодку скончыла ў Язвін-ках, сярэднюю адукацыю атрымлівала ў лунінецкай школе №1.
Добрыя веды, аднак не дапамаглі адразу стаць студэнткай медвучылішча. Давялося вярнуцца назад з цяжкім сэрцам і думкамі, што рабіць далей, бо дома бацькі-калгаснікі з мізэрнымі заробкамі і сямёра малодшых братоў і сясцёр. Па прыкладу гераічнай у той час Пашы Ангелінай хацелася стаць трактарысткай. Але хударлявай па целаскладу і невысокай дзяўчынцы такая прафесія была не пад сілу. Памкнулася пайсці на будоўлю – таксама сказалі, што не справіцца.
Уладкавалася дэзінфектарам у Бастынскую бальніцу. Абслугоўвала адразу некалькі вёсак, часта наведваючы хворых на туберкулёз, які тады моцна прагрэсіраваў. З зар-платы, помніцца, купіла тканіну на кофту і спадніцу для мамы.
Пачала рыхтавацца да паступлення. На гэты раз Мінскі медінстытут расчыніў дзверы для будучай студэнткі. Не ўсё давалася лёгка, патрабаванні вялікія, а з другога курса сумяшчала вучобу і работу. Размеркаванне атрымала ў Ганцавічы.
Неяк не задумвалася пра асабістае жыццё. І тут зноў сустрэўся былы аднакласнік Фёдар, сусед, які таксама яшчэ не знайшоў сваю палавінку. Ён быў сіратой, працаваў у будаўніцтве. Прызнаўся, што часта думаў пра яе. На сціплае вяселле калектыў і адміністрацыя мед-установы падарылі ўсю неабходную мэблю, і маладыя пачалі ўладкоўваць сямейны быт.
Неўзабаве пераехалі ў Лунінец. І пацягнуліся працоўныя будні. Колькі было выратаваных маленькіх жыццяў! Калі здаралася, што дапамагчы было немагчыма, горыч перапаўняла сэрца. Але найчасцей бачыла шчырыя ўсмешкі дзяцей і ўдзячныя позіркі матуль.
Аднойчы прывезлі непрытомную дзяўчынку. Ніякія метады не дапамагалі вярнуць дзіця ў пачуццё. Неяк інтуітыўна Таццяна адчула пах ацэтона. Тэрмінова выклікалі эндакрынолага, праверылі ўзровень цукру ў крыві. Пасля дозы інсуліну пацыентка прыйшла ў сябе. Тады малады ўрач пачула ўдзячнасць не толькі ад родных хворай. “Будзе толк!” – такі прысуд далі старэйшыя калегі. І толк сапраўды быў. Без ультрагукавога даследавання, камп’ютараў і тамографаў даводзілася ставіць дыягназы. Не аднойчы ў цяжкіх выпадках дзетак везлі ў Пінск, па дарозе трымалі на кіслародзе і ўнутрывенна ўводзілі ін’екцыі, калі аўтамабіль калаціла на ўхабах. Аб тым, што работа Таццяны Васільеўны была стараннай і адданай, сведчаць сённяшнія водгукі галоўнага ўрача Ігара Невара. Зараз жанчына на пенсіі, і восень свайго жыцця праводзіць у адзіноце…
Ім лёс падарыў трох сыноў. Адзін за адным Саша, Іван і Коля ўзнімаліся з калыскі, каб радаваць родных вясёлым шчабятаннем і першымі дасягненнямі. Калі былі ў 4, 5 і 6 класах раптоўна захварэў галава сям’і. Проста страціў прытомнасць. І страшны прысуд – пухліна галаўнога мозга. Аперацыя не дапамагла, Таццяна засталася ўдавой. Дома малыя патрабавалі догляду, на рабоце захліствала чужая бяда, дапамагчы ў якой магла толькі яе стараннасць. Так, разрываючыся паміж бальніцай і хатнімі абавязкамі, міналі дні.
Прайшло некалькі год. Аўдавелы сусед стаў дапамагаць па гаспадарцы, і неўзабаве яны сышліся жыць разам. Здавалася, будзе так да глыбокай старасці. Толькі ў 2006-ым зноў лёс усё перайначыў.
Яны сядзелі на лавачцы ў бальнічным дворыку – мужчына лячыў тут хворае сэрца. І раптам ён моўчкі апускаецца ўніз, яна не ў сілах падтрымаць, просіць аб дапамозе. Падбягае ўрач і канстатуе смерць…
Зноў жанчына застаецца адна. Ды і яе цяпер часта бачаць у бальніцы. Каварны інсульт паспеў зрабіць сваю чорную справу. Але здавацца назусім яшчэ рана. Там, на аддаленым хутары, чакае матуля Настасся Трафімаўна Харкевіч з 1921 года нараджэння. Мінула каля 10 год, як пайшоў з жыцця бацька. Браты і сёстры не адсталі ў адукацыі ад Таццяны Васільеўны. Ёсць у іх сям’і хірург, геолаг, настаўнікі геаграфіі і пачатковых класаў, два вадзіцелі.
Марыў пра педагогіку і малодшы брат Віктар, студэнт БДУ ў 1980-ыя гады. Будучы на другім курсе, ён ляцеў на экскурсію, ды авіякатастрофа каля Смалявіч не пакінула шанцаў выжыць. Яны там усе і пахаваны, у адной брацкай магіле…
Пры ўспаміне пра страчаных мужоў і трагічна загінуўшага брата вочы Таццяны Васільеўны зноў напаўняюцца слязамі. Вось яна, жорсткасць жыцця. Як урач, змагла выратаваць многіх незнаёмых людзей, але засталася бяссільнай перад роднымі.
Два сыны жывуць на Міншчыне, старэйшы – у Лунінцы. Вялікія пакоі, якія некалі звінелі ад дзіцячага смеху, зараз выглядаюць сіратліва. Ёй прапаноўвалі памяняць жыллё на Залессі на другі канец горада, каб быць бліжэй да сына. Але цяжка нешта перайначыць. Тут засталіся ўспаміны – пра светлую маладосць, пра жаночае ўдовіна гора. Тая мэбля, якую падарылі на вяселле, служыць да сённяшніх дзён. Ёсць сродкі прыдбаць нешта новае, але яны такія блізкія сэрцу – і шафы, і канапы – што выкінуць іх будзе лічыцца здрадай.
Грэе душу Таццяны Васільеўны людская ўдзячнасць, з якой знаёмыя і незнаёмыя людзі памятаюць яе работу. І зараз многія звяртаюцца за парадай. Часта прыносяць кветкі, якія яна лічыць найвялікшай узнагародай за стараннасць. А пажаданне жанчына ўсім дорыць галоўнае – “Будзьце здаровы!”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть