Культура

“РАЁНКА СПРЫЯЕ ЎСМЕШЦЫ…”

Так лічыць сацыяльны работнік з Бастыні Ірына ПЕТРАШЭНКА. Яна стала пераможцам невялікай віктарыны на веданне гісторыі раённай газеты, што правялі ў калектыве аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму.

– Што ж тут дзіўнага?! – адказала яна, прымаючы прыз ад “Лунінецкіх навін”. – Усе пакаленні нашай сям’і падпісвалі раёнку. Дакладна памятаю назвы “Авангард” і “Ленінскі шлях”, пад якімі выдавалася газета. На жаль, ужо 15 год няма мамы, 5 – бацькі. Але “Лунінецкія навіны” па-ранейшаму прыходзяць у наш дом і дапамагаюць пераадольваць жыццёвыя нягоды.

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Міхайлаўна працуе 7 год, даглядае 7 састарэлых адзінокіх вяскоўцаў. Адчувае, што яе падапечным давялося перажыць польскую ўладу, нямецкую акупацыю, пасляваенную нястачу, таму шкадуе хворых і нярвовых старых, імкнецца зразумець і дараваць сваім падапечным…

На лёс Ірыны Міхайлаўны таксама прыпала нямала бядот. У 30 год засталася ўдавой. Сама падымала двух дзяцей, якім дала імёны святых хрысціцеляў Русі. Уладзімір, закончыўшы прафтэхвучылішча, паспеў папрацаваць будаўніком на чыгунцы. У студзені сын прызваны на тэрміновую службу ў армію – механік-вадзіцель танка ў вядомых Печах пад Барысавам. Вольга – першакурсніца Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аляксандра Пушкіна. Займаецца на складаным фізіка-матэматычным факультэце. Паспяхова здала зімовыя экзамены. Цяпер мама хвалюецца за дачку, у якой – летняя сесія.

– Дзеці заўсёды цікавяцца навінамі раёна, – гаворыць суразмоўніца. – Адкладваю для іх газету, каб прачыталі, калі наведаюць дом. Мне ў раёнцы важная ўся інфармацыя, знаёмлюся з матэрыяламі ад першай да апошняй старонкі. Кранаюць душу расповяды аб людскіх лёсах, расказы аб лепшых працаўніках у розных сферах дзейнасці. Са школьных год люблю гісторыю, з Львом Коласавым падабаецца адкрываць невядомыя старонкі мінулага нашага краю. Сапраўдны прававы ўсянавуч нясуць матэрыялы “Юрыдычнага клуба” – вопыт чужых памылак трэба выкарыстасць, каб пазбегнуць небяспечных сітуацый.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть