Культура

РАЗМОВА ПАД ТРЭСК ПАЛЕННЯЎ…

Пабудаваў дом, пасадзіў сад, выгадаваў дачку і сына работнік прыфрантавых чыгунак, прыроўнены да ўдзельнікаў вайны, ветэран працы лакаматыўнага дэпо Лунінец Барыс Якаўлевіч КУРАПАЎ, які днямі адзначыў 90-годдзе

Маленькі домік з замеценым снегам дваром не губляецца на нешырокай вуліцы Смаленская. Насупраць сядзібы размешчаны бальнічны гарадок, узведзены аўтобусны прыпынак, тут дастаткова мнагалюдна. Але гаспадар не пакутуе ад адзіноты і дома. Трэба нанасіць дроў, выпаліць пліту і грубку. А яшчэ – прыгатаваць ежу і навесці парадак у пакоі. Тут ён стварыў своеасаблівы мемарыял сваёй сям’і. Шмат фота захоўваюцца ў вялікіх альбомах. Самыя дарагія яго душы здымкі павялічаны і размешчаны на стале паміж двума вокнамі, пад абразамі. Два партрэты ў адной рамцы стаяць на былым ложку жонкі, якая закончыла зямны шлях 6 год таму.

– Гэта мае бабуля і мама, – тлумачыць Барыс Якаўлевіч. – Захоўваю здымкі дзядулі і бацькі, якога ніколі не бачыў…

Ураджэнец Пензы Якаў Курапаў служыў прапаршчыкам царскай арміі. Першая сусветная вайна занесла яго на станцыю Лунінец, дзе пазнаёміўся з Ганнай Мацкевіч – дачкой цесляра-сталяра. Абвянчаліся ў чыгуначнай царкве, і жонка паехала за мужам, атрымаўшым новае прызначэнне. У Плоцку каля Варшавы паявіўся на свет іх сын. Бацька даў павозку і двух салдат, каб даставіць маладую маму і немаўля ў Лунінец. Іх суправаджала бабуля, трымаючы двухмесячнае дзіця, як жартавалі ў сям’і, “за пазухай”. А потым дайшла чорная вестка аб гібелі бацькі. У 1970-ыя гг. Барыс Якаўлевіч наведаў брацкую магілу ў прыгарадзе сталіцы Польшчы, пакланіўся воінскаму пахаванню…

Сёстры мамы не дазволілі яму адчуць сябе сіратой, акружылі клопатам і ўвагай. Родным стаў дом на вуліцы Віленская, які пабудаваў дзед – селянін з Кажан-Гарадка, які з пачатку ХХ стагоддзя працаваў на чыгунцы. Хлопчык хадзіў у “паўшэхную” школу, потым – гімназію. З бабуляй, адданай праваслаўнай верніцай, кожную нядзелю пераадольваў чыгуначны мост да Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. У храме падлетка заўважылі, прапанавалі прыслужваць. Быў шчаслівы, калі навучылі званіць.

– Памятаю кожны рух, – усміхаецца Барыс Якаўлевіч. – Думаю, і сёння, трапіўшы на званіцу, здолеў бы выцягнуць малінавы звон, каб гучаў над горадам…

Паспяховасць у вучобе ўсё ж не давала падстаў для яе працягу – сям’я не была заможнай. Юнак згаджаўся на любую справу. У Лунінцы ўзводзілі казарму – падносіў цэглу. Больш стабільны заробак – 2 злотыя ў дзень – атрымліваў у Луніне на пракладцы дарогі з так званых “костак”. Не меўшы веласіпеда, выходзіў у 5 раніцы і паспяваў да 7-мі – пачатку рабочага дня. Тэхналагічны працэс “брукавання” адлюстраваны на фотаздымках ліпеня 1939-га. У верасні Заходняя Беларусь злучылася ў складзе БССР.

– Радасць уз’яднання азмрочыла высылка маіх родных, – уздыхае старажыл. – Дзядулю-чыгуначніка і бабулю з маім дзядзькам вывезлі на поўнач…

Жыццё працягвалася. Барыс паступіў у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. У чэрвені 1941-га здаваў экзамены і чакаў атрымання дыплому. Тут яго і напаткала вайна. Як і большасць жыхароў, выпакутаваў жахі аккупацыі, страціў многіх суседзяў і сяброў. Шчасце вызвалення павялічылася сямейным – абвянчаўся з каханай дзяўчынай, да дому якой на Брадзілаўцы (цяпер вуліца Сялянская) скарачаў шлях з Залесся – праз могілкі.

– Вера была дачкой машыніста паравознага дэпо, – расказвае Барыс Якаўлевіч. – Цесць, Аляксандр Уласавіч Ляўчук, прапанаваў: ідзі да мяне памочнікам. Да гэтага часу я адпрацаваў на розных работах: дзяжурным станцыі Пінск, цесляром вагоннага дэпо станцыі Лунінец, кладаўшчыком і слесарам-водаправодчыкам вайсковай часці. У дэпо спачатку быў качагарам, пасля закончыў курсы машыністаў Баранавіцкай дартэхшколы. Памочнікам машыніста цеплавоза працаваў да выхаду на пенсію…

Ветэран з годнасцю паказвае Ганаровую грамату, уручаную ў 1976 годзе, два юбілейныя медалі за работу на прыфрантавой чыгунцы. Яшчэ адзін прадстаўнік сям’і, адлюстраваны на шэрагу здымкаў, удзельнічаў у Другой сусветнай. Пацярпеўшы ад рэпрэсій брат мамы Леанід Мацкевіч, які з 1940-га знаходзіўся ў зняволенні ў Чалябінску, уступіў у армію Андэрса, змагаўся з фашыстамі ў Паўночнай Афрыцы. Пасля вайны жыў у Польшчы. Часта наведваў малую радзіму. Сюды ў 1950-ыя гг. з Алтайскага краю вярнулася бабуля Агаф’я. Дзед Емяльян памёр на станцыі Вялікая Рэчка…

На месцы прадзедаўскай сядзібы ўзвёў дом сын Барыса Якаўлевіча. Дачка, якая працавала ў іншым горадзе, цяпер вярнулася ў Лунінец. Стары спакойны за дзяцей, уладкаванне чатырох унукаў і чатырох праўнукаў.

Пенсіянер амаль не змяніў заняткі ў вольны час. Заўсёды любіў рыбачыць на Прыпяці, нават лодку змайстраваў – шырокую, трывалую, адно задавальненне было кідаць з яе спінінг! Другім захапленнем быў збор ягад, асабліва чарніц, ведаў сапраўды “залатыя” месцы ў навакольным лесе.

– Любіў наведваць стадыён, калі гулялі ў футбол, – адзначае Барыс Якаўлевіч. – У гады маёй маладосці лунінецкія аматары спорту выяўлялі перавагу кожную нядзелю. Колькі людзей збіраліся на святы каня, спаборніцтвы ўланаў, конкурсы прафесійнага майстэрства пажарных каманд! І штодзень у 17 гадзін з альтанкі ў “садзе каляёвым” гучаў духавы аркестр. Чуем гукі трубы – кідаем работу. Заўсёды шкадаваў, што мама, хвалюючыся за маё здароўе, не дазволіла авалодаць інструментам…

Юбіляра павіншавалі разам са старшынёй пярвічнай арганізацыі ветэранаў лакаматыўнага дэпо Анатолем Барысавічам Арловым. Калі ў магазіне №66 ОРСа станцыі Лунінец даведаліся, што іх пастаянны пакупнік адзначае такую значную дату, таксама перадалі Барысу Якаўлевічу салодкі падарунак.

На пенсіі чыгуначніка пацягнула да сялянскіх вытокаў – працы на зямлі. Улетку яго цудоўны сад уражвае багатым ураджаем яблык і груш. Кветкі, якімі захаплялася жонка, з такой жа ахвотай працягвае вырошчваць гаспадар.

– Прыходзьце ў красавіку, – гасцінна запрашаў Барыс Якаўлевіч. – У мяне столькі цюльпанаў, што не на адзін букет хопіць…

Аляксандр МАТОР, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть