Рэчаіснасць – вачамі творцаў
Культура

Рэчаіснасць – вачамі творцаў

ганцевичиНа базе Ганцавіцкай раённай газеты “Савецкае Палессе” прайшла міжрэдакцыйная лятучка. Удзел у ёй бралі старшыня абласной арганізацыі “Беларускі саюз журналістаў” Георгій Тамашэвіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ігар Гетман, галоўныя рэдактары і вядучыя журналісты абласной і раённых газет.

Месца правядзення мерапрыемства выбрана невыпадкова. Ганцавічы славяцца знакамітымі пісьменікамі і паэтамі, якія нарадзіліся, выраслі ці працавалі тут. Гэта Аляксандр Сержпутоўскі, Якуб Колас, Васіль Праскураў, Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Іван Лагвіновіч, Віктар Гардзей, Уладзімір Марук, Алесь Каско. Іх імёны занатаваны на алеіі Пісьменнасці, з якой і пачалі азнаямленне з краем. Наведалі таксама гарадскія бібліятэку імя Праскурава і краязнаўчы музей, дзе разам з іншым пазнаёміліся з юнымі паэткамі, іх вершамі, а таксама выставай маляўнічых вышыванак, выкананых на высокім мастацкім узроўні. Парадаваліся таксама за сваіх калег, журналістаў “Савецкага Палесся”: у рэдакцыі праведзены доўгачаканы рамонт. Не менш захапляючай і пазнавальнай была экскурсія па раёне. Хлебам-соллю, жартоўнай інсцэніроўкай і прысмакамі нацыянальнай кухні з мясцовым каларытам сустракалі журналістаў педагагічны калектыў і вучні Люсінскай сярэдняй школы, якія правялі цікавы экскурс па школьнаму літаратурна-этнаграфічнаму музею імя Якуба Коласа.
Уразілі сваім абшарам як прыроднае, так і рукатворныя азёры рыбгаса “Лактышы”. А якую смачную рыбу і юшку прапанавалі паспытаць на аграсядзібе “55-ты Кардон”! Тут ацанілі на смак прадукцыю ганцавіцкай харчовай вытворчасці – глазіраваныя кукурузныя палачкі і мінеральную ваду “Царыца”. Не прамінулі пабываць і ля святыняў краю, сярод якіх шматвекавы дуб. Мясцовыя жыхары ўпэўнены, што, датыкаючыся да яго, набіраешся гаючай сілы, а прыклаўшы далоні да размешчанага побач вялізнага валуна і шчыра загадаўшы жаданне, можаш не сумнявацца – яно збудзецца.
Таямнічай падалася дарога да святыні зямлі Ганцавіцкай – Ізбійскага бора. Як кажуць старажылы, тут заблукаўшы ў чашчы лясной пастух убачыў на высокай сасне ікону Божай Маці Успенскай. Яна і вывела яго да людзей. З таго часу ікона пабывала ў некалькіх храмах, але зноў і зноў невядомым чынам вярталася на сасну. Верачы ў святую сілу гэтых мясцін праваслаўныя вернікі пабудавалі там невялікую царкву, якая потым згарэла. Сёння тут зноў збіраюць сродкі на яе ўзвядзенне. А пакуль кожны год на Успенне на невялічкай палянцы пад адкрытым небам праходзяць богаслужэнні. Памаліўшыся, вернікі падыходзяць да вялікай сухой сасны, на якой калісьці была ікона, і просяць у яе здароўя сабе і блізкім. Святая вера многім з іх дапамагае пераадолець немачы.
Завяршэннем мерапрыемства стаў круглы стол з удзелам кіраўніка раёна Аляксандра Саланевіча і яго намеснікаў. Разглядаючы пытанне творчага адлюстравання рэчаіснасці на старонках газеты, журналісты дзяліліся вопытам, абмяркоўвалі тыя ці іншыя аспекты сваёй дзейнасці, раіліся і, у рэшце, зышліся ў адным: каб зацікавіць чытача, неабходна да кожнага, нават радавога матэрыялу падыходзіць творча і лепш за ўсё – праз вобразы. Не пакінулі без увагі і электронныя версіі газет. Уважліва выслухаўшы творчую дыскусію, кіраўнік раёна запэўніў журналістаў, што друкаванае слова па-ранейшаму з’яўляецца дзейсным сродкам у дасягненні пастаўленай мэты. “Не верце, калі той ці іншы чалавек гаворыць, што яму ўсё роўна: напісалі пра яго ці не. Кожны ў душы радуецца, калі падаецца станоўчы матэрыял і засмучаецца, калі наадварот”…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть