Культура

Шчасце без абцасаў

Яны сустрэліся каля аўтобуснага прыпынку, на які спяшалася Вольга. Ірына ішла да свайго раскошнага “Мэрса”, прыпаркаванага непадалёку, роўненька стукаючы тоненькімі абцасамі. Былыя аднакласніцы не бачыліся 15 год, таму адразу забыліся пра свае паўсядзённыя клопаты, і схаваліся ад гарадской мітусні за вокнамі невялікай “кафэшкі”.
Вольга, апранутая ў простую шэрую куртку і стаптаныя боты, адчувала сябе ніякавата перад даўняй знаёмай. Ірына скінула шыкоўнае светлае футра, пышныя дагледжаныя валасы прыгожымі хвалямі ляглі на доўгую чорную сукенку, аздобленую дарагімі ўпрыгожаннямі. Усе навокал прыкавалі позіркі да чароўнай незнаёмкі. Кінуўшы афіцыянту абыякавае: “Каву без цукру”, яна з жалем глядзела на лепшую сяброўку дзяцін-ства.
– Як ты? – прагучала неяк ненатуральна ласкава.
Вольга ўсміхнулася, з захапленнем гледзячы на Ірыну.
– Ды нармальна, – кінула, не ведаючы, што казаць далей.
– Працуеш? – Ірына саромелася прама спытаць аб беднасці сяброўкі, і шукала нейкі падыход.
– Так. Медсястрой у бальніцы, з цяжкахворымі. Вось толькі са змены. А ты?
– Выдатна, – Ірына падняла кубачак з кавай, бліснуўшы залатымі пярсцёнкамі.
– Сям’я, дзеці? – спыталася Вольга.
– Муж – бізнесмэн, дзяцей няма.
– У мяне трое. – Вочы Вольгі пры ўспаміне аб родных дзіўна засвяціліся. – Муж – вадзіцель на “хуткай”. Сын вучыцца на выратавальніка, дачушка – на ўрача, а меншая – фельчар.
– Дык вы ўся сям’я – выратавальнікі, – здзівілася Ірына. – Бачу, шчаслівая ты.
– Напэўна, так. Муж і дзеці ў мяне цудоўныя. Праўда матэрыяльна цяжка, бо ўсе студэнты.
– Гэта часова. А што мне з маіх грошай, калі жыць няма для каго. І муж – адна толькі назва, – апусціўшы галаву, Ірына сілілася схаваць слёзы.
– Ну, што ты… – Вольга не ведала, што казаць далей…
Праз добрую гадзіну, паплакаўшы аб жаночай долі, згадаўшы светлыя моманты юнацтва, абмяняўшыся тэлефонамі, абяцаннямі званіць і сустракацца, былыя аднакласніцы пакінулі ўтульнае кафэ. На выхадзе ўжо Вольга з жалем гля-дзела на сяброўку, супакойваючы тую і жадаючы ўсяго найлепшага. Сумныя вочы Ірыны пад дарагім футрам выклікалі не зайздрасць, а шкадаванне.
Вольга больш не здавалася Ірыне няшчаснай у сваёй просценькай вопратцы. Недзе глыбока ў душы паднімалася хваля павагі і лёгкай зайздрасці да шчаслівай жонкі і матулі. Праводзячы позіркам аўтобус, адкуль сяброўка махала рукой на развітанне, шыкоўная іншамарка больш не выклікала пачуцця задаволенасці, якое да гэтага пастаянна перапаўняла яе ад людской зайздрасці на вялікае багацце. Чамусьці хацелася скінуць дарагое адзенне, апрануць белы халат і, як Вольга, правесці бяссонную ноч у бальнічнай палаце, дапамагаючы хворым.
Запозненае расчараванне захліснула жанчыну, бо ў свой час яна сама выбрала багацце, страціўшы вялікае каханне і магчымасць стаць маці. Непатрэбныя яркія пярсцёнкі зіхацелі на яе пальцах. Сёння яны чамусьці нагадвалі слязінкі… Уважлівыя позіркі сустрэчных здаваліся папрокам і здзекам.
А Вольга, стоячы ў перапоўненым аўтобусе, шчыра спачувала сяброўцы. Цяпер яна яшчэ раз зразумела, з чаго складаецца жаночае шчасце. Больш ніколі не будзе глядзець з зайздрасцю на шыкоўных, багата апранутых жанчын, бо знешняя дагледжанасць не заўсёды адпавядае ўнутраным адчуванням.
Мнагадзетную матулю зноў занялі паўсядзённыя клопаты. Але калі раней стамлялі такія думкі, то пасля сустрэчы з Ірынай яна адчула сябе самай шчаслівай на свеце. Няхай сабе без дарагіх машын і высокіх абцасаў.

Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

  1. спасибо, Мария Ярохович, за статьи о людях. До души доходят такие публикации.

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть