Культура

Шчаслівыя і багатыя

Мама… Самае добрае, самае шчырае слова з тых, якія прыдуманы на зямлі. Шчаслівы той з нас, хто спазнаў усю моц матулінай любові, цеплыню родных рук, бляск вільготных вачэй ад чуллівага позірку на сваё дзіця. Ніхто так не пашкадуе, як маці. Ніхто так не зразумее, як яна. Нават за памылкі заўсёды даруе першай…
Дзеля яе ўсмешкі варта прайсці праз многія выпрабаванні, вытрымаць цяжкасці, адолець пакуты і боль. За яе здароўе варта змагацца, дорачы ёй цёплыя словы, прыносячы станоўчыя ўражанні, робячы прыгожыя ўчынкі.
Дзеці – гэта тое, з чаго складваецца маміна жыццё. Любячая, шчырая – яна ніколі не возьме для сябе тое, у чым маюць патрэбу яе дзеці. Аддасць да крупіцы, толькі б ім прынесці задавальненне. Хаця яны самі ўжо маюць нашчадкаў, для маці назаўсёды застануцца маленькімі і бездапаможнымі. За кожнага дарослага сына яна – слабенькая кволая жанчына – хвалюецца як за немаўля. “Ты ж хутка не едзь…”, “Далёка не заплывай…”, “Цяплей апраніся…» – як часта мы з усмешкай прапускаем такія шчырыя словы міма вушэй. А ў іх любоў – бескарыслівая, моцная, мацярынская…
Дзякуючы яе малітвам і клопатам многія з нас адолелі хваробы, навучыліся перамагаць нягоды. Матулі ніколі не паскардзяцца, што ім цяжка. Будуць падаць ад стомы, але вытрымаюць. Будуць гнуцца, але здолеюць.
Яе пачуццяў хопіць і на дзесяць сыноў і дачок. Праблема ў іншым – ці заўсёды тыя дзесяцёра знойдуць час і магчымасці паклапаціцца аб адзінай, самай роднай жанчыне… І як яе лёгка пакрыўдзіць сваёй няўважлівасцю, грубасцю, абыякавасцю.
Матулі падобныя ў гэтай усеагульнай любові. Яны – найбагацейшыя. Бо ні за якія грошы нельга купіць тую радасць, якую дораць ім дзеці – маленькія і дарослыя. У позірках – гонар і радасць, трывога і хваляванне. І няхай часам недасыпаюць, не паспяваюць уладкаваць свае справы, але ўсё ж яны – самыя шчаслівыя на свеце. Бо аддаючы сваю шчырую любоў, адначасова атрымліваюць найвялікшую асалоду, калі да іх звяртаюцца проста і ласкава – мама.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть