Культура

Шлях да ведаў

Набліжаецца да заканчэння першая чвэрць навучальнага года. Юныя даследчыкі роднага краю, члены краязнаўчага гуртка і савета музейнага кутка Вялуцкай сярэдняй школы высветлілі, чым быў адметны шлях да ведаў (у буквальным сэнсе) іх равеснікаў-аднавяскоўцаў у другой палове 50-ых – пачатку 60-ых гадоў XX тагоддзя. Іх назіранні прапануем вашай увазе.

З пачатку верасня часам нават да пачатку снежня дзеці, якіх не пакідалі мары аб вучобе, не наведвалі школу. Не таму, што не хацелі – не маглі. У некаторых вясковых сем’ях хлопчыкі і дзяўчынкі чулі ад бацькоў: “…чатыры класы цалкам дастаткова. Трэба малодшых у сям’і глядзець”. У некаторых выпадках прычынай было і тое, што дзецям школьнага ўзросту не было чаго апрануць, адсутнічаў новы абутак. Сродкаў на адзенне не заўсёды хапала, асабліва ў сем’ях, дзе выхоўвалася пяцёра і больш дзяцей. Настаўнікі хадзілі па дамах, тлумачылі бацькам пра неабходнасць наведвання школы і атрымання ведаў. Праз пэўны час дарослыя пагаджаліся. Адна з вясковых жанчын прыгадвае: “І мы з вялікай радасцю, паснедаўшы “саладухай”, спяшаліся ў школу” (страва ўяўляла сабой запараную жытнюю муку, якая заквашвалася і варылася. Калі ўсё атрымлівалася, то страва мела кісла-салодкі смак).

Часам цяжкасць выклікала дарога да школы вясной. Нездарма адна з вуліц вёскі і зараз захавала назву “Заброддзе”. Абысці не было магчымасці – паўсюль вада. Толькі лічаныя сем’і маглі адправіць сваіх дзяцей у школу на лодцы. Старэйшыя хлопцы, беручы адказнасць за ўсіх, збівалі плыты. Пераадолеўшы адрэзак “воднага шляху”, іх старанна прывязвалі. Дзяўчынкі раз-пораз спрабавалі вяртацца дадому ў абход – агародамі мясцовых жыхароў, але гаспадыні сварылі дзяцей, лічачы гэта свавольствам. Калі пачынала цяплець, вясковая дзетвара разувалася, усе дружна бегалі па вадзе. Выходзячы на бераг, зрывалі з ног піявак, якія вык-лікалі жудасны страх у дзяўчынак.

Асаблівым захапленнем была дарога да школы з вуліцы Заброддзе зімой – дзецям падабалася ездзіць на каньках. Безумоўна, самаробных: драўляных, з драцінкаю. Праўда, толькі на адну нагу – на дзвюх не ўсе здольныя былі ўтрымацца. Гуртам дабіраліся да школы, канькі былі выключна ва ўсіх. Ля школы іх клалі ў торбачку, дзе знаходзіліся і кнігі. Побач была ежа, часцей – кавалачак хлеба, пасыпаны цукрам. Здаралася, хлопцы выкрадалі ў дзяўчынак гэты пачастунак. Восенню на перапынках вучні “перакусвалі” яблыкамі і грушамі-дзічкамі. Пасля заняткаў часцей за ўсё абедалі паранымі ў печы капустай або чырвонымі буракамі. А прыгатаваныя цукровыя лічыліся сапраўдным пачастункам.

Дагэтуль прыгадваюць былыя вучні, як да пачатку 70-ых гадоў навучанне было арганізавана ў наёмных памяшканнях – хатах вяскоўцаў, паколькі будынка школы для ўсіх не хапала.

Вось так заходнепалеская дзетвара, пераадольваючы цяжкасці, далучалася да ведаў.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть