Культура

Сірата

Бываюць жа прыемныя супадзенні! Хто б мог меркаваць, што 90-гадовы юбілей лунінчанкі  Ганны Сушчэвіч (на здымку справа разам з сяброўкай) будзем адзначаць адначасова з прафесійным святам журналістаў – Днём друку. Што супрацоўнікі нашай газеты будуць прымаць віншаванні разам з жанчынай, якая сваё доўгае жыццё пражыла ў родным горадзе, аддала яму працоўныя будні, зведала тут шчасце і неймаверную горыч…

Яна жыве на Залессі. Просты драўляны   дом нічым не адрозніваецца ад суседніх, звычайны прытулак старасці, якіх вялікае мноства навокал. А вось лёс – асаблівы. Няпросты, горкі, пакутлівы. Быццам і вінаваціць няма каго, а складвалася ўсё не лепшым чынам. Пачаліся праблемы 9 дзесяцігоддзяў таму, калі малышка толькі-толькі паявілася на свет.

Мама памерла пры родах, звестак пра тату не было наогул. Іншых ро-дзічаў, якія маглі б забраць немаўлятка да сябе, не знайшлося таксама. Тым больш, што жылі ўсе не тут, а ў Пінскім раёне. Пра будучыню паклапаціліся польскія ўлады, спрабуючы ўладкаваць яе ў прыёмную сям’ю. Параілі ўдаве Фёкле Паўлаўне Абрамовіч, на руках якой засталося 6 малалетніх дзяцей, прытуліць сірату. Маўляў, “будуць нейкія льготы, і чужое дужа не аб’есць, і сваіх лепш накорміш”.

Так Ганначка апынулася на Залессі. Добрая жанчына толькі адразу ўзяла яе з нейкім матэрыяльным разлікам, а потым палюбіла, як родную. Самая маленькая, дзяўчынка стала агульнай радасцю. Паміж братамі і сёстрамі не адчувалася папрокаў, рэўнасці і зайздрасці. Жылі бедна, але дружна, дзяліліся кожнай лустачкай хлеба. Калі падрасла, закончыла 6 класаў польскай школы. Стаць больш адукаванай перашкодзілі перамены ў грамадстве – прыход новай улады Саветаў і цяжкая нямецкая акупацыя.

Лунінчане з радасцю сустрэлі вызваленне, паверылі, што вайне хутка прыйдзе канец. Для дзяўчыны той светлы перыяд таксама ўсяляў на-дзею на лепшае. Аднойчы ім з сяброўкай сказалі прыйсці ў гарсавет. Страшна было ад няведання, навошта выклікаюць. Рашылася адчыніць дзверы ў начальніцкі кабінет толькі смялейшая – Ганна. А прычына аказалася прыемнай, яе ўзялі на работу ў якасці агента па займах. У абавязкі ўваходзіла хадзіць па людскіх дварах, ставіць на ўлік хаты і жыўнасць. Крыху пазней 3-месячныя курсы навучання дазволілі заняцца бухгалтэрыяй у камунальным аддзеле.

Яшчэ адным важным момантам стала сустрэча з будучым мужам. Цудоўны трапіўся чалавек, жылі душа ў душу. І першую бяду дапамог пераадолець, калі страцілі першынца – дзяўчынкі не стала ў 9 месяцаў. Ганна вінаваціла ў гэтым сябе, не да-глядзела, бо даводзілася большасць часу праводзіць на рабоце. Таму, калі на свет паявіўся сынок Віктар, не па-шкадавала добрай пасады і годнай зарплаты, палічыўшы, што жыццё і здароўе дзяцей важней за ўсё. Звольнілася і ўсю сябе прысвяціла выхаванню яго і малодшага Анатоля.

Калі хлопчыкі падраслі, Ганна Піліпаўна ўладкавалася на работу дыспетчарам у аўтабазу. Муж быў чыгуначнікам. Размераны лад сям’і парушыўся, калі з ім здарыўся ня-шчасны выпадак на паравозе. Каля ёмістасцей з гарачай парай працавалі строга па інструкцыі. Але аднойчы нехта з калег парушыў дысцыпліну, і мужчына атрымаў моцныя апёкі. Лячэнне было працяглым і цяжкім. Куды толькі ні звярталіся Сушчэвічы за выратаваннем, але, урэшце, ад медыкаментаў і болю не вытрымала сэрца, у 54 гады Вікенція Васільевіча не стала…

Пасля страты блізкага чалавека адзінота чорным ценем пранеслася па хаце, але выжыць дапамагалі сыны. Яны выраслі, і жанчына таемна марыла пра ўнукаў. Толькі тым марам не суджана было спраўдзіцца. Віктар ажаніўся, але не дачакаўся нараджэння нашчадкаў. Ад невылечнай хваробы памёр ва ўзросце 57 год. Новая бяда падкасіла здароўе старэнькай матулі, адзінай надзеяй і сэнсам жыцця застаўся малодшы сын Анатоль. У яго былі свае праблемы – не складвалася асабістае жыццё, не меў сям’і. Асталяваўся на пастаяннае месца жыхарства ў доме маці, дапамагаў ёй з доглядам. Але як толькі адсвяткаў 57-мы дзень нараджэння, раптам не стала і яго…

Няшчасце здарылася ў 2014 го-дзе, новая рана на сэрцы адзінокай жанчыны баліць дагэтуль. Застаўшыся зусім адна, яна часта паўтарае словы, якія не могуць не крануць за жывое: “Сіратой нарадзілася, сіратой і памру”. У маленстве страціць маці Ганне Піліпаўне было не так страшна – тады яна была маленькая, нічога не разумела, да таго ж атрымала любоў чужых па крыві, але вельмі добрых людзей. Выратаваць ад сучасных пакут, адзіноты, разумення таго, што ў яе больш не засталося сваёй сям’і, не ў сілах ніхто.

“І чым я Бога прагнявіла? – задуменна прамаўляе жанчына, пазіраючы некуды ўдалячынь. – Ніколі нікога не пакрыўдзіла, дрэннага не пажадала. Калі працавала дыспетчарам, то заўсёды імкнулася людзям дапамагчы. Прыедзе якая бабулька з вёскі, просіць хутчэй выдзеліць машыну, то сама іду вадзіцеляў прасіць ёй не адмаўляць, у абед ці пасля работы лішнім рэйсам з’ездзіць…”.

Не знаходзяцца словы, каб супакоіць маці, якая страціла сваіх дзяцей. Хаця побач ёсць тыя, хто шчыра любіць і паважае доўгажыхарку. Усё жыццё яны сябравалі з суседкай Ірынай Качаноўскай. Нашчадкі прыёмнай матулі не пакідаюць яе без увагі, імкнуцца падтрымліваць сваю цётку, бабулю і прабабулю. Яны заўсёды былі і застаюцца блізкімі людзьмі, бо гэтага хацела, гэтаму вучыла мужная і добрая Фёкла Паўлаўна. Некалі па яе жаданню і агульнай згодзе названых братоў і сясцёр Ганне Піліпаўне застаўся дом, у якім яны ўсе выраслі. З родных дзяцей хто паехаў за мяжу, хто знайшоў іншае жыллё, таму яна, самая малодшая, асталявалася тут. Падумалася, як часта здараецца, што родныя браты-сёстры становяцца ворагамі, дзелячы бацькоўскую спадчыну. А тут наадварот – прыклад сапраўднай дабрыні і чалавечнасці, разумення і шчырасці.

Чорная кошка Мацільда аддана туліцца да сваёй гаспадыні. Яна – галоўнае супакаенне. Толькі заўважыць слёзы, адразу скача на рукі, нешта мурлыча, быццам просіць трымацца, не плакаць. А на верандзе ў куточку стала адзінока прымасціўся самавар. Рэч, без якой цяжка абысці-ся ў вялікай сям’і, і які, на жаль, рэдка патрэбны Ганне Піліпаўне…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть