Культура

СКЛАДАНЫ ШЛЯХ да сярэбранага ВЯСЕЛЛЯ

Савецкі народ адзначаў 15-ую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай. Моладзь перадваеннага пакалення радавалася поспехам бацькоў, якія спачатку адстаялі Радзіму ў баях, а потым самаахвярна аднаўлялі разбураную народную гаспадарку.

У гэту, здавалася пануючую ва ўсім свеце вясну, закаханыя юнак і дзяўчына вырашылі зарэ-гістраваць шлюб. Патэнцыяльная нявеста звярнулася да бацькоў за благаславеннем. Хаця гэтага слова ў атэістычны час не ўжывалі, але засталася выхаваная спрадвеку патрэба адказныя жыццёвыя ўчынкі ўзгадняць са старэйшымі ў сям’і. Абрадаваная навіной аб хуткім вяселлі, мама дзяўчыны змянілася ў твары, калі пачула, што выбраннік Любові – немец па нацыянальнасці. – Забараняю не тое, што сустракацца, – наогул думаць аб гэтым хлопцы, – катэгарычна адмовіла яна дачцэ. – Мама, так нельга, – спрабавала пераканаць дзяўчына. – Франц паходзіць з сям’і паволжскіх немцаў, якія жывуць у Расіі больш як два стагоддзі. Яго родныя і так шмат пацярпелі ад рэпрэсій, у 1941-ым былі сасланыя ў Алтай, потым перабраліся ў Башкірыю, дзе зноў давялося пачынаць жыццё з нуля. Але ж вытрымалі ўсе выпрабаванні, здолелі замацавацца на новым месцы, пусціць карані. Ты пазнаёмішся і сама ўпэўнішся, наколькі годныя гэта людзі! – Ні аб якіх знаёмствах і сустрэчах не можа быць і рэчы, – адрэзала мама. – Ты хутка забылася, што мае браты і многія іншыя сваякі загінулі на франтах! І ў маіх вачах немцы заўсёды застануцца ворагамі, колькі б часу з вайны ні мінула… Выхаваная ў паслухмянасці бацькам, Любоў адмовілася ад каханага. Яна не назвала яму сапраўдную прычыну спынення адносін, спаслалася на тое, што яе пачуцці нібыта згаслі… У роспачы малады чалавек ажа-ніўся з першай сустрэчнай дзяўчынай. Любоў не паведаміла
каханаму, страчанаму па волі лёсу, што хутка ён стане бацькам. У вызначаны час нарадзіла хлопчыка, якому дала імя, самае папулярнае ў эпоху шанавання правадыра сусветнага пралетарыяту. А вось імя па бацьку наблізіла да сапраўднага – Франц адпавядае рускаму Фёдар. Бабуля з дзядулем дапамаглі паставіць на ногі ўнука. Жанчына не выходзіла замуж, аддаючы сваю любоў і пяшчоту сыну. Юнак упершыню даведаўся аб абставінах свайго нараджэння ў 18 год, калі ваенкамат запатрабаваў звесткі аб бацьку. Але ў лёсе хлопца, які нарадзіўся па-за шлюбам, знешне нічога не змянілася. Служыў на савецка-кітайскай мяжы. Калі выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі завяршыў тэрміновую армейскую службу, вырашыў не пакідаць Узброеныя Сілы. Пасля Усходу прапанавалі Захад. Па грамадзянскай спецыяльнасці працаваў у адным з гарнізонаў Савецкай Арміі ў Польшчы. Тут лёс падарыў сустрэчу з такой жа «вольнанаёмнай” – нашай зямлячкай. Згулялі вяселле – гэта было 25 год таму. Спачатку жылі ў Башкірыі, дзе нарадзіўся першынец. Але ў разбуральныя 1990-ыя самай прывабнай з рэспублік былога СССР выглядала Беларусь. Асталяваўся ў Луні-нцы, які стаў радзімай яшчэ двух сыноў. Пабудавалі дом. На схіле год перавезлі да сябе састарэлую маму. Ад свекрыві і даведалася нявестка аб каханні, што не адбылося… Яна адразу звярнулася да мужа: – Няўжо табе не хацелася сустрэцца з бацькам? – Чаму не? Калі вяртаўся з арміі, значкамі і падзякамі хацелася пахваліцца. Адрас яго ў мяне быў, вось і махнуў перад Уфой у Сцерлітамак. Жонка бацькі была прыкметна не задаволена маім візітам. Не звярнуў на гэта ўвагі, захоплены першай у жыцці мужчын-скай размовай з родным чалавекам. Але на завяршэнне сустрэчы ён прапанаваў грошы. Гэта абразіла: быццам хоча адкупіцца ад мяне. Выляцеў з кватэры, выкінуўшы бацьку з сэрца. Калі вярнуўся дамоў, нават маме нічога не сказаў пра гэта спатканне… – Што за падстава для крыўды? Убачыў чалавек юнака ў армейскай форме, даў грошы на цывільны касцюм… Надышоў час – закончыўся зямны шлях Любові. Яе пахавалі ў нашым горадзе. Сям’я яе сына штогод наведвае Башкірыю. У чарговы раз нявестка працягнула шлях. Па вядомым адрасе знайшла кватэру і націснула на кнопку званка… – Старэйшыя памерлі ўжо, але сустрэлася са зводным братам мужа і яго жонкай, – расказвае лунінчанка. – Яны прынялі мяне як самую блізкую радню. Сумна было даведацца, што бацька майго мужа не адчуваў сябе шчаслівым у шлюбе з жанчынай, якую не кахаў. Папрасіла жонку Валерыя ахарактарызаваць свёкра, і са здзіўленнем даведалася, як многа тыповых рыс бацькі пераняў мой муж… Цяперашні лунінчанін наладзіў кантакт са зводным братам. Астатнія родныя па лініі бацькі выехалі на пастаяннае месца жыхарства на гістарычную радзіму. Ён не хоча разважаць над тым, што магло б быць, калі б… Яго ж жонка шкадуе, што вайна адбілася на лёсе яе родных і праз многа год пасля заканчэння: – Трэба шанаваць памяць суайчыннікаў, якія загінулі ад рук фашысцкіх захопнікаў. Але не трэба атаясамляць з імі звычайных людзей, якія не аднойчы бязвінна пацярпелі за прыналежнасць да сваёй нацыянальнасці. Шчаслівая асэнсаваннем таго, што ў сучаснасці грамадства не кіруецца палярнымі поглядамі. І ў мірны час здараюцца разбураючыя сям’ю выпадкі, але ў вышэй апісаным шчасце не адбылося менавіта з-за трагічных падзей вайны. Веру, што кліч крыві акажацца больш моцным, і мае дзеці набудуць па лініі бацькі адзінага роднага дзядзьку. Нядаўна лунінчане ад-значылі сярэбранае вяселле.

Мікалай СУШЫЦКІ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть