Культура

«Славянскі базар» стаў бліжэй

Галоўнай культурнай падзеяй для ўсіх беларусаў з’яўляецца фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Для пераважнай большасці лунінчан знакавае мерапрыемства праходзіць каля экранаў тэлевізараў з-за аддаленасці да абласнога цэнтра, назву якога цяпер ведаюць ва ўсім свеце.

Жадаючы прыўзняць настрой людзям, якія маюць простыя прафесіі, старанна працуюць на зямлі, але мараць пра цікавы і змястоўны адпачынак, кіраўніцтва ААТ «Вулькаўскі світанак» вырашыла падарыць сваім работ-нікам магчымасць пабываць на музычнай пляцоўцы летняга амфітэатра і далучыцца да эйфарыі грандыёзнага свята. За кошт адлічэнняў на правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў набылі 21 білет на канцэрт «Залаты хіт», які праходзіў у ноч з 14 на 15 ліпеня.

Па словах намесніка старшыні па ідэалогіі і старшыні прафкама Галіны Соц, накіравацца ў цікавую паездку прапаноўвалі ўсім жадаючым. Назбіралася не вельмі многа ахвотнікаў, бо дарогу, экскурсію і начлег на аграсядзібе неабходна было аплачваць самастойна. Але тыя, хто рызыкнуў, не пашкадавалі аб гэтым, бо прывезлі масу ўражанняў ад сустрэчы з вядомымі артыстамі і змястоўна праведзеных двух дзён адпачынку.

Наташа Каралёва, Тамара Гверд-цытэлі, Азіза, Жасмін, Ірына Білык, Варвара, Аляксандр Алешка, Алі-шэр Карымаў, гурты «На-на», «Адпетыя машэннікі», «Дыскамафія» і многія іншыя вядомыя артысты і групы выходзілі на сцэну і дарылі гледачам свае таленты і любоў. Не параўнаць адчуванні з тэлеэкранам – тут бачыш сваіх куміраў ужывую, адчуваеш іх настрой, і здаецца, што менавіта табе яны адрасуюць сваю ўсмешку, спяваюць для цябе.

Віцебск сустрэў не вельмі прыязна толькі ў сэнсе надвор’я – увесь час ішоў дождж. Усім астатнім уражанням у сэрцы проста не хапала месца: дружнай кампаніяй праехалі амаль праз усю краіну, палюбаваліся новымі краявідамі. На ўтульнай аграсядзібе паспелі добра адпачыць і паесці гарачых шашлыкоў, разам з экскурсаводам наведалі цікавыя навакольныя мясціны, пабывалі ў “Горадзе майстроў”, купілі на памяць прыгожыя сувеніры.

Усім удзельнікам паездкі на “Славянскі базар” хацелася падзяліцца ўражаннямі аб велічнасці мерапрыемства, якім наша маленькая Беларусь здзіўляе ўвесь свет. Сярод лунінецкіх гасцей – прадстаўнікоў розных узростаў і прафесій – не засталося абыякавых, кожны знайшоў там нешта для сябе. Здзівіла вялікая колькасць гледачоў: на “Залаты хіт” білеты раскупілі задоўга да канцэрта, руплівасць і тактоўнасць арганізатараў: з любым пытаннем можна было звярнуцца і атрымаць станоўчы адказ. Аматары жывой музыкі і спеваў адразу пачалі будаваць планы на наступны год – паехаць у Віцебск зноў, узяць сяброў, каб як мага больш лунінчан змаглі сказаць: “Славянскі базар” стаў намнога бліжэй, бо мы там пабывалі!”.  

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть