Культура

Словы твае ці асудзяць, ці апраўдаюць

Цяпер ідзе калядны пост, калі імкнемся захаваць душу ў чысціні. І як жа прыкра бывае, калі атмасфера забруджваецца брыдкім словам!

З Евангелія ад Матфея вядома, што добры чалавек выносіць добрае, злы – злое. Ад шчырасці сэрца гавораць вусны, а за ўсякае слова, сказанае дарэмна, чалавек дасць адказ у час суда. “Ад слоў сваіх апраўдаешся і ад слоў сваіх асудзішся”.
Гасподзь дараваў чалавеку мову і, у адрозненне ад жывёлы, маем магчымасць выказваць свае пачуцці, думкі, меркаванні. Гэта вялікі дар Божы валодае настолькі ўплывовым сэнсам, што без яго значна ўскладняюцца адносіны з навакольным светам.
Чаму ж кідаем у бруд гэту бясцэнную каштоўнасць? На жаль, паўсюдна ад маладых і не вельмі людзей часта чуем нецэнзурныя словы. Асабліва прыкра становіцца, калі грубасць дэманструюць дзяўчыны і жанчыны. Між тым, ім Богам наканавана быць добрымі, лагоднымі, пяшчотнымі. Чаму ж забыліся простую ісціну?
Брыдкаслоўе паказвае слабасць чалавечага характару. Апостал Іакаў гаворыць, што чалавек можа прывучыць любога звера. Чаму ж язык свой утаймаваць не можа, калі той напоўнены смертаносным ядам злосці? Языком благаслаўляем Бога і ім жа праклінаем чалавека, створанага па вобразу Божаму. Задумайцеся, як мудра ўладкавана прырода – у адной крыніцы вада не можа быць адначасова салодкай і горкай. Чаму ж чалавек паказвае не розум і мудрасць, а займаецца брыдкаслоўем, прыніжаючы годнасць сваю і акружаючых?
Вядома, што за нецэнзурныя выказванні ў грамадскім месцы чалавек можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Ведаю не па чутках, што ў свой час некаторых маіх знаёмых не тое, што штрафавалі, але і 15-цю суткамі каралі за непрыстойныя паводзіны. Чаму цяпер не спрацоўвае адпаведны артыкул Адміністрацыйнага кодэкса? Чаму мы вымушаны цярпець ад брыдкаслоўя асобных бескультурных суграмадзян нават не ў іх коле, а проста ідучы па вуліцы? Як абараніць ад грубасці і хамства нашых дзяцей? Як зберагчы тое, што называем экалогіяй душы?
Прызнаюся, быў здзіўлены, калі адзін знаёмы, які грашыць нецэнзуршчынай на рабоце, сказаў, што дома не дазваляе сабе брыдкаслоўя:
– Як магу? У мяне ж дзеці! Раблю ім заўвагі, калі чую грубасць. З маленства прывучаю да чысціні мовы…
Толькі крывадушшам магу назваць такія паводзіны. Але гэта – праявы аднаго кшталту: дом трэба ўпрыгожваць – на працы справы робім абы як; дома павінна быць чыста – смецім на вуліцы; дома буду выхаваным – на людзях пакажу волю…
Аднойчы па тэлебачанні бачыў сюжэт. У адным з гарадоў моладзь правяла незвычайную акцыю супраць вадзіцеляў аўтамабіляў, якія парушаюць правілы руху і паркоўкі. Калі ж кіроўцы пачыналі лаяцца на юнакоў і дзяўчат, тыя тактоўна і стрымана ўказвалі ім на недахопы. І гэта было вельмі красомоўна: грубіяны змаўкалі, “спыніўшы качаць свае правы”, магчыма, упершыню задумаўшыся над сэнсам слоў і паводзін.
Ці будзе эфектыўным такі метад у нашым горадзе? Не ведаю. Але прапаную ў месцах, дзе часцей за ўсё збіраецца натоўп невыхаваных людзей, намаляваць плакат грубіяна з вялікім языком, што напоўнены нечыстотамі, а за гэтым недачалавекам прымацаваць надпіс:
Я – сквернослов. На всех плевать!
Злоречие – моя отрада.
Охаю собственную мать –
Такая ей моя награда.
Думаеце, не пераканаўча? Помню, як у адной арганізацыі доўга змагаліся з тымі, хто пратоптваў сцежку ў газоне. Нарэшце паставілі шыльдачку “Дарога для баранаў” – і дасягнулі поспеху. Што-што, а чытаць нашы людзі навучыліся. Можа, і цяпер словы іх спыняць? Трэба ж нешта рабіць!
Іван ВІКТАРОВІЧ. г. Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть