Культура

Смак горкай рабіны

ермалай веренич

Прадстаўнікі старэйшага пакалення пры размове абавязкова ўзгадваюць вайну. Яна жорстка абыходзілася з кожным, хто сустракаўся на шляху. Маленькія дзеці так востра ўспрынялі горыч тых дзён, што мінуў час, а страшныя моманты не сцерліся з памяці. У лунінчаніна Ермалая ВЯРЭНІЧА тыя падзеі часта ажываюць стужкай кінафільма, героі ў якім – ён, яго родныя і блізкія…

Тата да вайны працаваў міліцыянерам. Калі прыйшлі немцы, ён адступіў у тыл, а сям’я засталася на ранейшым месцы, у вёсцы Кораб’е Столінскага раёна. У 1943-ім яго дэсантам скінулі на акупіраваную тэрыторыю да партызан.

Асвоіўшыся, мужчыне моцна захацелася даведацца пра лёс жонкі і дзяцей, ад якіх даўно не было вестак. Рызыкнуўшы схадзіць да іх у вёску, разам з некалькімі баявымі таварышамі натрапілі на засаду. На шчасце, здолелі пазбегнуць ахвяр і пасля непрацяглага бою ўзялі ў палон немца.

Кароткага імгнення страты пільнасці ад радаснай сустрэчы з роднымі палоннаму хапіла, каб выблытацца і ўцячы. Цяпер ён ведаў, да каго прыйшлі партызаны і ў любое імгненне мог прывесці сюды ворагаў. Каб застацца ў жывых быў адзіны выхад – сыходзіць у лес. Запрэглі каня, на воз пакідалі найбольш каштоўныя рэчы, пасадзілі дзяцей двух, чатырох, шасці і васьмі год, забралі карову і паехалі з радзімага паселішча.

Калі назаўтра наведаліся ў вёску ў спа-дзяванні, што нічога дрэннага не здарылася, то знайшлі там дагараючыя галавешкі ад пабудоў. Усе хаты былі спалены, знішчаны стагі сена, хлявы і клуні. На шчасце, людзей ворагі не кранулі, але пакінулі без даху над галавой хворых, малых і старых.
Амаль два гады давялося туліцца ў лесе. Дзед змайстраваў павець, якая хоць крышачку выратоўвала ад дажджу і снегу. Але мароз бесперашкодна пранікаў ва ўсе куточкі, і малыя дрыжалі ад холаду, тулячыся адзін да аднаго. Хлопчыка ўкусіла гадзюка, дзяўчынка зламала нагу, трэці захварэў на цяжкую хваробу. Ні дактароў, ні медыкаментаў не было. Найгорш прыходзілася маці, якая хвалявалася за кожнага і не мела магчымасці дапамагчы. Але яны выжылі.

Калі немцы ішлі блакадай, хаваліся ў балоце. Заходзілі па шыю ў халодную ваду, толькі б застацца незаўважанымі. Багна зацягвала ўсё глыбей, пошчакі куль чуліся навокал, чужыя цяжкія крокі болем адклікаліся ў сярэдзіне, сэрца замірала ад страху…

Пасля вызвалення сям’я апынулася ў Лунінцы. Бацьку накіравалі на барацьбу з бандытамі, пасля на іншую работу ў Баранавічы. Маці адна паднімала малых. Ермалай у 10 год пайшоў у першы клас. Спачатку саромеўся, што пераростак. Але веды даваліся лёгка. Працягваць навучанне пасля школы не было магчымасці з-за беднасці, бо грошай не хапала нават на дарогу ў іншы горад. Таму пайшоў вучыцца на механізатара.

Па закліку камсамола трапіў у Казахстан на пасяўную. Восенню вярнуўся назад, бо маці заставалася зусім адна. Уладкаваўся бульдазерыстам на машынна-меліярацыйную станцыю (зараз ПМК-59).

Працавалася няпроста: на цэлы тыдзень дабіраліся ў аддаленыя непралазныя балоты, начлег знаходзілі ў стагах сена, ежу часта гатавалі са злоўленай рыбы і дзічыны. Але меліярацыя інтэнсіўна развівалася. Крыху больш як 10 год работы аказаліся прадуктыўнымі. За дасягнутыя вынікі Ермалай атрымаў Ордэн Леніна, што было вельмі высокай узнагародай. Выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета сёмага склікання. Некалькі год працаваў майстрам, затым стаў старшынёй прафкама ў роднай арганізацыі, якая налічвала каля 700 работнікаў.

Ідэалогія савецкага часу да сённяшняга дня здаецца Ермалаю Сцяпанавічу больш блізкай і зразумелай. Ды зараз, адзначаючы 80-годдзе з дня нараджэння і 55-годдзе сумеснага жыцця з жонкай Ларысай Васільеўнай, выгадаваўшы дваіх дзяцей, ужо няма магчымасці ўдавацца ў палітыку. Дарогу ў будучае наканавана працягваць маладым.

Вярэнічы сустрэліся ў Лунінцы, сюды дзяўчыну з Бабруйска накіравалі ў санстанцыю ў якасці фельчара. Аднойчы выбраны ёю шлях у прафесію стаў адзіным месцам работы да самага выхаду на пенсію.

Маючы прызнанне на рабоце і ўзаемаразуменне ў сям’і, лёс падрыхтаваў ім страшнае выпрабаванне – страцілі дачку. Таццяна была залатой медалісткай у школе, на “выдатна” скончыла політэхнічны інстытут, але з маленства мела праблемы з ныркамі. У 34 гады абвастрэнне аказалася крытычным…
Сіратой застаўся сямігадовы ўнучак Стас, пра якога клапаціліся тата і дзядуля з бабуляй. Зараз юнаку 23 гады, пасля заканчэння ваеннай акадэміі ў Мінску ён стаў верталётчыкам. Калі здараецца пралятаць над Лунін-цам, абавязкова тэлефануе, што быў зусім побач з роднымі, толькі ў небе.
Сын Яўген скончыў сельгасакадэмію ў Горках, стварыў сям’ю. Але ў 42 гады памерла жонка. Дачка тады была студэнткай. Цяпер яна жыве ў Мінску і парадавала старэйшых праўнучкай Марыкай, якая паявілася на свет у дзень нараджэння прабабулі.

Як бы горка не было, жыццё працягваецца. Цяпер Вярэнічы большасць часу праводзяць дома. Тут не сумна: ёсць шмат кніг, часопісаў. Ларыса Васільеўна любіць вышываць, вязаць, займацца агародам і кветкамі. Ермалай Сцяпанавіч захапляецца рыбалкай, на якую ездзіць пастаянна.

Часта згадваецца, як у вайну рыба, грыбы і ягады дапамагалі не памерці ад голаду. Смак знойдзеных качыных яек ці сарванай горкай рабіны застаўся на вуснах, нягледзячы на доўгія 71 год, якія мінулі з таго цяжкага часу. Радасна, што цяпер жыць лепш, у кожнага ёсць ежа, дах над галавой і мірнае неба, якое важна берагчы для нашчадкаў.

Марыя Яраховіч

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть