Культура

Сорак год пасля…

4  бабушкиБылая лунінчанка раз у тры гады ажыццяўляе 26-гадзінны шлях з Аўстраліі праз Арабскія Эміраты да Мінска. Для Ірыны Новак, акрамя месца нараджэння, такая ж святая яшчэ адна геаграфічная назва – Даўрыя. Там у 1966-ым загінуў брат-афіцэр. Яго з пашанай пахавалі ў Лунінцы. Прыкладна ў гэты ж час маці даведалася пра лёс старэйшай дачкі, якая ў час акупацыі была вывезена ў Нямеччыну, а пасля вызвалення з мужам-палякам перасялілася ў Аўстралію. Перад смерцю жанчына ўзяла абяцанне са старэйшай дачкі, што тая паклапоціцца пра малодшую сястру. Так у 1974-ым 30-гадовая лунінчанка стала грамадзянкай самага аддаленага кантыненту.

– Можна асобна расказваць, чаго каштаваў той выезд, – цяпер ужо спакойна прыгадвае Ірына Іванаўна. – У райкаме партыі  спачатку доўга не афармлялі дакументы, а потым так і  сказалі: гэта – назаўсёды. З адчуваннем непапраўнай  страты жыла амаль два дзесяцігоддзі. А пасля – перабудова, незалежнасць. І ў 1994-ым упершыню наведала Беларусь…

У Лунінцы засталіся сябры, якія даюць замежнай госці адчуванне сям’і. У мінулы прыезд, тры гады таму, Ірына Іванаўна з удзячнасцю завітала і ў раённую газету, дзе друкаваўся нарыс пра яе брата, загінуўшага пры выкананні службовых абавязкаў. Затым стала дасыласць паштоўкі і фотаальбомы экзатычнай краіны. Іх перадалі ў мастацкае аддзяленне Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў. Здольных хлопчыкаў і дзяўчынак так зацікавілі малюнкі абарыгенаў, што ў іх традыцыйным стылі юныя мастакі стварылі некалькі карцін. Так аформілася вялікая выстава “З Аўстраліі – з любоўю”, якая дэманстравалася ў шэрагу ўстаноў, у тым ліку і ў аддзяленні сувязі, дзе ў свой час працавала Ірына Іванаўна.

Сёлетні свой візіт яна пачала з наведвання ДШМ – уручыла юным мастакам сувеніры з кенгуру і страусамі. І падзялілася сваёй марай – сустрэць паштавікоў, з якімі разам пачынала працоўны шлях. Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ніна Дударга ахвотна адгукнулася на прапанову.

І быццам не было гэтых амаль 40 год, калі не бачыліся калегі, аб’яднаныя адной справай! Праўда, былая бухгалтар, 77-гадовая Ганна Давыдчык (злева), адразу працавала тэлефаністкай на камутатары. Аднойчы ў навальніцу была траўміравана токам, таму ўсё жыццё маланка з’яўляецца для яе ўвасабленнем небяспекі. З жартамі ўспамінала калектыўны адпачынак на рацэ Прыпяць, калі на выхадныя выязджалі сем’ямі. Крыху старэйшая Варвара Чарнавокая (другая справа), таксама аддаўшая амаль 40 год працы ў бухгалтэрыі пошты, прыгадала, як ў 1964-ым святкавалі наваселле – перасяляліся ў новы будынак, які і цяпер з’яўляецца ўпрыгожаннем цэнтральнай плошчы Лунінца. Усе разам шчыра захапляліся аптымізмам Ніны Іцаковай (другая злева), якая 21 верасня, у Нараджэнне Багародзіцы, адзначыць 90-годдзе. Ёй давялося пахаваць сына і мужа, але сілкуе любоў дачкі, дзе асталёўваецца на зіму, а летам – праца на прысядзібным участку. Сілу духу загартоўвае храм, куды старажылка Лунінца спяшаецца ў любое надвор’е.

– Як прыемна прыгадаць маладосць, – усміхаецца Ірына Іванаўна. – Бацька школьнай  сяброўкі ўладкаваў мяне на пошту рахункаводам. Потым вызначылі падменнай – на замену водпускаў ездзіла па ўсіх вёсках. Яшчэ 4 гады працавала галоўным касірам – чамаданам насіла ў банк грошы,  што здавалі аддзяленні сувязі з раёна. Мне было 17 год, маім калегам – па 30. З часам розніца ва ўзросце робіцца менш прыкметнай…

Ірына Іванаўна расказвае, што добра ўладкавался на новай радзіме. Спачатку было цяжка – нішто з неба не падала. Прыбірала кантору, потым працавала на фабрыцы па вырабу поліэтыленавай тары. Выйшла замуж за югаслава – ён крыху разумеў па-руску, яна – вучылася англійскай мове. Двое сыноў лічаць сябе аўстралійцамі і, на жаль, не цікавяцца краінамі, адкуль паходзяць бацькі.

– Нельга  словамі перадаць тыя пачуцці, якія выклікае родны куток зямлі, – з хваляваннем адзначае Ірына Іванаўна. На сустрэчах з  сябрамі юнацтва маладзеем на вачах. Сорак год не бачылася і з аднакласнікамі па СШ №1, што прыехалі з расійскага Чалябінска і ўкраінскага Днепрапятроўска. А яшчэ сёлета пазнаёмілася са сваяком, якога не ведала раней. У мяне 12 стрыечных братоў і сясцёр. Адну з іх у горадзе памятаюць па мянушцы “Францужанка”. У даваенны час яна з бацькамі жыла ў Францыі. Сустрэўшыся са стрыечным пляменнікам, толькі цяпер даведалася пра няпросты лёс яго маці і дзядулі – майго дзядзькі…

Грамадзянка Аўстраліі месяц наталяе смагу па малой радзіме, і марыць праз тры гады зноў наведаць Лунінец.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть