Культура

“СПАСЛИ от смерти… Володарского”

Хто з нас, бываючы ў сталіцы, не праходзіў у цэнтры Мінска па вуліцы, названай у гонар вядомага рэвалюцыянера?! Ніколі не думаў, што выяўлю сувязь паміж гістарычным дзеячам і роднай вёскай. Колькі сапраўдных адкрыццяў можна зрабіць, калі пагутарыш з нашымі старажыламі! За шэраг значных звестак шчыра ўдзячны Канстанціну Андрэевічу Самусевічу, які рыхтуецца адзначыць 80-гадовы юбілей. Зацікавіў мяне і расповяд аб яго бацьку, дакументальныя сведчанні жыцця якога захоўваюцца ў сям’і сына.

Удзел Андрэя Фёдаравіча Самусевіча (1891-1972) у адразу некалькіх гістарычных падзеях адлюстраваны ў ваенным білеце, які выдадзены 25.12.1940 г. «призывным пунктом АЗ Лунинецкого РВК”. У графе адукацыя пазначана: «русские 3 класса”. Яшчэ больш уражваючы наступны запіс: «Призывной комиссией Пинского С.П. в 1913 г. признан годным к строю и зачислен в кадр. Служил в Русской армии с 2 октября 1913 г. по февраль 1918 г. Служил в жел. дор. бат. Старший рабочий С.П.”. Гэта пацвярджае ўдзел нашага земляка ў Першай сусветнай вайне. Не быў ён спісаны ў запас і ў 50-гадовым узросце. Указаны спецыяльнасці «крестьянина-единоличника” – грамадзянская «земледелец” і вайсковая «красноармеец-путеец”.

Але прызыву ў армію падлягалі маладзейшыя вяскоўцы, якія праз год сталі салдатамі Вялікай Айчыннай. Не ўсе яны вярнуліся да сваіх вытокаў. Многія навечна засталіся ў чужой зямлі, аддаўшы свае жыцці на алтар незалежнасці Радзімы… Некаторых лёс закінуў у іншыя краіны. Вось і старэйшы сын Андрэя Фёдаравіча, Адам (н. у 1918), удзельнік савецка-фінскай вайны, пасля 1945-га застаўся ў Польшчы.

Бацькі ў Дрэбску ўзялі на сябе клопат аб яго жонцы і дочцы, якія адмовіліся ехаць на чужыну. На здымку ваеннага часу занатавана сям’я Самусевічаў, акрамя дзвюх старэйшых дочак (40-гадовай Таццяны і 22-гадовай Яфіміі), якія на той час былі замужам. Андрэй Фёдаравіч і яго жонка Васіліса Якаўлеўна, іх сыны – 20-гадовы Павел і 12-гадовы Канстанцін, 10-гадовая дачка Вольга, жонка Адама Ева Сцяпанаўна з дачкой Ульянай. У пасляваенны час дзяўчына выехала на заробкі ў Растоўскую вобласць, дзе і засталася…

Селянін працягваў апрацоўваць уласны прысядзібны ўчастак. План яго, дарэчы, яшчэ дзеда Фёдара валодання, складзены ў 1931 годзе, таксама захоўвае ўнук. З цягам часу стары далучыўся і да калектыўнай гаспадаркі. Згодна з «Пенсионным удостоверением члена колхоза”, 18.02.1965 г. Андрэю Фёдаравічу была прызначана пенсія з сярэднемесячнага заробку 11 руб. 69 кап. у памеры 12 рублёў.

У гэты час краіна рыхтавалася да 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Грамадства ўшаноўвала ўдзельнікаў сацыялістычнай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. І нашы паважаныя старажылы, якія ў перыяд Польшчы пільна «забываліся” пра сваё дачыненне да ўсяго, што адбывалася да 1921 года, дружна распрамілі плечы: і мы не лыкам шытыя… Вось і з Дрэбска 18.02.1968 г. паляцеў ліст у Маскву, у Цэнтральны дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў. Андрэй Фёдаравіч адрасаваў спецыялістам сваё

«Заявление.

Будучи в военной службе в б. русской армии в составе 1-й роты 6-го железнодорожного батальона я принимал деятельное участие и содействие РСДРП в осуществлении разного рода революционных действий, в частности:

1/ По распоряжению Центрального комитета РСДРП я вместе с другими товарищами из состава 1-й роты 6-го железнодорожного баталиона, под командой ротного командира поручика т. Куцевского и прапорщика т. Анненкова принимал активное участие в освобождении из тюрьмы в Румынской крепости Яссы видного русского революционного деятеля т. Раковского и с ним 2-х румынских офицеров-революционеров;

2/ будучи делегатом от 6-го железнодорожного баталиона на Одесском областном съезде РСДРП в октябре 1917 года, я вместе с другими армейскими делегатами спасли от смерти присутствовавшего на съезде делегата ЦК партии т. Володарского, на которого во время его выступления бросился на трибуну с револьвером в руках контр-революционер (фамилию его не помню).

В настоящее время для оформления персональной пенсии необходимо иметь данные о фактах участия в революционной деятельности. …Прошу выслать мне соответствующую архивную справку о выше описанных событиях…”.

Копія звароту захавалася, а вось адказ з архіва ў той час накіроўваўся на адрас не заяўляльніка, а органа кіравання, прымаўшага рашэнне, – аблвыканкама. Мяркуючы па тым, што з 1968 года Андрэй Фёдаравіч атрымліваў персанальную пенсію, звесткі, указаныя ім у лісце, пацвярдзіліся.

Дзіцячая памяць захавала аблічча гэтага хударлявага разважлівага вяскоўца. Гартаючы цяпер звязаныя з ім дакументы, адчуваю, як наблізіліся да мяне падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны…

Сяргей ГРЫНЕВІЧ. в. Дрэбск.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть