Культура

“Спатканне” з “Лунінецкім вальсам”

ІІІ літаратурна-музычны фестываль “Зорка Наталлі” падрыхтавалі вучні 11 “Г” класа Лунінецкай гімназіі.
У верасні 2011-га Наталля Мурко выступала ў ліцэі. Хто мог меркаваць, што ў апошні раз выконвала любімы раманс “Зорка Венера”?! Цяпер трэці год запар ладзяцца вечарыны памяці спявачкі, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства.
Сёлета сваю творчасць дарылі гімназістам Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін, якія спачатку правялі ўрок роднай мовы ў сярэдніх класах. А затым першыя кнігі з аўтографамі атрымалі 5-класніца Анжаліка Пахолак і 11-класніца Людміла Коваль, якія а-капэла, кожная ў сваёй непаўторнай аранжыроўцы, выканалі бессмяротны раманс нацыянальнага творцы Максіма Багдановіча і настаўніка Віленскай беларускай гімназіі Сымона Рак-Міхайлоўскага.
Родныя і сябры Наталлі Мурко, гімназісты глядзелі фрагменты з тэлезапісаў, удзельніцай якіх у свой час яна была. Пачалася сустрэча з песні “Спатканне” на музыку Ігара Лучанка і словы Аляксандра Лягчылава. Таленавітую прыгажуню з Лунінца ўбачыла ўся краіна ў праграме “Землякі”, створанай у 1999-ым. На той жа сцэне “Лунінецкі вальс” дарыў гледачам заслужаны артыст Беларусі Аляксей Ісаеў. Ён прадстаўляў аўтараў – кампазітара Яўгена Куфайкіна і паэтку Галіну Гаргун. На канцэртах (у тым ліку – адкрываючы абласныя “Дажынкі-2005”) наша праслаўленая спявачка выконвала гэты твор на словы Мікалая Прымчыка, былога ўчастковага ўрача-тэрапеўта. Удзячная памяць аб мясцовых творцах гучала ў словах старшай акушэркі цэнтральнай раённай бальніцы Людмілы Казловай:
– Наталлю Мурко называлі душой Лунінца. А хіба можна расказаць аб душы? Трэба проста слухаць яе спевы. І калі гучыць “Лунінецкі вальс”, нам асабліва прыемна, што побач з імем кампазітара называюць нашага доктара.
Людміла Уладзіміраўна пажадала юным землякам творча падыходзіць і да вучобы, і да той прафесіі, што яны выбяруць пасля заканчэння гімназіі. Таксама ўсхвалявана і прачула дзя-лілася ўспамінамі рэгент храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” Алена Кавалевіч. Яна заклікала гімназістаў браць прыклад з адораных Богам людзей, якія ў жыцці вызначаюцца дабрынёй, сціпласцю, высакароднасцю.
У былым – захоплены музыкант, цяпер – паспяховы прадпрымальнік. Гэта – дырэктар фірмы “Прокторг” Ігар Пракаповіч. Ён нагадаў аб такім малавядомым факце з біяграфіі Наталлі Мурко. У свой час абласное ўпраўленне культуры аб’я-віла конкурс сярод ансамбляў, што граюць у рэстаранах. Раённы аддзел часова “прыпісаў” Наталлю Мурко да музычнага калектыву нашай “Прыпяці”. І не прагадаў. Перамаглі на куставым аглядзе ў Пінску, сталі лепшымі і ў Брэсце. Інакш і быць не магло: лунінецкая спявачка, у якім бы статусе ці на якой бы пляцоўцы ні выступала, увасабляла артыстку, годную вялікай сцэны, – голасам, канцэртным убраннем, стылем паводзін.
Гімназісты дарылі гасцям кветкі, а ўнучкі спявачкі – выпускніца ліцэя-2013 Кацярына Леаненка і 9-класніца СШ №2 г. Лунінца Юлія Кавалевіч – уручалі дыпломы памяці сваёй незабыўнай бабулі.
Рознабакова адукаваныя 11-класнікі (якім пашанцавала быць школьнікамі і ліцэістамі, а цяпер стаць гімназістамі) нагадалі прысутным, што сусветна вядомае танга “Бэсамо мучо” прызнана афіцыйнай песняй Мехіка. На іх думку, такога ж статусу для нашага горада заслугоўвае “Лунінецкі вальс”. Дырэктар гімназіі Аляксандр Грушэўскі лічыць, што для павышэння прэстыжу новай навучальнай установе неабходна ўмацаванне традыцый папярэднікаў. Адной з іх можа стаць фестываль “Зорка Наталлі”. Прадстаўнікі трох 10-ых і двух 9-ых класаў цягнулі жэрабя, каму рыхтаваць літаратурна-музычную сустрэчу праз год.
У 2011-ым тэлеканал БТ-1 таксама запісаў Наталлю Мурко з “Лунінецкім вальсам”. У апошні раз, як горка думалася пасля завяршэння яе зямнога шляху… Зусім не! Чароўны голас зноў лунаў над горадам. Гэтым выкананнем завяршылася сустрэча. Аб’яднаныя агульнай памяццю, песню, стоячы, слухалі гімназісты і госці. Доўгія апладысменты сведчылі, што нават тыя з юнакоў і дзяўчат, хто ўпершыню чуў спявачку, не забудуць “Зорку Наталлі”, як і мудрае выслоўе сучаснага класіка:
– Пакуль мы помнім, мы – людзі…
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть