Ствараюць утульнасць і дабрабыт
Культура

Ствараюць утульнасць і дабрабыт

жкх 2016

За штодзённымі справамі карпатлівая і цяжкая праца работнікаў жыллёва-камунальнай сферы часта застаецца незаўважанай, але з-за гэтага яна не перастае быць вельмі значнай. Чысціня вуліц, двароў, цяпло ў дамах – заслуга дворнікаў, слесараў, сантэхнікаў, электрыкаў.

Святочны канцэрт і ўшанаванне лепшых у прафесіі прайшло ў Доме культуры чыгуначнікаў. Самыя працавітыя атрымалі граматы і падзячныя лісты ад кіраўніцтва раёна. Падзея сабрала поўную залу людзей. І не дзіўна – сёння ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі задзейнічана вялікая колькасць падраздзяленняў: жылфонд, водазабеспячэнне, саначыстка, цеплавая энергія, лазні, пральні, гасцініца… У гэты дзень камунальнікаў прыйшлі павіншаваць і прадстаўнікі ўлады.

– Вы заўсёды знаходзіцеся на баявым пасту. Калі ўсё добра – вас ніхто не бачыць, не ўспамінае, але калі дрэнна – згадваюць усе, – адзначыў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Руслан Хоміч.

З прывітальным словам выступілі таксама намеснік дырэктара па жылфондзе ЖКГ Аляксандр Чарнавокі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон, а таксама кіраўнікі прафсаюзных камітэтаў: водаканала – Сяргей Палуянчык і ЖКГ – Ангеліна Селюжыцкая.

– Мы працуем для людзей і дзеля людзей. Робім усё, каб жыццё было больш камфортным, і з кожным годам гэта ў нас атрымліваецца ўсё лепш. Жадаю, каб на работу вы ішлі з радасцю, а вашы старанні годна аплачваліся, – зычыў дырэктар водаканала Аляксандр Радзіяновіч.

Кіраўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Георгій Шпакоўскі падчас віншавання яшчэ раз заклікаў сваіх калег памятаць пра тое, што яны служаць людзям, таму што іх работа, добрасумленнае стаўленне да абавязкаў – гарантыя таго, што ў кватэрах заўсёды будзе цёпла і светла, а з кранаў будзе цячы чыстая вада.

Запамінальнай атрымалася святочная праграма. Некаторыя ўдзельнікі на вялікай сцэне раскрылі свае таленты ўпершыню. Не дзеля прызнання: яны проста выканалі свае любімыя танцы, песні і вершы.
Дарэчы, галоўным падарункам да прафесійнага свята стаў канцэрт з  удзелам вядомых выканаўцаў раёна. Лепшым віншаваннем стала пастаноўка ад шоу-групы “Планета дзяцей”. Гледачы з задавальненнем падпявалі самадзейным артыстам.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть