Культура

СУСТРЭЧА ПРАЗ ПАЎВЕКА

“Куда уходит детство?» – спяваецца ў папулярнай песні. І кожны з нас ведае адказ: дзяцінства застаецца самым патаемным куточкам душы, пры ўспамінах аб якім па твары цякуць светлыя слёзы…

Прыкладна такія пачуцці выклікала доўгачаканая сустрэча сябровак, якія не бачыліся больш як 50 год. Аб шчаслівым бесклапотным часе нагадваў здымак, зроблены ў 1957-ым, з якога ўсміхаліся шасцёра дзяўчынак. За даўнасцю тэрміну з памяці сцерлася імя дачкі ваеннаслужачых, якая адлюстравана ў ніжнім левым кутку фота. Трое малышак засталіся ў родным горадзе, дзве – жывуць у іншых краінах. Усе яны маюць і агульныя ўспаміны аб гульнях на адным двары, і асобныя фрагменты, што ў кожнай – розныя. Урэшце, мяркуйце самі.

Лідзія Барысаўна КЛЯЎЦЭВІЧ, якая амаль 40 адпрацавала ў цэнтральнай бібліятэцы, адзначае:

– У раённай газеце з цікавасцю знаёмлюся з нататкамі Льва Коласава аб мінулым роднага Лунінца. Асабліва хвалююць успаміны аб жыхарах вуліцы Чырвоная, на якой прайшло маё дзяцінства. Праўда, у той час яе пачатак да перакрыжавання з 17-га Верасня меў іншую назву – Старасельская. Наша часовае жытло размяшчалася там, дзе пазней узвялі жылую “пяціпавярхоўку” пад цяперашнім нумарам №28. Хаця хутка бацькі пабудавалі ўласны дом на завулку Пралетарскі, бегала гуляць на агульны двор двух дамоў. У адным з іх жылі мае стрыечныя сёстры Вера і Ніна Кубліцкія. У другім было некалькі сем’яў. Мы сябравалі з аднагодкамі Аленай і Соней Эльпінер. За домам усе разам любілі выпякаць “піражкі” з пяску. А яшчэ заўсёды прыгадваю дарослых, якія праходзілі міма нас на вуліцы, гладзілі мяне па галаве і давалі кавалак мыла ці ласунак. Я прыносіла “здабычу” дамоў, чым вельмі здзіўляла маму. Потым высветлілася, што падарункі прадвызначаліся Алене, тата якой быў у заключэнні. У той час рэпрэсіі не былі выключэннем, таму звычайна сем’і вязняў падтрымлівалі іх знаёмыя. Мяне памылкова прымалі за сяброўку, таму што была такой жа чарнавокай і цемнакосай, як і яна.

“ЛН” паведамлялі ўжо аб лёсе Сандаміра Эльпінера, які ў 1939-ым загадваў друкарняй, выпускаў першы нумар раённай газеты “Авангард”. У 1940-ым ён быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, быў адзначаны баявымі ордэнамі і медалямі. Вярнуўшыся з фронту, даведаўся, што яго жонка, сын і ўсе родныя – вязні гета, знішчаны фашыстамі. Франтавіку прапанавалі пасаду загадчыка базы “Галоўнарыхтоўжывёла”. Другі шлюб узяў з Хасяй Гульман, ураджэнкай Луніна, якая выратавалася ў эвакуацыі, але таксама ў час акупацыі страціла сям’ю. Бацькоўскія дамы ў маладажонаў былі разбураны. Спачатку яны знайшлі прытулак у знаёмых, а потым перасяліліся да стрыечнага брата мужа. На гэтым двары і быў зроблены здымак. Фатографа запрасіла мама Алены і Соні, каб адлюстраваў імгненні лунінецкага жыцця перад выездам сям’і на гістарычную радзіму.

У новай краіне імя Алены стала Іляна, прозвішча ў замужжы – Сэла. Грамадзянка Ізраіля не здзіўляецца, што лунінчанкі захоўваюць фота. Менавіта гэтага здымка ў яе сямейным альбоме няма, але ёсць іншыя ў той жа кампаніі дзяўчынак.

Малодшая за астатніх Ніна Уладзіміраўна КАЗЛОЎСКАЯ мала што памятае з 4-гадовага ўзросту, а вось ветэран гандлю Вера Уладзіміраўна ЗАКАЦУРА пры сустрэчы ўсклікнула:

– Ну, выліты дзядзька Сямён! Ты так падобная знешне на свайго тату, быццам адзін твар… Твае бацькі былі прыгожай парай. Мама – нібыта артыстка! Як бачу на тэлеэкране спявачку Анжаліку Варум, адразу ўспамінаю цёцю Хасю. Цяпер смешна прыгадваць, але яе прыходу дамоў мы чакалі больш, чым сваіх мам. Яна працавала бухгалтарам на чыгуначным вакзале і заўсёды прыносіла нам з буфета смачныя духмяныя булачкі.

Іляна пацвярджае, што і ў сям’і яе лічылі падобнай на бацьку. Рысы мамы-прыгажуні пераняла сястра Соня. Па мужу яна мае вельмі беларускае прозвішча – Якубовіч, жыве ў ЗША.

Прывітаннем з мінулага становіцца прозвішча Эльпінер у краязнаўчым музеі, дзе прадстаўлены фотаздымкі і Шломы, і Алены – адной з лепшых вучаніц 2-га класа чыгуначнай СШ №5 г. Лунінца, а таксама яе школьны белы фартух. Уражвае, што жанчына на розных месцах жыхарства зберагла дарагую сэрцу рэч, вырабленую рукамі мамы, а цяпер перадала артэфакт на вечнае захоўванне. 20 год таму шлях з Ізраіля ў Лунінец праклаў яе бацька, да якога дочкі ўпершыню далучыліся ў 1998-ым. Сёлета Іляна наведала Беларусь разам з сынамі, паказала ім Хатынь і лінію Сталіна, разам прачыталі памінальную малітву “кадзіш” на магілах продкаў у Лунінцы і Луніне. Сустрэча госці з сяброўкамі дзяцінства стала вядомым сведчаннем: калі шануеш гістарычныя карані сам – памятаюць і цябе…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть