Творчы вечар Андрэя Мазько прайшоў у ГДК
Аўтар літаральна заваражыў прысутных мілагучнай беларускай мовай, на якой вёў гутарку. А яшчэ ён здзіўляў вострым гумарам і прыгожымі вершамі.
Неяк адразу наладзілася атмасфера даверу і цяпла. Некалькі старонак біяграфіі паказалі, што лёс творцы быў няпростым. Ён нарадзіўся ў вёсцы, ведае асновы нялёгкіх сялянскіх спраў, дзякуючы якім выжывалі нашы продкі ў пасляваенны час. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў яго вершах. Матуля была даяркай, таму хлопчык нават ведаў мянушкі ўсіх кароў з яе групы. Шмат іншых цікавых і гумарыстычных гісторый з маленства і юнацтва памятае дагэтуль.
З усмешкай Андрэй Іванавіч згадаў школьныя будні, калі замест сачыненняў складваў вершаваныя творы. Яшчэ тады ён умеў убачыць незвычайнае ў звычайным, выказваў гэта проста і зразумела. Шмат пісаў аб прыгажосці палескага краю. Таксама з дапамогай рыфмаваных радкоў ён выступіў на апошнім званку свайго сына, калі прадставіў верш-пажаданне.
Здавалася б, творчы юнак павінен быў выбраць жыццёвую дарогу, звязаную з гуманітарнымі навукамі. Але ж не, ён стаў інжынерам-механікам. І не радавым, а паступова ўзняўся да кіруючых пасад, заняўся сферай эканомікі. Менавіта дзякуючы гэтаму, з Андрэем Іванавічам пазнаёміліся лунінчане, калі яго накіравалі на работу ў райвыканкам. І палюбілі за правільную жыццёвую пазіцыю, за ўменне выслухаць, зразумець і жаданне кожнаму дапамагчы. Гэта атрымлівалася, бо ён працаваў для людзей.
Фотаздымкі з сямейнага архіва паказалі, колькі было ў лёсе паэта цікавых паездак і сустрэч. Пра кожную з іх расказваў так натхнёна, быццам гэта адбывалася ўчора. Як любячы бацька, ён з гонарам паведаміў, што кожны з траіх дзяцей закончылі школу з залатымі медалямі. А на пытанне, як трэба выхоўваць нашчадкаў, адказаў, што варта ім давяраць, імкнуцца зразумець.
Прысутных цікавіла, які верш аўтар лічыць любімым. Асаблівыя радкі, што кранаюць за жывое, у яго ёсць, але належаць яны Уладзіміру Караткевічу пад назвай “Дзе мой край?”. Друкаваны аркуш з дарагім сэрцу тэкстам Андрэй Іванавіч заўсёды носіць з сабой.
Вучні лунінецкіх школ і мясцовыя паэты з натхненнем чыталі творы Андрэя Мазько. Кожны выбіраў той з іх, які бліжэй для душы. Музыканты выконвалі прыгожыя кампазіцыі, напісаныя на яго вершы. Сустрэча зацягнулася больш як на тры гадзіны, але ніхто не хацеў разыходзіцца. А калі Андрэй Іванавіч узяў у рукі гітару, зал літаральна ўзарваўся апладысментамі. Усе слухалі ўважліва, прасілі спець яшчэ.
Сам аўтар на развітанне шчыра прызнаўся, што ў гэты вечар разам з аднадумцамі паспеў добра адпачыць душой. Падзякаваў за цёплую сустрэчу, за любоў да яго творчасці, кожнаму пажадаў радасці і натхнення.
На здымку: літаратурная сябрына Лунінеччыны, Андрэй Мазько – у цэнтры.
Андрэй МАЗЬКО.
СЫНУ
Не адракайся ад свайго,
Не прымярай чужога,
Май сябра, хоць бы аднаго –
Іх не бывае многа.
Не бойся з праўдаю ісці,
Няхай яна ніколі
На ўсім шляху, ва ўсім жыцці
Вачэй табе не коле.
Перад начальствам не шапкуй,
Хоць з ім і не раўняйся,
Бяду чужую не смакуй –
Сваёй асцерагайся.
Убогаму дапамажы
І пажадай удачы,
Свой гонар годна беражы,
Але ж умей прабачыць.
Слабейшага не зневажай,
Не набівайся ў суддзі,
Чужую старасць паважай –
Свая лягчэйшай будзе.
Паклёп да сэрца не прымай,
А голас чуй прарочы,
Часцей угору падымай
Не толькі нос – і вочы.
Не прагні чарку асушыць
Абы з кім і без меры,
А давядзецца саграшыць,
Дык каб не страціў меры.
Язык да часу прыкусі,
Каб слухаць, ведаць, бачыць,
Вучыся дабрыні ва ўсіх,
Але ж умей даць здачы.
Не вінаваты – не дрыжы,
Калі пужаюць карай,
Працуеш, дык ірві гужы,
Гані ляноту ў карак.
Лісліваму не давярай
І не вадзіся з хлусам,
Любі, шануй свой родны край,
Каб звацца беларусам!
ХХХ
Мы на детей не научились злиться,
Прощали и прощаем их всегда,
Хоть поняли, что старят наши лица
Сначала дети, а потом года…
У каждого из них – своя дорога,
А мы все реже среди их забот,
Как на цепи у своего порога,
Пока нас жизнь не выбросит за борт.
Любовь детей уходит вместе с детством, –
Подумаешь, да им не скажешь вслух,
Они нам были целью. Мы им – средством.
Нас ждет судьба послушных, верных слуг.
Да кажется, оплачены все муки!
Душа воскресла, возродилась вновь.
Не дали ей замерзнуть наши внуки –
Надежда наша, вера и любовь…
ДОБРЫЯ СЛОВЫ КАЖЫЦЕ
Добрыя словы кажыце –
Век чалавека кароткі,
Людзі, людзей беражыце,
Будуць па кожным угодкі…
Добрых надзей не губляйце –
Сілы падвояцца верай,
Просіць убогі – падайце,
Вернецца большаю мерай.
Добрыя справы рабіце,
Шчодрымі станьце душою,
Людзі, людзей не губіце,
Зайздрасцю, злосцю, маною.
Верце: мінуцца нягоды,
Свет падабрэе. Так будзе!
Толькі жывіце заўсёды
Добрымі добрыя людзі.