Культура

СВАЯКІ

Называю так беларускую вёску і ўкраінскі горад
З роўнай шашы ад райцэнтра паварот направа – пачынаецца дарога да Багданаўкі. Дабіраючыся да вёскі, 15 кіламетраў любуемся прыгожымі высокімі дрэвамі. Лясныя вароты паселішча… Неўзабаве яны разыходзяцца ў два бакі, нібыта гаворачы: шчыра запрашаем у вёску! Здалёк яна нагадвае раскрытую кнігу, дзе вуліцы – радкі, дамы – літары. Якое цікавае гэта выданне, варта пачытаць!
Першая старонка кнігі расказвае пра паходжанне назвы нашай вёскі. Калі заваёўнікі іншай веры ўзмоцнілі прыгнёт карэннага насельніцтва, украінскі народ узняўся супраць прыгнятальнікаў. Нацыянальную барацьбу ўзначаліў Багдан Хмяльніцкі. Гетман справядліва лічыў, што ў вызваленчай барацьбе яму дапамогуць браты па веры з Беларусі. Ён накіраваў сюды сваіх паплечнікаў, якія пачалі ствараць дружыны і войскі. Адзін з атрадаў спыніўся каля Пінска. Убачыўшы непраходныя балоты і лясы, вырашылі, што гэтыя мясціны будуць надзейнай абаронай ад ворага. У глыбіні лесу ваяры асушылі ўчастак зямлі, высеклі частку дрэў, з якіх пабудавалі жыллё. Замацаваўшыся, людзі паступова пачалі заводзіць сем’і, якіх лічым продкамі цяперашніх жыхароў. І далі паселішчу імя свайго гетмана. Ад Багдана ўтварылася Багданаўка.
Нашу блізкасць з украінцамі пацвярджае і мясцовая гаворка, якая вельмі падобна на ўкраінскую мову. Таму нам вельмі лёгка разумець адзін аднаго з грамадзянамі суседняй дзяржавы, калі ездзім за пакупкамі ў той жа Хмяльніцк. Гэта назва ўшанавала прозвішча легендарнага гетмана. Значыць, украінскі горад і беларуская вёска – брат і сястра.
Жыхароў Багданаўкі па-ранейшаму поіць, корміць і апранае лес. Калі на вытворчасці затрымліваецца зарплата, вяскоўцы не вельмі хвалююцца: лес пад вокнамі, толькі не лянуйся. Чарніцы, брусніцы, бярозавыя венікі, багульнік, шмат розных іншых ягад і траў. Ды і проста адпачынак у лесе – найвялікшая асалода! 
Святлана КАВАЛЕВІЧ, студэнтка Лідскага педагагічнага каледжа.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть