Свята ўсенароднага значэння
Культура

Свята ўсенароднага значэння

учителяМенавіта такую ацэнку даў Дню настаўніка старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, які вітаў педагогаў на ўрачыстасці, што прайшла ў зале Дома культуры напрыканцы мінулага  тыдня.

Звяртаючыся да тых, хто прысвяціў сябе высакароднай справе выхавання падрастаючага пакалення, Васіль Міхайлавіч зазначыў, што ў іх руках – будучае нашай краіны. Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы лепшым прадстаўнікам сферы адукацыі раёна. Такую ж місію ад імя райсавета выканаў і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч, адрасаваўшы настаўніцтву цёплыя віншавальныя словы і пажаданне дабра, цярплівасці і здароўя.

учителя2Начальнік раённага аддзела адукацыі Іван Раковіч удзячныя словы за старанную працу таксама падмацаваў Граматамі, якія атрымалі шэраг педагогаў раёна. Прачулыя віншавальныя радкі настаўніцтву ў выглядзе верша мясцовай паэткі Галіны Гаргун агучыла на свяце галоўны рэдактар Таццяна Вайцяхоўская.

Актывістаў прафсаюзнага руху адзначыла старшыня галіновага райкама Нэлі Рафаловіч, а лідар “Белай Русі” Людміла Казадаева разам з віншаваннямі і цёплымі пажаданнямі ўручыла падарунак прадстаўнікам пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання СШ №1 г. Мікашэвічы і Палескай школе.

Вельмі цёплай ноткай стала ўшанаванне сёлетніх педагогаў-юбіляраў. Кветкі і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, сардэчныя словы з вуснаў начальніка аддзела адукацыі выклікалі ў людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё школе, светлыя ўсмешкі. На гожай беларускай мове звярнулася ад імя педагогаў-ветэранаў метадыст раа Галіна Цяльпук. Галіна Аляксандраўна падзякавала за ўвагу і выказала спадзяванне, што вопыт і мудрасць настаўнікаў старэйшага пакалення яшчэ будуць запатрабаваны школай.

учителя1Музычныя нумары, якія суправаджалі ўрачыстасць, сведчылі пра талент і педагогаў, і іх вучняў. Нязменнае захапленне выклікалі юныя выхаванцы Святланы Галка і Валянціны Бадак з танцавальных гуртоў “Мірыданс” і “Абіссаль”. Зачароўвалі вакальныя дадзеныя ўдзельнікаў ансамбля “Залатое птушаня”.  Прыемным сюрпрызам стала выступленне на свяце Святланы Анішчанка – былой выхаванкі Галіны Гімбатавай. Дзяўчына ўжо здолела ўпэўнена заявіць пра сябе на сталічным музычным алімпе, у чым пераканала, па-майстэрску выканаўшы некалькі песень.

Зразумелым было хваляванне Святланы Філонік і Аляксандра Крышталя: перад калегамі хацелася прадэманстраваць талент вядучых як мага больш ярка. І з гэтым Святлана і Аляксандр справіліся, як заўсёды, выдатна.

Меркавалася, што зала будзе паўнюткай, але сям-там можна было заўважыць вольныя месцы. Застаецца толькі пашкадаваць, што тыя, хто праігнараваў такое добрае свята, насамрэч страцілі магчымасць атрымаць сапраўдную асалоду ад цеплыні і сардэчнасці, якімі яно было напоўнена.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть