Культура

Свята, упрыгожанае першым снегам

восень_12Прырода нібы чакала, калі ўся Берасцейшчына збярэцца на свята. Каб упрыгожыць наваколле, яго крышачку прыцерушыла бялюткім пушыстым снегам, надаўшы цудоўнаму літаратурнаму фестывалю асаблівую ўрачыстасць і чысціню.

восень_9Вясковая школа ў Луніне ў 11-ты раз сустрэла гасцей, якія шчыра любяць Радзіму і прыгожую беларускую мову, і дзякуючы гэтаму ствараюць таленавітыя творы, якімі ўслаўляюць наваколле і раскрываюць самыя таемныя куточкі душы.

восень_11Першы прыпынак — ля ўваходу, дзе мемарыяльная дошка ўшаноўвае памяць натхняльніка і заснавальніка літаратурнага свята Міколы Елянеўскага. Чырвоныя гваздзікі, таксама лёгенька пакрытыя першым снегам, здаецца, гараць полымем сэрцаў тых, хто ўзыйшоў на прыступкі, каб аддаць даніну павагі земляку.

Да свята арганізатары ператварылі школу ў цудоўны палац, дзе ўладарыць Восень. Сапраўдная, залатая, любімая творцамі, яна заўсёды натхняе паэтаў і празаікаў з новымі сіламі ўзяцца за пяро, каб здзівіць нечым незвычайным. Кляновае лісце шапаціць пад нагамі, з яго ж зроблены арыгінальныя жалюзі, упрыгожай асенняй панараме аформлены фотаздымкі. Алея на калідоры дорыць цудоўныя ўспаміны пра мінулыя сустрэчы. Здзіўляюць выставы рамёстваў з гліны, дрэва, керамікі. Знайшлося месца старадаўнім прыладам працы, вышыванкам, разнастайным экспанатам.

У куточку размясцілася сялянская хатка, невялікімі памерамі нагадваючы сціплы побыт нашых продкаў. Але тут раскрылася сапраўдная гасціннасць палескай душы, якой заўсёды славіліся дзяды і прадзеды. Стравы з беларускай кухні на хвілінку многіх вярнулі ў маленства, бо дзе яшчэ, як не ў бабулінай печы, гатаваліся такія духмяныя дранікі і аладкі, хто паспытаў у сваім жыцці смачнейшыя каўбасы і паляндвічкі ды хрумсткія агурочкі? А паўзабытая “медавуха”, якая таксама мае прысмак даўніны і гісторыі роднага краю?

восень_8У актавай зале ладзіліся паэтычныя чытанні. Павіншаваў удзельнікаў літаратурнага свята намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, а першы сакратар праўлення ГА Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў уручыў узнагароду дырэктару Лунінскай СШ Сяргею Кураку. Яшчэ ён расказаў, як летам падарожнічаў на плытах па рэках Палесся і дагэтуль застаўся пад уплывам ад убачанага:

Тваіх крыніц гаючых выпіць
Не здолеў час крутых вятроў.
Мая любоў і лёс мой — Прыпяць.
Калыска песень і дубоў…

восень_10Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч сваё выступление пачаў са слоў: “Як прыемна слухаць дзіцячы галасочак на роднай мове…”. У такім трапяткім выказванні раскрылася ўся шчырасць любові да Берасцейшчыны. Далей сваімі ўражаннямі ад фестывалю падзялілася дэкан філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржуніверсітэта Вольга Фелькіна. Пінскі паэт Анатоль Шушко, які наведвае свята штогадова, адразу прадэкламаваў: “Мае дарагія луняне! Лунаю і я разам з вамі…” — радкі, якімі абяцаў сустрэцца з гаспадарамі сёлета. Яго зямлячка Марыя Ляшук запэўніла прысутных: “Пакуль жыве душа і пішуцца новыя творы — усё будзе добра ў нашым грамадстве. Але пажадана, каб мы, літаратары, былі больш запатрабаванымі”.

Паэт Казімір Камейша, лаўрэат прэміі ў галіне літаратуры, зноў нагадаў, што восень для творчых людзей — самая значная пара. Сімвалічна, што і вынікі паўсядзённых спраў нашы продкі падводзілі менавіта ў гэты час і пасля заканчэння абавязкова ладзілі святы. Не стрымаўшыся ад уражанняў, прачытаў цудоўныя радкі:

«Айчына! Васільковымі вачыма
Ты глянула здалёку, з даўніны,
Як белы твар каханае жанчыны,
Як белы камень замкавай сцяны…”.

Усе выступленні суправаджаліся музычнымі і танцавальнымі нумарамі калектываў “Сунічка”, “Залатое птушаня”, дзяліліся сваёй творчасцю і гаспадары сцэны.

“Няхай будзе лёгкай дарога і цёплым — успамін!” — пажадалі ў Лунінскай школе гасцям на развітанне, калі яны накіраваліся ў Лунінец, каб у зале ГДК уручыць узнагароды пераможцам.

восень_3Прэмію імя У.А. Калесніка з рук намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка атрымалі паэт Анатоль Шушко і празаік Анатоль Брытун. Сумна, што пісьменнік Уладзімір Сітуха ўзнагароджаны пасмяротна. Кранаючымі словамі ўспомніла пра таленавітага берасцейца яго дачка, яшчэ раз нагадаўшы пра далікатнасць жыцця і той невялікі адрэзак часу, які нам адмераны Богам, дзе кожны павінен паспець сказаць пра галоўнае… Пацвярджэннем таму прагучалі радкі Генадзя Пашкова:

«Небагата адпушчана жыць,
Ды кажу, паўтараю бясконца:
Мы прыйшлі на зямлю, каб любіць
І рассыпацца кроплямі сонца…”

Далей Леанід Аляксандравіч сказаў: “Незаўважна мінае час, і як добра, што імкненне да дабрабыту не засціць нам свет духоўны. Што на пісьменніцкім небасхіле запальваюцца новыя зоркі”. I яны ўзышлі на сцэну — пераможцы абласнога літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і юнацтва, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта Яўгенія Пракапчук, Ганна Жук, Алёна Папко, Максім Савіцкі, Алег Краўчук і Святлана Шушко. А падвядзенне вынікаў арганізатарам далося няпроста: даслана вялікая колькасць цудоўных твораў, што сведчыць аб галоўным — моладзь у нас старанная і таленавітая. Няхай заахвочвальныя дыпломы натхняюць на новыя перамогі Анастасію Тарановіч і Маргарыту Крыжаноўскую, Анастасію Хайко і Крысціну Вярэніч, Вікторыю Дзямковіч і Ягора Фадзеева.

Ад выдавецкага дома “Звязда” галоўныя рэдактары часопісаў “Полымя” і “Маладосць” Алесь Бадак і Святлана Дзянісава ўручылі падарункі паэтам і празаікам, лепшыя творы якіх убачылі свет на старонках выданняў. Дацэнт Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна Уладзімір Сенькавец адзначыў, што фестываль з кожным годам пашыраецца і набывае большую вядомасць.

Не пакідаюць абыякавымі творчых людзей і падзеі палітычнага жыцця. Пра трагічнасць сітуацыі ў суседняй Украіне расказала ў сваім вершы паэтка з Піншчыны Марыя Кабец, дзе ёсць такі радок: “Халодзіць кроў няўцямная вайна…”. Калі ж лунінчанка Ірына Ханцэвіч выйшла на сцэну з песняй “Васільковае неба”, гонар за мір і спакой на нашай радзіме адбіўся на тварах усіх удзельнікаў літаратурнага свята.

І адгукнуліся скрыпкі ўзорнага камернага аркестра “Канцэрціна”, каб велічныя гукі праніклі ў сэрцы творцаў, каб ажывала прага да прыгожага… Далей гучала мелодыя “Палескага вальса”. Яшчэ многія артысты ў гэты дзень радавалі гасцей сваімі выступленнямі. На заканчэнне народны ансамбль “Вандроўнікі” выканаў песню “Жывая вада”. Было асабіста прыемна, што за аснову яе ўзяты радкі з майго верша:

«Я сумую па роднай глыбінцы,
Калі раптам паеду куды,
Ды сталічныя нават гасцінцы,
Мне нішто без палескай вады…”

восень_1восень_7восень_5восень_2

Марыя ЯРАХОВІЧ
Фота Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть