Талент застаецца ў сэрцы
Культура

Талент застаецца ў сэрцы

кисловУ 1990-ыя гады залу чакання на чыгуначным вакзале ў Лунінцы ўпрыгожылі карціны мясцовага мастака. Яны прыцягвалі ўвагу сваёй разнастайнасцю і каларытам. Пераклікаліся матывы народнасці з павевамі новага часу, які толькі-толькі пачынаў уваходзіць ва ўсведамленне людзей. Мінула некалькі год і залу аздобілі новыя работы, прымусіўшы выдатныя памкненні вясковага ўмельца застацца толькі ў памяці. Але гэта быў не адзіны выпадак, калі малюнкі Мікалая КІСЛОВА недаравальна губляліся пад лавінай часу, пакідаючы толькі шкадаванне ад страчанага…
Некалі даўно хлапчук Коля з Мсціслаўскага раёна Магілёўшчыны віртуозна выводзіў на паперы выявы раслін і жывёл, здзіўляючы сваіх равеснікаў. Прыродны талент перапаўняў маладое сэрца, ён імкнуўся да новых дасягненняў. Мара стварыць нешта асаблівае не давала спакою, жыццё здавалася цудоўнай часцінкай сусвету.
Неўзабаве лёс закінуў юнака ў Пінск, дзе ён вучыўся ў тэхнікуме. Тут сустрэў дзяўчыну Ліду з Краснай Волі і пакарыў яе сэрца.
Так на Лунінеччыне апынуўся юнак, які вельмі ўдала сябраваў з фарбамі. Да яго часта звярталіся з просьбай дапамагчы аформіць насценгазету ці «чырвоны куток». Аловак у руках выпісваў такія вытанчаныя ўзоры, што людзі, далёкія ад малявання і графікі, заміралі ад здзіўлення.
Асаблівыя здольнасці недаравальна было хаваць ад вялікай аўдыторыі. Мікалай скончыў Віцебскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці маляванне і чарчэнне, дыпломнай работай стаў трыпціх “Лунінец”. Вялікую графічную работу строгія экзаменатары ацанілі на самыя высокія балы. Хлопец імкнуўся паказаць сваю творчасць на выставах маладых мастакоў у Брэсце і Мінску. Часам гучала крытыка, ды найбольш чуліся самыя станоўчыя водгукі.
Але паўсядзённасць зноў вяртала назад. Яны жылі, як усе. Стварылі сям’ю, пасяліліся ў Вульцы 2. Ліда пайшла працаваць у жывёлагадоўлю, Мікалай настаўнічаў у школе. Нарадзілася трое дзяцей. Сын Віталь з маленства меў сур’ёзныя праблемы са здароўем. Мянялі клімат, вазілі на аздараўленне ў замежжа, але вылечыць было немагчыма. Дзяўчынкі Валянціна і Вольга раслі, радуючы бацькоў сваёй непасрэднасцю. Паслухмяныя, старанныя, з імі ніколі не было лішніх клопатаў.
Мікалай меў свой погляд на палітыку, які не заўсёды супадаў з ідэалогіяй савецкага часу. А варта было выказаць “непатрэбныя” меркаванні ў кругу адказных асоб, і самабытны мастак надоўга заставаўся пад падазрэннем. Адносіны станавіліся напружанымі, дзверы ў дзяржаўныя кабінеты не адчыняліся. Адбівалася ўсё гэта на выдатных бяскрыўдных малюнках, якіх пазбавілі будучыні. Стаміўшыся ад бюракратыі, Мікалай па-кінуў школу, шукаў сябе ў іншых сферах. Але талент ніколі асабліва не падтрымліваўся на высокім узроўні.
– Творчасць нельга заціскаць у рамкі, – кажа Мікалай Міхайлавіч. – Гэта як скачок з парашутам: ніколі не ведаеш, якім будзе прызямленне.
Калі пачаўся час перабудовы, ён заняўся разьбой па дрэве. Ствараў рамкі, шыльды, лаўкі. Самаробныя жывёлы здзіўлялі падабенствам з жывымі. Папрасілі дэкаратыўную альтанку з накладнымі ўзорамі – калі ласка, усё атрымалася. Але заказаў было мала, і паставіць вытворчасць на паток заставалася немагчымым.
Надоўга запомнілася незвычайная карціна творцы ў СДК Вулькі 2. Тут часта праводзіліся рэгістрацыі шлюбаў, і маладых перад адказным крокам у жыцці сустракала прыгожая выява з вясельных атрыбутаў, намаляваная на сцяне. Але пасля рамонту аўтарская работа засталася пад слоем новай фарбы…
Хутка дзеці выраслі. Нарадзілася ўнучка Альбіна, якой зараз 12. Толькі другі год ідзе маленькаму ўнучку Анджэю, усеагульнаму любімцу ў сям’і. Незагойнай застаецца рана ад страты сына. Віталь памёр 3 гады таму, так і не пераадолеўшы сваю хваробу. Не змог стварыць сям’ю, але імкнуўся жыць насычана і актыўна. Любіў іграць на баяне. Тая музыка, здаецца, і зараз гучыць у хаце, але цяпер з адбіткам болю і суму. Юнак вельмі хацеў жыць, мець звычайныя клопаты пра блізкіх, працаваць, але…
Ад такіх успамінаў Лідзія Адамаўна і Мікалай Міхайлавіч апускаюць вочы і надоўга змаўкаюць. Не рашаюся трывожыць пачуцці бацькоў і іду разглядваць творчасць мастака на сценах іх дома. Тут работы розных гадоў, адпавядаючыя настрою ўмельца. Вырабы з дрэва, карціны маслам, графіка. Пейзажы, партрэты, нацюрморты. Выява іконы – на самым пачэсным месцы. У другім пакоі – дзяўчынка ў нацыянальным убранні сярод прыгажосці беларускіх краявідаў. Сохнуць пад лакам новыя лаўкі, толькі што выпушчаныя з-пад пілы майстра. Насычаны колер і зручны дызайн робяць іх незаменнымі на любой кухні.
Не менш старанная і гаспадыня. Ні адзін метр прысядзібнага ўчастка тут не пустуе. Высока ўзнімаюцца парасончыкі кропу, пасаджаныя паміж дагледжаных градак з бульбай і агароднінай. Пачуўся смех Анджэя, і твары дзеда з бабуляй засвяціліся замілаванасцю. Так пабудаваны свет, што гора і радасць заўсёды ходзяць побач. Каб не закранаць набалелае, пацікавілася, якія прыемныя падзеі чакаюцца ў іх сям’і.
– У верасні 40 год спаўняецца, як мы разам, – хорам адказалі будучыя юбіляры. – А 65-годдзе гаспадара ўжо нядаўна адзначылі.
Узрост унёс свае адбіткі і ў мастацтва. Зараз хочацца больш тварыць для ўнукаў. Ды і жывуць старэйшыя Кісловы найбольш дзеля іх. У кожным пакоі нешта створана рукамі дзеда. Усё асаблівае, адпавядае настрою і адчуванням.
Кожны чалавек таленавіты па-свойму. Шкада, што мастацкія здольнасці Мікалая не змаглі раскрыцца для шырокай публікі і вырабы вясковага майстра не выстаўляліся ў вялікай карцін-най галерэі. Але вельмі радуе, што такі старанны наш беларускі народ, столькі цудоўных вырабаў застанецца ў спадчыну нашчадкам. Амаль кожная вёска мае сваіх умельцаў, якія заслугоўваюць годнага прызнання сучаснікаў. Хочацца верыць, што новыя пакаленні некалі зацікавяцца і не пакінуць без увагі прыгожыя работы Мікалая Кіслова, каб самабытная спадчына не засталася незаўважанай.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть