Там нашы сэрцы, дзе родны дом
Культура

Там нашы сэрцы, дзе родны дом

редегировоСвята вёскі ў Рэдзігерава чакалі з нецярпеннем. Напярэдадні мясцовыя аматары спорту праз інтэрнэт аб’явілі аб валейбольным турніры. Адгукнуліся каманды з Мікашэвіч, Луніна і Любані (Гневань). Гульні меркавалі правесці з самага ранку на самастойна абсталяваным стадыёне ў Флярова. Аднак густы дождж, які не спыняўся ні на хвіліну, сарваў планы. Насустрач валейбалістам пайшоў дырэктар Рэдзігераўскай СШ, які дазволіў правесці турнір у спартыўнай зале. У святочны дзень гаспадары пляцоўкі сваю родную вёскі не падвялі. Заваяваны імі пераможны кубак стаў хоць і маленькім, але прыемным падарункам землякам. Дажджлівае надвор’е надало хвалявання і арганізатарам свята. Каб не пакінуць дзяцей без доўгачаканых забаў – надзіманай горкі і батута, салодкай ваты і папкорна, для іх размяшчэння знайшлі месца ў прасторнай танцавальнай зале і фае мясцовага Дома культуры. На парозе клуба, куды не трапляў дождж, наладзілі гандаль шашлыкамі, піражкамі і салодкімі прысмакамі, са спіртнога прапаноўвалі толькі піва. Напачатку здавалася, што народ збіраецца вельмі марудна і мерапрыемства акажацца на мяжы зрыву. Аднак непагадзь толькі запаволіла рух, а з першымі музычнымі акордамі наогул адышла на другі план. У актавай зале стала цёпла і ўтульна ад слоў вядучых, якія з любоўю ўсхвалялі сваю родную вёску і людзей, што тут пражываюць, клапоцяцца пра дабрабыт і прыгажосць краю. Успомнілі былых кі-раўнікоў сельвыканкамаў і далі слова сённяшняму старшыні Валерыю Лусевічу. Ён расказаў, што на тэрыторыі сельсавета пражываюць 1300 жыхароў, з іх 635 працаздольнае насельніцтва. Дэмаграфічная абстаноўка ста-більная: з пачатку года 8 жыхароў памерла, столькі ж нарадзілася. Што датычыць добраўпарадкавання, то, на жаль, у вёсках Манасеева і Чэрабасава не знайшлося ні аднаго падворка, які можна было б адзначыць. Затое прыгожых, патанаючых у кветках двароў шмат у Рэдзігерава і Флярова. У апошняй вёсцы пражывае вельмі актыўная моладзь, якая любіць і паважае спорт. Наступнае свята абавязкова будзе ладзіцца на абсталяваным імі стадыёне. На тэрыторыі сельсавета размешчана адно сельгас-прадпрыемства – былы калгас “Запаветы Ільіча” , а цяпер СП “Рэдзігерава-Агра”, які дае работу значнай частцы жыхароў. На працягу 26 год ім кіраваў Віктар Кандратавіч Краўчанка. Нягледзячы на праблемы са здароўем, сваёй прысутнасцю на свяце і шчырым вітаннем прысутных са сцэны ён даказаў, што справы землякоў яму неабыякавы, ён па-ранейшаму застаецца ў курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў іх жыцці. Павіншаваў прысутных са святам і з заканчэннем жніва і сённяшні кіраўнік сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Малевіч. Пры сярэдняй ура-джайнасці 35,3 цэнтнера з гектара хлебаробы гаспадаркі намалацілі 3800 тон зерня. Значыць, не толькі працаўнікі, але і кожны з пенсіянераў атрымае па 100 кілаграмаў збожжа. Само ж ушаноўванне хлебаробаў будзе прымеркавана да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, а зараз 25 удзельнікаў жніва атрымаюць сімвалічныя прэміі. Звярнуўся да жыхароў і настаяцель мясцовага храма, які будуецца ў Рэдзігерава. Айцец Аляксандр падзякаваў тым, хто ўжо аказаў пасільную дапамогу ва ўзвядзенні царквы і папрасіў па магчымасці ахвяраваць сродкі на ўладкаванне даху і купала. Далейшы сцэнарый аказаўся крыху нечаканым. Пасля таго, як назвалі доўгажыхара вёскі, для ўручэння дыпломаў і падарункаў запрасілі да сцэны найбольш актыўных чытачоў бібліятэкі. Адзначылі таксама чалавека самай актыўнай жыццёвай пазіцыі. Ім стаў майстар-будаўнік сельгаспарадпрыемства Анатоль Цапук. Падарунак за ўзорнае навядзенне парадку на сядзібе атрымала Таццяна Бунь. Паставіць свае подпісы пад памятным ганаровым пасведчаннем аб шлюбе паклікалі залатых юбіляраў Аляксандра і Марыю Саўчукоў… Афіцыйная частка суправаджалася песнямі і прыпеўкамі, якія плаўна перайшлі ў канцэрт, што з задорам дарылі вяскоўцам мясцовыя самадзейныя артысты, іх калегі з Сінкевіч і арганізаванага пры ГДК аўтаклуба. А ў суседняй зале на працягу ўсяго гэтага часу цешылася дзетвара…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть