То кнігаўкай заплача, то салаўём зальецца
Культура

То кнігаўкай заплача, то салаўём зальецца

паутинкаМаўкліва і асірацела выглядае цяпер асенні сад. Апалі долу яшчэ нядаўна зялёныя, а цяпер жоўтыя і пачарнелыя лісточкі з груш ды вішань. Толькі познія сарты яблынь, быццам не жадаючы развітвацца з летнімі цёплымі дзянькамі, яшчэ трымаюць сям-там рэдкую лістоту, ды чырвоныя, налітыя сокам яблыкі, радуюць вока, пабліскваюць на сонейку.
Асеннюю раніцу можа парушыць хіба што сойка. З крыкам носіцца яна ад аднаго дрэва да другога. Ды так бывае закрычыць, што ажно на душы робіцца неспакойна. А тут і вераб’і, пераначаваўшы ў шпакоўнях і пад стрэхамі гаспадарчых пабудоў, высыпаюць на градкі, шукаючы сабе сняданак.
Крыху пазней чародамі прылятаюць спрадвечныя спадарожнікі чалавечага жытла – сінічкі. Яны звонка «цінь-каюць» на падворку, заглядваюць пад кару старых дрэў, дастаючы адтуль шкоднікаў.
Ну, а калі ўжо сонейка падымецца вышэй, рассеецца туман над нізінамі лугоў ды заміраючай рэчкі, пацягнуцца да сваіх месцаў гнездавання шпакі. Спачатку нясмела сядзяць на электрычных правадах. Пасля, сарваўшыся з іх, завісаюць над сваімі домікамі. Ім так не хочацца пакідаць на доўгую зіму родныя мясціны. Цяпер іх песні не такія звонкія і галасістыя, як гэта бывае ранняй вясной. А сумныя, з жалобай развітання, паўтараюць голас іншых птушак – то кнігаўкай заплачуць, то салаўём зальюцца…
Танюсенькае спляценне павуціння яшчэ раз нагадвае нам, што лецейка скончылася і восень усё смялей набірае сваю сілу.
Рыгор ЖУК. в. Дзятлавічы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть